По́лымя — аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў. Існавала ў Менску са снежня 1927 да 27 траўня 1932 года.
Ініцыятары стварэння і сябры аб’яднання: Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхайла Грамыка, Алесь Гурло, Уладзіслаў Галубок, Янка Нёманскі, Міхаіл Піятуховіч, Аляксандр Сянкевіч, а таксама нядаўнія сябры аб’яднання «Маладняк» Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Васіль Сташэўскі.
Сябры праўлення: Якуб Колас, Цішка Гартны, Міхась Чарот; кандыдаты: Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Васіль Сташэўскі.
Асноўнымі задачамі былі развіццё беларускай мастацкай літаратуры праз узмацненне творчае працы сваіх сяброў, афармленне і замацаванне ў беларускай літаратуры пралетарскае ідэалогіі з удасканаленнем нацыянальнае формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафесійнага ўзроўню і агульнаадукацыйных ведаў сяброў аб’яднання, беражліваму стаўленню да культурнае спадчыны. Наладжвала літаратурныя вечары, сустрэчы з рабочымі, ладзіла паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з іншымі літаратурнымі аб’яднаннямі савецкай Беларусі, імкнулася ўраўнаважыць крайнія тэндэнцыі ў літаратурным руху канца 1920-х — пачатку 1930-х гадоў. Аднак гэта не заўсёды атрымлівалася, праз неаднароднасць складу аб’яднання і розныя погляды яго сяброў. Часта крытыка аб’яднання была непаслядоўнай і неаб’ектыўнай у ацэнцы з’яў.
Літаратура
Катэгорыя:Літаратурныя аб’яднанні Беларусі