Ян-Маен (нарв.: Jan Mayen) – невялікі вулканічны востраў у Арктыцы, на ўсход ад Грэнландыі, знаходзіцца ў Грэнландскім моры. Плошча 380 км².

Геаграфія Плошча 380 км², працягласць — 55 км. Востраў складаецца з дзвюх частак: большай паўночна-ўсходняй, якая носіць назву Паўночны Ян, і меншай пад назвай Паўднёвы Ян. Гэтыя дзве часткі злучаны перашыйкам даўжынёю 2,5 км.

Дзеючы вулкан Берэнберг (вышыня 2277 м) з кратарам дыяметрам 1,2—1,4 км фарміруе паўночна-ўсходнюю частку вострава. Паўночны Ян мае круглую форму, кратар і схілы вулкана вышэй за 500 м укрыты ледавікамі, асобныя вывадныя ледавікі зніжаюцца да мора.

У паўднёва-заходняй частцы размяшчаецца ступеньчатае плато з вулканічнымі кратэрамі. Вышыня тут дасягае 769 м. Востраў складзены з базальтаў, туфаў, попелу. Частыя землетрасенні. Зафіксавана шэсць вывяржэнняў Берэнберга.

Сярэднегадавая тэмпература на Ян-Маене складае -1,4 °C. Клімат вызначаецца малымі перападамі тэмператур дзякуючы стабілізуючаму ўплыву мора, а таксама адносна высокімі для гэтых шырот сярэднімі тэмпературнымі значэннямі, што выклікана ўплывам паўночных адгалінаванняў Гальфстрыма. Сярэдняя тэмпература паветра на востраве летам складае +5 °C, максімальная зарэгістраваная +18 °C. Сярэдняя тэмпература зімой каля -5 °C, зрэдку апускаецца ніжэй за -20 °C. Пераважае воблачнае надвор’е, частыя туманы, асабліва восенню і вясной. Часта назіраецца моцны вецер пераменных напрамкаў. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 690 мм, большая колькасць ападкаў назіраецца восенню, хоць увогуле яны даволі раўнамерна размеркаваны па сезонах года.

Плошча зледзянення складае каля 1/3 вострава. На схілах Берэнберга можна выдзеліць 20 асобных вывадных ледавікоў. Найбольшым з іх з’яўляецца Сёрбрэен плошчай 15 км² і даўжынёю 8,7 км. Пяць ледавікоў спускаюцца наўпрост у мора — два на ўсходнім узбярэжжы і тры на паўночна-заходнім, аднак працягласць ледзяных берагоў невялікая — каля 2,5% агульнай даўжыні.

На перашыйку знаходзяцца два буйных вадаёмы: Паўднёвая лагуна і Паўночная лагуна. Абедзве яны маюць змешаную ваду з дзвюх крыніц: салёную, якая прасочваецца з мора і час ад часу заносіцца хвалямі ў выніку штормаў, і прэсную, што сцякае пад час таяння снегу і лёду са схілаў. Пры гэтым салёная вада назапашваецца на дне вадаёмаў, а прэсная, прыдатная для піцця — на паверхні. Трэцяе, значна меншае возера знаходзіцца сярод скал паўднёвай часткі вострава.

Прырода Пераважаюць мохава-лішайнікавыя тундры і акіянічныя лугі. На востраве няма сапраўдных дрэў і кустоў — сасудзістыя расліны прадстаўленыя травяністай расліннасцю і карлікавымі палярнымі івамі некалькіх відаў. У цэлым сасудзістых раслін налічваецца 76 відаў, сярод іх 5 відаў дзьмухаўцоў, 3 з якіх з’яўляюцца эндэмікамі. Таксама ў складзе флоры Ян-Маена больш за 100 відаў імхоў і лішайнікаў.

На востраве налічваецца 98 відаў птушак, з якіх каля 20 гняздуюцца. Сустракаюцца птушыныя базары. З млекакормячых назіраюцца белы мядзведзь, белы і блакітны пясцы — яны заходзяць на востраў пры ўсталяванні доўгачасовага лядовага покрыва або іх заносіць на ільдзінах. У прыбярэжных водах сустракаецца грэнландскі цюлень.

Гісторыя Адкрыты Вільямам Хадсанам у 1608 г. Названы ў гонар галандскага мараплаўца Я. Маена, у час плавання якога ў 1614 было вызначана яго дакладнае размяшчэнне.

З 1930 года востраў знаходзіцца пад нарвежскім кіраваннем. На ім месцяцца метэаралагічная станцыя, узлётна-пасадачная паласа і станцыя навігацыі, служачыя якіх складаюць усё насельніцтва вострава.

Спасылкі

Jan Mayen - Nature and history of the outpost in the North Atlantic.Information, photos and links about the Arctic island Denne hjemmesiden vil ikke lengere bli oppdatert! Den nye hjemmesiden til Jan Mayen finner du på linken under

Катэгорыя:Астравы Нарвегіі Ян Маен