9×18 мм (ПМ) — пісталетны ўнітарны патрон, створаны на замену патрону 7,62×25 мм ТТ.

9×18 мм ПМ быў распрацаваны Б. У. Сёміным. За аснову была ўзятая гільза ад патрона 7,62х25 мм ТТ, але трохі скарочаная. У 1950—1960-я годы пад гэты патрон былі распрацаваныя пісталеты ПМ, АПС у СССР, П-64 у Польшчы, RK 59 і PA-63 у Венгрыі і некаторых іншых краінах. У 1990-я гады ў Расіі пад яго стварылі шэраг новых пісталетаў, рэвальвераў, пісталетаў-кулямётаў. Па баявых і балістычных параметрах ён саступае патрону 9×19 мм Парабэлум.

Калібры ў СССР вымяраліся паміж пасадкамі ў нарэзах, а не ў канаўках. Такім чынам, у патронах калібра 9×18 мм «Макараў» выкарыстоўваецца куля большага дыяметра, чым у іншых распаўсюджаных 9-мм патронах, памерам 9,27 мм (0,365 цалі), у параўнанні з 9,017 мм (0,355 цалі) для 9×19-мм «Парабэлума».

Апісанне Гільза патрона — біметалічная, стандартная куля — абалонкавая, са сталёвым грыбападобным стрыжнем, запрасаваным у свінцовую кашулю (у ранніх варыянтаў гільза была выраблена з латуні, а куля мела свінцовы стрыжань у сталёвай абалонцы). Такі падыход дае эканомію свінцу і павялічвае прабіўную здольнасць кулі ў адносінах да неметалічных перашкод, аднак пры траплянні ў метал абалонка разбураецца, а стрыжань з прычыны сваёй формы адскоквае ад перашкоды, таму стандартная куля патрона 9×18 мм ПМ хутчэй за ўсё не праб’е бронекамізэльку. Апроч таго ёсць вялікая небяспека рыкашэтаў у памяшканні.

Калібр 9 мм дазволіў захаваць спыняючае дзеянне кулі на ўзроўні патрона 7,62×25 мм ТТ, пры гэтым двухразовая розніца ў дульнай энергіі дазволіла скарыстаць у ПМ прасцейшую аўтаматыку з вольным затворам, чым у ТТ — з кароткім ходам ствала.

Гісторыя Падчас Другой сусветнай вайны і ў пачатку Халоднай вайны патроны калібру 7,62×25 мм ТТ былі стандартным патронам для аўтаматычнай зброі ў Савецкім Саюзе і яго сатэлітах ва Усходняй Еўропе (гэтыя боепрыпасы і да гэтага часу выкарыстоўваюцца ў многіх з гэтых краін). Падчас вайны ў Чырвонай Арміі выявілі некалькі недахопаў у сваім 7,62-мм пісталеце ТТ-33, адным з якіх была схільнасць да ненаўмыснага выпадзення магазіна падчас стральбы. Армія хацела нешта больш лёгкае, з зашчэпкай замест кнопкі экстракцыі магазіна, а таксама іншымі боепрыпасамі. Для працы пісталета была абраная канструкцыя з прамой аддачай, паколькі яна была б хуткай і таннай у вырабе, а таксама больш дакладнай, дзякуючы канструкцыі з фіксаваным ствалом.

Патрон калібру 9×18 мм быў распрацаваны Барысам Сёміным у 1946 годзе і задумваўся як адносна магутны патрон, які мог бы бяспечна працаваць у пісталеце з вельмі простай канструкцыяй. Ён быў заснаваны на патроне 9×18 мм Ultra, які быў распрацаваны ў 1936 годзе кампаніяй Gustav Genschow & Co. для нямецкіх люфтвафэ як больш магутнай альтэрнатывы патрону 9×17 мм, які выкарыстоўваецца ў Walther PP.

Адначасова ў 1947 годзе Мікалай Фёдаравіч Макараў распрацаваў пісталет Макарава ПМ пад патрон 9×18 мм.

У 1951 годзе і пісталет Макарава, і патрон да яго былі прынятыя на ўзбраенне Савецкай Арміі, пасля чаго да патрона «прыклеілася» мянушка «Макараў» (гэта не афіцыйнае яго пазначэнне). Пасля свайго з’яўлення патрон Макарава калібру 9×18 мм атрымаў шырокае распаўсюджванне ва Узброеных сілах краін Усходняга блока.

У 1994 годзе канструктарамі АТ «Тэхкрым» быў распрацаваны патрон 9×18 мм з куляй экспансіўнага дзеяння, якая мела паменшаную схільнасць да рыкашэту і павялічанае спыняючае дзеянне па мэтам, якія не маюць сродкаў індывідуальнай абароны

Крыніцы

Спасылкі

9×18 мм