Зы́чныя гу́кі — гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода — органы маўлення або змыкаюцца, або збліжаюцца.Падлужны. Зычныя гукі // С.6.

У акустычных адносінах зычныя гукі складаюцца з голасу і шуму або толькі шуму. Крыніца гуку пры ўтварэнні зычных лакалізуецца ў раёне перашкоды гукавой хвалі і мае шумавы або імпульсна-шумавы характар.

Сістэма зычных гукаў мовы называецца кансанантызмам.

Класіфікацыя Пры класіфікацыі зычных гукаў улічваюцца артыкуляцыйныя прыметы (месца ўтварэння, спосаб утварэння, наяўнасць або адсутнасць дадатковай артыкуляцыі) і акустычная прымета: удзел голасу і шуму.

Паводле месца ўтварэння Па месцы ўтварэння зычныя гукі класіфікуюцца ў залежнасці ад таго, якія актыўныя і пасіўныя органы маўлення ўдзельнічаюць у артыкуляцыі. Адрозніваюць губныя (лабіяльныя) і язычныя гукі.

Паводле пасіўнага органа адрозніваюць гукі: зубныя; паднябенныя: пярэднепаднябенныя, сярэднепаднябенныя, заднепаднябенныя.

Губныя (лабіяльныя) зычныя Губныя гукі падзяляюцца на: губна-губныя (білабіяльныя), што ўтвараюцца пры збліжэнні ніжняй губы з верхняй; губна-зубныя (лабіяльна-дэнтальныя), што ўтвараюцца пры збліжэнні актыўнага органа (ніжняй губы) з пасіўным (верхнімі зубамі).

Язычныя зычныя Язычныя гукі ў залежнасці ад таго, якая частка языка актыўная ў артыкуляцыі, падзяляюцца на: пярэднеязычныя, што ўтвараюцца пры змыканні або збліжэнні пярэдняй часткі спінкі языка і яго кончыка з пасіўным органам (зубамі, альвеоламі, паднябеннем); сярэднеязычныя, што ўтвараюцца пры збліжэнні сярэдняй часткі языка з цвёрдым паднябеннем; заднеязычныя, што ўтвараюцца пры збліжэнні або змыканні задняй часткі спінкі языка з мяккім паднябеннем.

Паводле спосабу ўтварэння Паводле спосабу ўтварэння (характару перашкоды і спосабу яе пераадолення) зычныя гукі падзяляюцца на змычныя, шчылінныя, змычна-шчылінныя, змычна-праходныя і вібранты.

Змычныя (выбухныя) зычныя Змычныя (выбухныя) гукі ўтвараюцца пры поўным змыканні органаў маўлення, калі паветра з сілай разрывае створаную імі перашкоду.

Шчылінныя (фрыкатыўныя) зычныя Шчылінныя (фрыкатыўныя) гукі ўзнікаюць пры збліжэнні актыўнага органа маўлення з пасіўным, у выніку чаго ўзнікае трэнне паветра аб сценкі набліжаных органаў.

Змычна-шчылінныя зычныя (афрыкаты) Змычна-шчылінныя (афрыкаты) утвараюцца, калі органы маўлення спачатку змыкаюцца, а затым плаўна размыкаюцца, утвараючы шчыліну для струменя паветра.

Змычна-праходныя зычныя Змычна-праходныя гукі ўтвараюцца ў выніку таго, што адны органы маўлення змыкаюцца, а іншыя ўтвараюць праход для паветра. Яны падзяляюцца на: насавыя (назальныя) гукі, пры ўтварэнні якіх струмень паветра праходзіць праз поласць носа; ротавыя (латэральныя) гукі, якія ўзнікаюць, калі паветра праходзіць праз ротавую поласць.

Вібранты (дрыжачыя) Вібранты (дрыжачыя) утвараюцца ў выніку вібрацыі ў поласці рота пярэдняй часткі спінкі языка.

Паводле акустычнай прыметы Паводле акустычнай прыметы (удзел голасу і шуму) зычныя гукі падзяляюцца на шумныя і санорныя.

Шумныя зычныя Шумныя гукі складаюцца з голасу і шуму з перавагай шуму над голасам (звонкія) або толькі з шуму (глухія).

Санорныя зычныя (сананты) Санорныя (сананты) утвараюцца з голасу і шуму з перавагай голасу. Яны не маюць парных глухіх і не аглушаюцца ў слабай пазіцыі, глухія зычныя перад імі не азванчаюцца.

Паводле дадатковай артыкуляцыі У залежнасці ад наяўнасці дадатковай артыкуляцыі, якая дадаецца да асноўнай, вылучаюцца гукі мяккія і цвёрдыя.

Мяккія (палаталізаваныя) зычныя Мяккія (палаталізаваныя) зычныя ўтвараюцца ў выніку дадатковай артыкуляцыі — пад’ёму сярэдняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення.

Цвёрдыя (велярызаваныя) зычныя Цвёрдыя (велярызаваныя) зычныя ўзнікаюць пры дадатковай артыкуляцыі, у выніку якой задняя частка спінкі языка збліжаецца з мяккім паднябеннем.

Гл. таксама Галосныя

Літаратура