Люцыян Кастравіцкі (; 1816, Вена — 1867) — памешчык з роду Кастравіцкіх, землеўласнік у Лідскім павеце.
Біяграфія Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Кастравіцкіх герба «Байбуза». Сын Самуэля Кастравіцкага (1788—1859) і Ганны Залескай. Як і сёстры Мялання ды Юлія нарадзіўся ў Вене, куды пасля смерці свайго бацькі Ігната, які стала жыў там, пераехаў Самуэль.
Вучыўся ў Французскай ваеннай акадэміі Сен-Сір, быў здольным кадэтам і падчас візіту расійскага імператара, Аляксандра І ці Мікалая І, у Парыж быў яму прадстаўлены з вялікімі пахваламі. Аднак імператар, якому здалося, што гэта палітычны ўцякач, загадаў схапіць кадэта і пад вартай адправіць у Расію. Люцыян пехатой, пад канвоем прыйшоў на радзіму, але замест турмы, патрапіў пад амністыю, за ім быў устаноўлены нагляд. Тым не менш, выезд у Еўропу яму быў назаўсёды забаронены.
Люцыян Кастравіцкі ажаніўся з лідскай падкамаранкай Юзэфай Сяклюцкай. Яны мелі чацвёра дзяцей: Вінцэнта, Самуэля, Марціна і Ганну. Сям'я жыла ў Паперні. Кастравіцкім тады належалі Паперня з 3000 га зямлі, Ваверка з 6000 га, Кавалі з 3000 га, Касцянёва з 3750 га. Пэўны час ім належала Малое Мажэйкава. У першай палове XIX ст. ўладанні Кастравіцкіх налічвалі 17 000 га зямлі. З 1832 па 1850 г., Люцыян Кастравіцкі прадаў Кавалі, Ваверку і Паперню — 2/3 сваёй маёмасці і ўсе грошы перавёў сёстрам Мяланні і Юліі ў Вену. Потым самі Кастравіцкія лічылі, што грошы былі патрэбны на выхаванне ўнука Напалеона, якога па легендах сястра Мялання, якая знаходзілася ў бліжнім атачэнні жонкі Банапарта Марыі-Луізы, нарадзіла ад ягонага сына Напалеона IIБеларуская Манон Ляско. Пры Люцыяне Кастравіцкім засталося толькі Касцянёва.
Люцыян Кастравіцкі меў шмат дзіўных звычак. Напрыклад, ён заўсёды насіў 1000 рублёў. Гэтую вялікую суму разам з дакументамі ён трымаў у адмысловым скураным ворку на плячах пад бялізнай і таму заўсёды меў выгляд гарбуна. Калі яму даводзілася выкарыстаць частку грошай і «капітал на спіне» памяншаўся, Люцыян Кастравіцкі моцна нерваваўся, покуль зноў не папаўняў гэты запас да сумы ў 1000 рублёў.
Ян Люцыян Кастравіцкі пісаў: «Люцыян Кастравіцкі жыў у часовым доме, а руіны старога дома [ў Касцянёве] чакалі, покуль яго сын Самуэль закончыць курс архітэктуры ў Дэрпцкім універсітэце і пачне працаваць па прафесіі».
Падчас самазабойства нікога з родных каля яго не было, а паліцыянты, якія забралі цела нябожчыка, знялі з яго скураны ворак і не вярнулі не толькі грошы, але і паперы.
Сям’я
Жонка Юзэфа з Сяклюцкіх (пам. 1880), ад якой было чацвёра дзяцей, пахавана на касцёльным двары ў Ішчалне.
Дзеці: Вінцэнт, выбраў ваенную кар’еру ў расійскай арміі; Самуэль, вывучаў архітэктуру ў Дэрпце (Тарту), дзе пазней стаў галоўным архітэктарам; Марцін (1855-1905) стаў электратэхнікам, пасля смерці бацькі нядоўга жыў у Касцянёве, але неўзабаве пераехаў у Варшаву; Ганна.
Спасылкі Лаўрэш Леанід. Маёнткі Касцянёва і Паперня // Наша Слова. № 39 (1554), 30 верасня 2021.; № 40 (1555), 7 кастрычніка 2021.; № 41 (1556), 14 кастрычніка 2021.; № 42 (1557), 21 кастрычніка 2021.
Катэгорыя:Самазабойцы