Антыфанарый (ад ) — літургічная кніга каталіцкай царквы, якая ўключае песнапенні службаў афіцыя — усіх дзённых службаў лацінскага абраду, акрамя імшы.

Першыя ўпамінанні пра антыфанарыі адносяцца да VIII — пачатку IX ст. У той час тэрмін выкарыстоўваўся ў розных сэнсах — як збор песнапенняў афіцыя ці толькі яго антыфонаў, як збор антыфонаў начнога афіцыя і інш. 3 XII—XIII стст. тэрмін набыў сучаснае значэнне.

Беларусь

Антыфанарый былі шырока распаўсюджанымі харальнымі зборнікамі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, аднак колькасць антыфанарыяў, якія захаваліся да сённяшняга часу, невялікая, зберагаюцца яны пераважна ў фондах музеяў і бібліятэк Літвы і Беларусі. Сярод рукапісных антыфанарыяў: «Antiphonale» з Віленскага кляштара бернардзінцаў (магчыма, XV ст., тытульны аркуш кнігі не захаваўся, таму нельга вызначыць яе дакладную дату), «Антыфанарый гасподніх свят і службаў святым, сабраны паводле абраду дамініканцаў» (1709), «Вялікі двухтомны антыфанарый гасподніх свят і свят розным святым» з Віленскага кляштара дамініканцаў (1752), «Антыфанарый гасподніх свят і службаў святым у адпаведнасці з абрадамі дамініканцаў» з Нясвіжскага кляштара дамініканцаў (т. 1—2, 18 ст.), «Антыфанарый гасподніх свят» з Гарадзенскага кляштара бернардзінцаў (2-я пал. 18 ст.), «Антыфоны свят ордэна бернардзінцаў для хору Слонімскага кляштара» (1770). Унікальны рукапісны помнік каталіцкай традыцыі, які дайшоў да сённяшняга часу, — антыфанарый з Будслаўскага кляштара бернардзінцаў (1751).

Літаратура

Григорианский хорал. М., 1997; Барабаш Н. Книги из исторических белорусских книжных собраний в фондах Национального музея историм и культуры Беларуси // Здабыткі дакументальныя помнікі на Беларусі. Мінск, 1998. Вып. 3; Ліхач Т. Тэорыя харальных спеваў на Беларусі. Мінск, 1999; Ліхач Т. Літургічная музыка на Беларусі. 4.1. Каталіцкая традыцыя. Мінск, 2008; Галамбош И. Реставрация антифонария XVI века // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры. Мінск, 2006. Ч. 1; Мартынюк Т. Антыфанарый XVIII стагоддзя з Будслаўскага кляштара бернардзінцаў // Научные труды Бел. гос. академии музыки. Минск, 2006. Вып. 13; Gonczarowa W. O manuskryptach klasztoru 00. Bernardynów w Wilnie // Nasza przeszłość: Studia z dziejów Kociola i kultury katolickiej w Polsce. Kraków, 1994. T. 82. Спасылкі

Катэгорыя:Музычная тэрміналогія Катэгорыя:Царкоўная музыка Катэгорыя:Каталіцкае набажэнства Катэгорыя:Каталіцкая літургіка Катэгорыя:Літургічныя кнігі