Беларусы ў Перце зарганізаваліся ў 1952 годзе. Дадзеная супольнасць беларусаў найменш прадстаўленая сярод аўстралійскіх у крыніцах.

Дзейнасць 6 студзеня 1952 года на сходзе ў Міхася Раецкага старэйшага ў Келмскоце (раён Перта) была створаная першая тутэйшая беларуская арганізацыя — аддзел Задзіночання Беларускіх Ветэранаў, які злучыў беларускіх вайскоўцаў. Жанчыны ж былі з’яднаныя аддзелам Згуртавання Беларускіх Жачынаў. Мэтай першых арганізацый было наладжванне беларускага жыцця.

Аддзел Задзіночання Беларускіх Ветэранаў на чале з Міхасём Раецкім старэйшым стаў арганізатарам нацыянальных святкаванняў беларусаў, ініцыяваў удзел беларусаў у міжнацыянальных выставах 1953—1954 гадоў. У красавіку 1953 года аддзел ініцыяваў некалькі радыёперадач пра Беларусь на мясцовай радыёстанцыі.

Дзейнасць тутэйшых беларусаў прыцягвала і тых, хто жыў за сотню міляў. Супольнасць не зазнала палітычнага расколу на прыхільнікаў Рады БНР і БЦР, бо цалкам падтрымлівала Раду БНР. Аднак, 28 чэрвеня 1956 года ў Перце адбыўся надзвычайны з’езд сяброў Згуртавання Беларускіх Ветэранаў, які пастанавіў, з прычыны супрацоўніцтва Даната Яцкевіча з БВФ, стварыць сваю асобную арганізацыю, якая доўга не праіснавала.

Да сярэдзіны 1950-х гадоў была арганізаваная тутэйшая парафія БАПЦ з настаяцелем айцом Барысам (Камінскім). У 1956 годзе на сродкі, сабраныя з розных асяродкаў беларусаў Аўстраліі і іншых краінаў была купленая дзялянка пад свой дом, што таксама падтрымаў архіяпіскап Сяргей. У 1957 годзе ўладыка Сяргей пераехаў у Перт. Дом меркаваўся як рэлігійны і грамадскі цэнтр беларусаў. Спачатку гэтым апекаваўся аддзел Згуртавання Беларускіх Ветэранаў, потым Беларускае аб’яднанне ў Заходняй Аўстраліі (БАЗА), якое пачало дзейнічаць з 1960-х гадоў.

У сакавіку 1968 года Беларускі Народны Дом афіцыйна быў адчынены. Яго будавала 20 чалавек. Аднак, з пераездам архіяпіскапа ў Адэлаіду і айца Барыса ў Мельбурн, на тутэйшых беларусаў не было святара, з-за чаго рэлігійнае жыццё тут заняпала.

У 1970-х гадах беларускае жыццё Перта амаль не згадваецца на старонках беларускіх газет, толькі ў нарысах Кастуся Чабатара пра Аўстралію ў «Божым Шляхам».

У 1984 годзе ў Перце пачала працу беларуская секцыя радыё. З сярэдзіны 1980-х гадоў Беларускае аб’яднанне ў Заходняй Аўстраліі рэгулярна ладзіць нацыянальныя мерапрыемствы, удзельнічае ў імпрэзах. Таксама ў 1980-я гады праходзіла змена пакаленняў у ходзе якога тутэйшае беларускае жыццё не пацярпела.

У 1990 годзе ў Перт прыехаў з Ангельшчыны айцец Уладзімір (Зайка), які аднавіў тут рэлігійнае жыццё. Дзякуючы яму, 14 лютага 1992 года беларусы набылі ўласную дзялянку на метрапольных могілках Караката.

Літаратура

Катэгорыя:Беларусы ў Аўстраліі Катэгорыя:Перт (Аўстралія)