Карэ́йская Наро́дна-Дэмакраты́чная Рэспу́бліка, КНДР (), неафіцыйна часцей называюць Паўно́чнай Карэ́яй — дзяржава ва Усходняй Азіі ў паўночнай частцы Карэйскага паўвострава. Плошча 120 тыс. км². Мяжуе з Кітаем на поўначы, з Расіяй — на паўночным усходзе. На поўдні мяжуе з Рэспублікай Карэяй і аддзяляецца ад яе дэмілітарызаванай зонай. З захаду абмываецца водамі Жоўтага мора, з усходу — Японскім морам. Сталіца і найбуйнейшы горад — Пхеньян.
Рэльеф горны. Найвышэйшы пункт — вулкан Пэктусан. Кымгансан («алмазныя горы») вядомыя маляўнічымі краявідамі. Карысныя выкапні: вугаль, руды чорных і каляровых металаў. Клімат мусонны: умераны і субтрапічны. Рэкі невялікія, найбуйнейшая — Амнакан (Ялуцзян). Горныя раёны пакрытыя лясамі, што калісьці займалі дзве траціны тэрыторыі.
Са старажытнага часу на Карэйскім паўвостраве існавалі самастойныя дзяржавы, што адчувалі моцны кітайскі ўплыў. У 1895 Карэя патрапіла ў сферу інтарэсаў Японіі, у 1910—1945 была ў складзе Японскай імперыі. Вызвалены паўвостраў аказаўся падзеленым на дзве часткі, перамовы аб уз’яднанні зайшлі ў тупік. КНДР была ўтворана 9 верасня 1948 года з ініцыятывы марксісцкай Працоўнай партыі Карэі як народна-дэмакратычная дзяржава на тэрыторыі савецкай зоны прысутнасці. У 1950—1953 адбылася Карэйская вайна, што прынесла незлічоныя ахвяры ды замацавала раздзяленне Карэі на Паўночную і Паўднёвую па 38-й паралелі.
Адна з найбольш мілітарызаваных і закрытых ад знешняга свету дзяржаў. Афіцыйная ідэалогія КНДР, чучхэ — сумесь камунізму, карэйскага нацыяналізму і аўтаркіі. Сябе КНДР называе сацыялістычнай дзяржавай, што абапіраецца на ўласныя сілы. Вышэйшая ўлада афіцыйна належыць Дзяржаўнаму камітэту абароны на чале з Кім Чэн Ынам, які таксама займае пасады Вышэйшага кіраўніка і першага сакратара ЦК ППК. Дэмакратыя і свабодныя выбары адсутнічаюць, назіраецца культ асобы Кім Ір Сена і яго нашчадкаў ва ўрадзе. Унітарная дзяржава, падзяляецца на 9 правінцый, 2 гарады цэнтральнага падпарадкавання, тры спецыяльных рэгіёны. Паўночная Карэя (зрэшты, як і іх паўднёвыя антаганісты) лічыць сябе адзінай легітымнай уладай на ўсім паўвостраве.
Па колькасці насельніцтва (25 млн чал.) удвая меншая за Рэспубліку Карэю. Выключна монаэтнічная краіна. Дзяржаўная мова карэйская. Большасць насельніцтва атэісты, папулярныя будызм, нацыянальная рэлігія чхандагё, хрысціянства. Дзве траціны насельніцтва жыве ў гарадах, найбуйнейшыя з якіх — Пхеньян, Хамхын, Чханджын.
Эканоміка планавая, дзяржаўная, з перакосам у бок цяжкай, у тым ліку ваеннай, прамысловасці. Знешнія эканамічныя сувязі мінімальныя і заключаюцца хіба што ў экспарце адзення, морапрадуктаў, карысных выкапняў; атрыманні гуманітарнай дапамогі. Мае чацвёртае па памерах войска ў свеце (1,2 млн чалавек, або 4,8 % насельніцтва). Праводзіць выпрабаванні ядзернай зброі. Паўночная Карэя — член ААН (з 1991 года), Руху недалучэння (з 1975 года), Рэгіянальнага форуму АСЕАН, Групы 77.
Этымалогія Сучасная назва «Карэя» паходзіць ад назвы сярэдневяковай дзяржавы Каро, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца скарачэннем ад Кагуро — магутнай старажытнакарэйскай дзяржавы, што існавала ў першай палове першага тысячагоддзя н.э. і ў час праўлення Квангэтха Вялікага (391—413) кантралявала большую частку Карэйскага паўвострава і Манчжурыі.
Геаграфічнае становішча
КНДР займае паўночную частку Карэйскага паўвострава. Па рацэ Амнакан (кітайская назва Ялуцзян) мяжуе з Кітаем на поўначы. Самы паўночны ўчастак мяжы з Кітаем праходзіць па рацэ Туманган, на ніжняе цячэнне якой на паўночным усходзе прыпадае 17-кіламетравая мяжа з Расіяй. На поўдні мяжуе з Рэспублікай Карэя і аддзяляецца ад яе цяжкафартыфікаванай дэмілітарызаванай зонай. З захаду абмываецца водамі Жоўтага мора, з усходу — Усходне-Карэйскі залівам Японскага мора, якое ў Карэі вядома як Усходняе мора.
Прырода
Горы займаюць чатыры пятых тэрыторыі КНДР. Горы высокія і нізкія, раздзеленыя, як правіла, вузкімі і глыбокімі далінамі. Мараплаўцы даўніх часоў адзначалі, што праз сіметрычныя валы горных хрыбтоў карэйская зямля нагадвае ім мора ў вялікім хваляванні. Менавіта ў КНДР горы дасягаюць максімальных для Карэйскага паўвострава вышынь — у Паўднёвай Карэі няма гор вышэй за 2000 м. На поўначы краіны знаходзяцца Паўночная-Карэйскія горы з найвышэйшым пунктам усёй Карэі — гарой Пэктусан (або Пэкту, 2744 м) на мяжы з Кітаем. Патэнцыйна актыўны вулкан, свяшчэнная гара для абедзвюх Карэй, Пэктусан чароўным чынам уплецены і ў міфалогію Кімаў. Далей на поўдзень ляжаць Усходне-Карэйскія горы (Тхэбэк), што прасціраюцца да самага поўдня паўвострава. Але менавіта на КНДР прыпадае іх самая прыгожая частка — «алмазныя горы» Кымгансан, вядомыя маляўнічымі краявідамі. Раўнінныя ўчасткі займаюць каля 20 % краіны, пераважна на захадзе, па ўзбярэжжы Жоўтага мора. Нягледзячы на становішча ў складкаватым поясе, Паўночную Карэю амаль не закранаюць землятрусы, што хранічна назаляюць суседнім паўночна-ўсходняму Кітаю і Японіі.
Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жалезная руда, каляровыя металы (вальфрам, цынк, свінец, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт. Маюцца 124 прыродныя гарачыя крыніцы.
Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветраных мас, якія прыносяць ападкі. Тэмпература паветра ў студзені каля −11 °C, у ліпені каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на паўночным захадзе да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі.
Рэкі горныя, багатыя на гідраэнергію. Найбольшыя з іх: Тэданган, Туманган. Рака Амнанкан (кітайская назва Ялуцзян) дэмаркуе карэйска-кітайскую мяжу і з’яўляецца самай доўгай карэйскай рэчкай (790 км).
Калісьці лясы займалі тэрыторыю ў 9 млн гектараў. Пачынаючы з 1985 года, паводле дадзеных касмаздымкаў, Паўночная Карэя страціла 40 % лясоў. Сёння лясамі пакрытыя пераважна стромкія схілы гор. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. Дрэвы перавіты ліянамі, у падлеску шмат папарацей, бамбуку. З лекавых раслін найбольш вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет добра захаваўся ў гарах: водзяцца лісіцы, кабаны, гаралы, казулі, плямістыя алені, ізюбры, каланкі, часам можна сустрэць леапарда, рысь і белагрудага мядзведзя. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі. Створаны рэзерваты — Хвангпо, Янгам.
Гісторыя
Слядам чалавека на карэйскай зямлі каля паўмільёна гадоў. Самыя старыя ўзоры керамікі датуюцца 8000 гадамі да н.э. За прыблізна 2000 гадоў да нараджэння Хрыста адбыўся пераход да бронзы, за 700 гадоў — да жалеза. Згодна з сярэднявечным летапісам Самгук юса, у 2333 да н.э. ў паўночнай Карэі і Манчжурыі з’явілася дзяржава Качасон (Старажытны Часон), аднак большасць вучоных ставяцца да такой сівой даты скептычна. З прыходам захопнікаў з Кітая каля 1100 года да н.э. пачынаецца перыяд Часон Кіджа, таксама напаўміфічны. І толькі ў VII ст.да н.э. пачынаюцца задакументаваныя старонкі гісторыі Качасона. У III ст. на поўдні паўвострава паўстае незалежная дзяржава Чынгук. Блізу канца I ст. да н.э. Качасон трапляе пад уплыў ханьскага Кітая і знікае як дзяржава.
У 57 годзе да н.э. пачынаецца перыяд трох царстваў: Кагуро, Пэкчэ і Сіла. Культура ва ўсіх трох дзяржавах была агульнай. Пачынаючы з I стагоддзя н.э. сярод вышэйшых колаў карэйскага грамадства пачало распаўсюджвацца канфуцыянства, якое пазней было цалкам выцеснена будызмам. Падзенне Ханскай дынастыі на пачатку III стагоддзя пазбавіла тры карэйскія дзяржавы неабходнасці супрацьстаяць знешняй пагрозе. Кагуро, што першапачаткова ўзнікла на мяжы з Кітаем, паступова пашырыла свае ўладанні за кошт Маньчжурыі. Сталіцамі Кагуро ў розныя перыяды яе гісторыі былі Хвандо (цяпер Цзіянь на кітайскім беразе ракі Ялуцзян) і Пхеньян. У 676 Сіла падпарадкавала два астатніх каралеўствы, але надоўга гегемонам не стала: на беразе Жоўтага мора з’явілася дзяржава Бахай. Суіснаванне Бахаю і Сілы, што цягнулася да 926 года, атрымала назву «Перыяд Поўнач-Поўдзень».
У VIII стагоддзі Сіла распалася на тры дзяржавы, неўзабаве аб’яднаных Тхэджо Ван Гонам ў дзяржаву Каро. Бахай жа быў разбіты плямёнамі кіданяў, а яго ўладар уцёк у Каро, дзе быў не толькі надзіва цёпла сустрэты, але і парадніўся з правячай дынастыяй, што замацавала адзінства Карэі. У перыяд Каро былі кадыфікаваны законы, створана грамадзянскае права, квітнеў будызм. Мангольскія заваёўнікі ў 1231—1270 ажыццявілі 7 паходаў на Карэю і ўрэшце зрабілі Каро васалам юаньскага Кітая. З канцом мангольскага панавання ў Кітаі ў 1368 скончылася і залежнасць Карэі ад вялікага суседа, прынамсі, на некалькі стагоддзяў.
У 1392 генерал Лі Санге, што скінуў дынастыю Каро чатырма гадамі раней, заснаваў дынастыю Часон, якая правіла Карэяй да 1910-га. Пры каралі Сэджоне Вялікім (1418—1450) карэйская дзяржава дасягнула росквіту, былі праведзены адміністрацыйныя, сацыяльныя і эканамічныя рэформы, квітнелі культура і навука. Сам кароль распрацаваў карэйскую азбуку хангыль. Пасля двух стагоддзяў міру ў 1592—1637 гадах Карэя сутыкнулася з японскай экспансіяй, што была адбіта супольнымі карэйска-кітайскімі сіламі, а таксама з унутранай нестабільнасцю. З таго часу Часон стаў паглыбляцца ва ўсё большую самаізаляцыю і, натуральна, стагнацыю. У XIX стагоддзі, не здольная абараніць сябе, Карэя была вымушана падпісаць няроўныя дагаворы з еўрапейскімі дзяржавамі. У выніку Першай япона-кітайскай вайны 1894—1895 Кітай адмовіўся ад прэтэнзій на Карэйскі паўвостраў, у 1897 была абвешчана Карэйская імперыя.
Пасля Руска-японскай вайны ў 1905 годзе Карэйская імперыя стала пратэктаратам Японіі, што ў выніку вайны ператварылася ў рэгіянальную сілу. У 1910 Карэя канчаткова страціла незалежнасць. Японцы прыгняталі карэйскую мову і традыцыі, а эканоміку развівалі ў патрэбным сабе кірунку. Карэйскія патрыёты (сярод іх быў і Кім Ір Сен) узняліся на барацьбу, узяўшы на ўзбраенне партызанскія метады. Найбольшым было супраціўленне блізу мяжы з Кітаем. Японскі каланіяльны рэжым працягваўся да 1945.
Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя Карэі фактычна аказалася падзеленай на савецкую (поўнач) і амерыканскую (поўдзень) акупацыйныя зоны. На дыпламатычным узроўні спробы аб’яднаць поўнач і поўдзень праваліліся. У жніўні 1948 года ў Паўночнай Карэі адбыліся выбары ў Вярхоўны Народны Сход, які 9 верасня 1948 года абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. На поўдні была абвешчана Рэспубліка Карэя. Імкнучыся да пашырэння сацыялістычнай сістэмы на ўсю тэрыторыю Карэі, улады КНДР пачалі вайну. 27 ліпеня 1953 года варагуючыя бакі падпісалі пагадненне аб спыненні агню, мірнага ж дагавора не заключана дагэтуль. Пасля заканчэння Карэйскай вайны Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пачатку 1970-х гадоў паміж КНДР і Рэспублікай Карэя ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снежні 1991 года падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лютым 1992 года — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава (скасавана Паўднёвай Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнароднай інспекцыі яе ядзерных аб’ектаў). У 1991 абедзве Карэі былі прыняты ў ААН. Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіцыйным пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір. Пасля смерці Кім Чэн Іра кіраўніком дзяржавы стаў ягоны сын Кім Чэн Ын.
Дзяржаўны лад
КНДР — аўтарытарная аднапартыйная цэнтралізаваная дзяржава. Канстытуцыя 1972 замацавала чучхэ, абвешчаную Кім Ір Сенам у 1955 годзе, як дзяржаўную ідэалогію. З таго часу ў Канстытуцыю было ўнесена нямала змяненняў (1992, 1998, 2009, 2012, 2013, 2016), якія, аднак, не пахіснулі палітычных устояў. І ў канцы 2010-х Паўночная Карэя называе сябе рэвалюцыйнай сацыялістычнай дзяржавай, што абапіраецца на прынцыпы чучхэ і сангун. Чучхэ — сумесь камунізму, карэйскага нацыяналізму і аўтаркіі. Увасабленне мудрасці Кім Ір Сена. Спачатку разглядалася як нацыянальная варыяцыя марксізму-ленінізму, з 1970-х лічыцца арыгінальнай палітычнай думкай.