Дэісус — абраз XVIII стагоддзя, які паходзіць з Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.
Апісанне На абразе прадстаўлена кампазіцыя «трыморф». Абраз вылучаецца адметнасцю выканання. Велічны трон, на якім сядзіць Хрыстос, выкананы ў тэхніцы разьбы па ляўкасу і арганічна спалучаецца з густым раслінна-кветкавым разным арнаментам фона. Ножкі трона абапіраюцца на анёлкаў-пуці, што лунаюць паміж аблокаў. Чырвоны сакас Хрыста цалкам дэкараваны залатым раслінна-кветкавым арнаментам, на яго галаве — карона-мітра. Маці Божая апранута ў блакітна-зялены хітон з залатой акантоўкай па гарлавіне і рукавах і чырвоны плашч з залатой арнаментаванай каймой. На галаве — залаты вянец. Ян Хрысціцель — у чырвоным хітоне і блакітным гімаціі з залатой каймой. Іх рукі малітоўна скрыжаваны на грудзях, каля ног з аблокаў выглядваюць галоўкі анёлкаў-пуці.
Літаратура Уладзімір Карэлін, Мікалай Мельнікаў. Абразы «Дэісус» у іканапісу Беларусі
Катэгорыя:Абразы Беларусі Катэгорыя:Драгічынскі раён Катэгорыя:Карціны XVIII стагоддзя Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Беларусі