Вінсент дзю Віньё (; 18 мая 1901, Чыкага, Ілінойс, ЗША — 11 снежня 1978, Уайт Плэйнс, Нью-Ёрк, ЗША) — амерыканскі біяхімік.
Маладыя гады, адукацыя Вінсент дзю Віньё нарадзіўся ў Чыкага. Па паходжанні ён быў французам, сынам Альфрэда дзю Віньё, вынаходніка і канструктара машын, і Марыі Тэрэзы дзю Віньё. Ён вучыўся ў сярэдняй школе Карла Шульца ў Чыкага, якую скончыў у 1918. Калі ён вучыўся ў першым класе школы, два яго сябра запрасілі Вінсента праводзіць хімічныя эксперыменты ў іх хатняй лабараторыі. Яны атрымлівалі хімічныя рэактывы ад аптэкара і праводзілі эксперыменты, звязаныя з атрыманнем серазмяшчальных выбуховых рэчываў. Гэта было яго першым знаёмствам з навукай. У той час ішла Першая Сусветная вайна, і на фермы патрабавалася моладзь. Выпускнікам сярэдняй школы была прапанаваная магчымасць вясной папрацаваць на фермах, і атрымаць дыпломы ў чэрвені. Юны Вінсент працаваў усю вясну і лета на ферме каля Каледоніі у штаце Ілінойс. Ён вельмі ганарыўся тым, што мог падаіць уручную дваццаць кароў. Вінсент вырашыў стаць фермерам, аднак яго старэйшая сястра Беатрыс дапамагла яму змяніць сваё рашэнне і прапанавала паступіць у Ілінойскі ўніверсітэт у Урбана-Шампейн для вывучэння хіміі. Ён рушыў услед яе парадзе і атрымаў дыплом хіміка-тэхнолага ў 1923. У маладога дзю Віньё не было грошай, а яму трэба было скончыць універсітэт і магістратуру. Ён перабіраў гародніну, збіраў яблыкі, працаваў у бібліятэцы, разліваў газаваную содавую ваду — вось няпоўны пералік яго заняткаў у той час. Аднак найбольш аплачванай працай для яго была праца метрдатэлем. Аднойчы, падчас працы афіцыянтам, Вінсент ўбачыў прыгожую рыжую дзяўчыну і сказаў аднаму са сваіх калегаў: «Гэта жанчына, на якой я збіраюся ажаніцца», і яны сапраўды пажаніліся. Маладую дзяўчыну звалі Зела Зон Форд. Яе спецыяльнасцю была англійская мова, але калі яны з Вінсентам пазнаёміліся бліжэй, то ён даведаўся, што яна бярэ ўрокі матэматыкі і хіміі. Хоць яна скончыла універсітэт са спецыяльнасцю англійская мова, яна ведала хімію дастаткова добра, так што пасля іх вяселля ў чэрвені 1924 года, яна змагла выкладаць хімію ў сярэдняй школе. Адным з прафесараў, якія аказалі значны ўплыў на маладога дзю Віньё, быў Карл Шып Марвел. Дзю Віньё быў узрушаны яго лекцыямі і даследчай праграмай і вырашыў пісаць магістарскую дысертацыю пад яго кіраўніцтвам. Будучы студэнтам, Вінсент дзю Віньё усё больш цікавіўся узаемадзеяннем арганічнай хіміі і біяхіміі. Ён слухаў паглыбленыя курсы біяхіміі Г. Б. Люіса і дыетолага В. С. Разе, чые працы па вывучэнні стрававання белых пацукоў пазней аказалі ўплыў на некаторыя даследаванні метабалізма самога дзю Віньё. Ён атрымаў ступень магістра ў 1924, пазней працаваў некаторы час з доктарам Вальтэрам Кары ў цэнтральным ваенным шпіталі ў Філадэльфіі. Вясной 1925 дзю Віньё атрымаў запрашэнне ад прафесара Джона Р. Мурліна паступіць у медыцынскую школу Рочэстэрскага універсітэта для працы над хіміяй інсуліну, і ён прыняў гэтую прапанову. У 1927 годзе дзю Віньё абараніў дысертацыю па тэме «сера ў інсуліне», атрымаўшы ступень доктара філасофіі. У апошні год свайго знаходжання ў Рочэстэры ён атрымаў прэмію Нацыянальнага навукова-даследчага савета, якая дазволіла яму пасля абароны дысертацыі працягнуць навучанне з Джонам Джэкабам Абелем, прафесарам фармакалогіі ў медыцынскай школе пры універсітэце Дж. Хопкінса. Тут, у супрацоўніцтве з Оскарам Вінтэрштайнерам і Гансам Енсэнам ён працягнуў вывучэнне інсуліну. Атрыманне другой прэміі дазволіла дзю Віньё выязджаць за мяжу. Ён пазнаёміўся з пептыдным сінтэзам у лабараторыі Макса Бергмана ў Інстытуце Таварыства кайзера Вільгельма (Дрэздэн, Германія), і прабыў некаторы час у прафесара Георга Барджэра ў Эдынбургскім універсітэце (Вялікабрытанія).
Навуковая і выкладчыцкая дзейнасць Маючы дастаткова абсталявання, каб пачаць незалежныя даследаванні, дзю Віньё ў 1929 годзе заняў пасаду на кафедры фізіялагічнай хіміі ў сваёй alma mater у Ілінойсе. Біяхімія стала яго абранай галіной, і ў яго з’явілася магчымасць мець уласных дыпломнікаў. У 1932 годзе ва ўзросце 31 года дзю Віньё стаў прафесарам і загадчыкам кафедры біяхіміі ў медыцынскай школе пры ўніверсітэце Дж. Вашынгтона ў Вашынгтоне. Яму было шкада пакідаць выдатную кафедру ў Урбане, дзе ён правёў тры шчаслівых года, і такіх вялікіх прафесароў, як Адамс, Марвел, Шрынер і Фусон — хімікаў-арганікаў, і прафесара Разе — біяхіміка, аднак магчымасць мець вялікую незалежнасць была вырашальнай. Вінсент дзю Віньё заставаўся ва ўніверсітэце Джорджа Вашынгтона да 1938 года, калі ён быў запрошаны ўзначаліць кафедру біяхіміі медыцынскага каледжа Карнельскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрке, якую раней займаў Стэнлі Р. Бенедыкт. У 1967 годзе Вінсенту дзю Віньё быў прысвоены ганаровы статус і ён узначаліў кафедру хіміі Карнельскага ўніверсітэта ў Ітаке.
Даследаванні інсуліну Абель закрышталізаваў інсулін ў 1926 годзе, і затым Енсэн, Вінтэрштайнер і дзю Віньё вывучылі склад кіслотных гідралізатаў крышталічнага гармона. Нягледзячы на даволі прымітыўныя метады, даступныя ў той час, была выяўлена прысутнасць у гідралізаце цыстына і іншых разнастайных амінакіслотах. На гэтай падставе была зроблена выснова аб тым, што інсулін з’яўляецца бялком. Пазней дзю Віньё выказваўся па гэтай нагодзе: «Цяпер можа здацца дзіўным казаць аб працы, якая даказвае бялковую прыроду інсуліну, таму што ў цяперашні час тое, што гармон можа быць бялком, або тое, што бялок можа быць гармонам, з’яўляецца агульнавядомым фактам, аднак у той час (1928 год) гэты пункт гледжання быў прыняты неахвотна». На думку таго часу моцны ўплыў аказвалі канцэпцыі хімічнай прыроды ферментаў Р. Вільштэтэра, лічылася, што ферменты складаюцца з малой функцыянальнай часткі — каферменту і бялковага носьбіта.
Даследаванні серазмяшчальных амінакіслот Шмат з работ дзю Віньё па прамежкавым метабалізме тычыліся ўтварэння цыстэіна ў арганізме жывёл і метабалічных ўзаемаадносін паміж метыанінам, цыстэінам, гомацыстэінам, цыстатыанінам і халінам. Ён назваў рэакцыі, якія ляжаць у аснове працэсаў метабалізму транссульфурыраваннем і трансметыліраваннем. Было вядома, што ўключэнне ў рацыён пацукоў, якія знаходзяцца на бесцыстэінавай дыеце, метыаніна, падтрымлівала іх развіццё. Разе паказаў, што метыанін — незалежная амінакіслата ў рацыёне пацукоў. Карацей кажучы, арганізм пацукоў здольны сінтэзаваць цыстэін, але метыанін — няздольны. У 1931 годзе, апрацоўваючы метыанін канцэнтраванай сернай кіслатой, дзю Віньё выявіў новую серазмяшчальную кіслату. Гэта злучэнне было старэйшым сіметрычным гамолагам цыстына, і ён назваў яго гомацыстынам. Пазней ён выявіў, што адноўленая форма гэтай амінакіслаты — гомацыстэін — важнае метабалічнае злучэнне. Па назіраннях дзю Віньё, гомацыстэін таксама падтрымлівае рост пацукоў, якія знаходзяцца на дыеце з недахопам цыстына. Гэтыя назіранні паказвалі на метабалічнае ўзаемадзеянне метыаніна і гомацыстэіна, была прапанаваная гіпотэза, што дэметыліраванне метыаніна можа быць стадыяй біясінтэзу цыстэіна. Дзю Віньё сінтэзаваў L-цыстатыанін, у якім вугляродные ланцугі цыстэіна і гомацыстэіна злучаюцца адным атамам серы, і выявіў, што гэта злучэнне таксама падтрымлівала рост пацукоў на дыеце, беднай цыстэінам. Гэта назіранне сведчыла аб тым, што арганізм пацука быў здольны разрываць тыаэфірную сувязь з утварэннем цыстэіна. Далейшыя назіранні, заснаваныя на вывучэнні пячоначных зрэзаў in vitro, паказалі, што цыстатыанін не ператвараецца ў гомацыстэін. Даданне да пячоначным зрэзаў сумесі гомацыстэіна і серына прывяло да 60 % пераходу серы гомацыстэіна ў цыстэін, што служыла сур’ёзным доказам таго, што гомацыстэін з’яўляецца інтэрмедыятам утварэння цыстатыаніна. Дзю Віньё ўжыў новыя тэхналогіі ўвядзення радыеактыўных метак для вывучэння ператварэння метыаніна ў цыстэін. Ён сінтэзаваў рацэмічны метыанін, пазначаны па бэта і гама палажэнням ізатопам 13С і, які змяшчаў ізатоп 34S, і скарміў гэта злучэнне пацукам. Пацукоў пагалілі перад пачаткам эксперыменту, і абстрыглі поўсць па заканчэнні 38 дзён пасля пачатку эксперыменту. Цыстын, выдзелены з поўсці, утрымліваў 34S, але не утрымліваў 13С. Зыходзячы з вынікаў гэтага эксперыменту, была зроблена выснова, што толькі сера, але не вугляродны ланцуг метыаніна, выкарыстоўвалася ў працэсе біясінтэза цыстэіна. Таму была зроблена канчатковая выснова аб тым, што ў арганізме пацукі сінтэз цыстэіна з метыаніна ўключае стадыю дэметыліравання з утварэннем гомацыстэіна, які далей кандэнсуецца з серына з утварэннем цыстатыаніна. Апошні разразаецца з утварэннем цыстэіна і альфакетабутыратнай (2-оксабутанавай) кіслаты. Сутнасць складаецца ў тым, што ператварэнне метыаніна ў цыстэін уключае перанос серы метыаніна на серын. Гэты працэс дзякуючы дзю Віньё атрымаў назву транссульфурыравання. Вучоны зрабіў назіранне, што халін — злучэнне багатае метыльнымі групамі, можа выступаць у якасці донара апошніх у працэсе ператварэння гомацыстэіна ў метыанін. Гэта прывяло да з’яўлення канцэпцыі трансметыліравання і паняццю рухомых метыльных груп.
Даследаванні біяціну Поль Дзьёрдзь папрасіў дзю Віньё дапамагчы ўсталяваць хімічную прыроду біяціну печані, які назваў Дзьёрдзь вітамін H. У пацукоў, якія атрымлівалі рацыён, які змяшчае вялікую колькасць сырых яечных бялкоў у якасці крыніцы бялку, развіваўся цяжкі дэрматыт і нервовыя засмучэнні, і яны гінулі, калі ўмовы не змяняліся. Пэўныя прадукты харчавання, такія як печань і дрожджы, утрымліваюць рэчыва, здольнае прадухіліць і вылечыць гэтыя засмучэнні. Лекавы фактар Дзьёрдзь назваў вітамінам H (ад нямецкага слова haut, якое пазначае скуру). Біяцін, фактар росту дрожджаў, быў выдзелены з яечных жаўткоў Кеглам і Тэнісам. Дзю Віньё, Дзьёрдзь і супрацоўнікі змаглі вылечыць сіндром яечнага бялку (дэфіцыт вітаміна H) пры дапамозе чыстага біяціну Кегла, прадэманстраваўшы, што вітамін H і біяцін з’яўляюцца адным і тым жа злучэннем. Біяцін быў выдзелены з экстракта печані і малака ў Карнельлскіх лабараторыях, і была выяўлена яго хімічная структура. Структура, выяўленая дзю Віньё і супрацоўнікамі, была пацверджана хімічным сінтэзам ў лабараторыях Мерка. Біяцін, упершыню выяўлены як фактар росту дрожджаў, апынуўся важным вітамінам млекакормячых.
Даследаванні пеніцыліну Другая Сусветная вайна перапыніла працы лабараторыі, і дзю Віньё быў запрошаны ў ваенны камітэт медыцынскіх даследаванняў, каб далучыцца да навукоўцаў ЗША і Англіі для сумесных намаганняў па працы над хіміяй пеніцыліна. Карнельская лабараторыя ўнесла значны ўнёсак у вывучэнне хіміі пеніцыліну. Магчыма, найбольш важным вынікам з’яўляўся сінтэз мікраколькасцей антыбіётыка, і доказ яго ідэнтычнасці з прыродным злучэннем.
Даследаванні гармонаў задняй долі гіпофізу