«Call of Duty: Modern Warfare» (з англ. — Кліч абавязку: Сучасная вайна) — камп’ютарная гульня ў жанры шутар ад першай асобы, шаснаццатая гульня ў серыі «Call of Duty».
Гульня выйшла 25 кастрычніка 2019 года. Гульня з’яўляецца перазапускам падсерыі Modern Warfare, і не з’яўляецца прамым працягам Modern Warfare 3.
Сюжэт Дзеянні гульні адбываюцца, апроч рэальна існуючых дзяржаў, у выдуманых краінах Кастовія (якая з’яўляецца алюзіяй на ўсходнія рэгіёны Украіны) і Урзыкстан (якая з’яўляецца алюзіяй на Сірыю) у 2019 годзе.
У пачатку гульні агент ЦРУ пад імем Алекс адпраўляецца разам з атрадам марпехаў у Кастовію на сакрэтны завод па вытворчасці хімічнай зброі, які належыць галоўнаму антаганісту гульні — рускаму генералу Раману Баркову. У ходзе аперацыі Алекс бярэ ўзор хімічнай зброі, але пры адыходзе з завода амерыканскі атрад трапляе ў засаду невядомых баевікоў. Падчас засады ўвесь атрад, акрамя Алекса, гіне, і баевікі крадуць узор хімічнай зброі.
Дзеянне гульні пераносіцца ў Лондан, дзе група паліцэйскіх пад кіраўніцтвам сяржанта Кайла Гэрыка адсочвае групоўку тэрарыстаў Аль-Каталы (алюзія на Аль-Каіду), якая збіраецца здзейсніць тэракт на плошчы Пікадзілі. З-за таго, што атрад Гэрыка прамарудзіў, на плошчы адбыўся выбух, які перарос у перастралку паміж паліцыяй Лондана і тэрарыстамі. Паступова паліцыя зачышчае ўсю плошчу ад тэрарыстаў. Для зачысткі апошняга будынка прыбывае капітан SAS Джон Прайс (які, апроч іншага, ратуе Гэрыка ад смяротніка). У будынку знаходзіцца закладнік, да якога прычэплена ўзрыўчатка на таймеры. Гэрыку і Прайсу даводзіцца ім ахвяраваць дзеля выратавання астатніх закладнікаў.
Дзеянне гульні перамяшчаецца ва Урзыкстан. ЦРУ ўкараняе Алекса ў рэгіён Урзыкстану, які акупаваны расійскімі войскамі, каб ён аказаў дапамогу ўрзыкстанскаму апалчэнню і знайшоў скрадзеную хімічную зброю. Ва Урзыкстане ён знаёміцца з лідэрам апалчэння — Фарай Карым. Апалчэнцы задумалі штурм расійскай авіябазы, але для гэтага ім трэба адцягнуць асноўныя расійскія сілы. Для гэтага Алекс разам з Фарай падрывае расійскія верталётныя пляцоўкі. Пасля адцягнення асноўных сіл апалчэнне атакуе і, у канчатковым выніку, захоплівае авіябазу.
Дзеянне гульні зноў пераносіцца ў Лондан, дзе Кайл Гэрык (які перайшоў у SAS) разам з капітанам Джонам Прайсам і трыма атрадамі брытанскага спецназа зачышчае лонданскую рэзідэнцыю Аль-Каталы, дзе хаваліся ўдзельнікі тэракту на Пікадзілі. Падчас зачысткі спецназаўцы знаходзяць ноўтбук, на якім знаходзіцца інфармацыя аб месцазнаходжанні лідэра Аль-Каталы — Ваўка. Дадзеная інфармацыя перадаецца амерыканскай разведцы.
Інфармацыя аб месцазнаходжанні Ваўка перадаецца Алексу і апалчэнню Урзыкстана. Ён знаходзіцца ў шпіталі ў адным з гарадоў Урзыкстану. У штурме шпіталя, акрамя Алекса і ўрзыкстанскага апалчэння, удзельнічаюць і амерыканскія марпехі. Падчас штурму Ваўка бяруць у палон і адвозяць у амбасаду ЗША ва Урзыкстане для допыту. Аднак неўзабаве амбасаду акружаюць прыхільнікі Аль-Каталы пад кіраўніцтвам намесніка Ваўка — Мясніка. Тэрарысты атакуюць амбасаду і, нягледзячы на намаганні Алекса, Фары Карым і прыбылых да іх Гэрыка і Прайса, вызваляюць Ваўка.
Ваўку трэба пакінуць горад, каб яго назад не ўзялі ў палон апалчэнцы. Адзіным шляхам адыходу з горада з’яўляецца так званая «дарога смерці», дзе апалчэнцы разам з Фарай, Алексам і Хадзірам (братам Фары) і ладзяць засаду. Засада не атрымоўваецца, бо ў Аль-Каталы ўсё роўна лікавая перавага. Аднак сітуацыю ратуюць расійскія войскі, якія знішчаюць тэрарыстаў, але атакуюць і апалчэнцаў. Апалчэнне не можа стрымліваць напад рускіх, і Хадзір, нечакана для ўсіх, ужывае расійскую хімічную зброю. Высвятляецца, што тады ў Кастовіі на Алекса і амерыканцаў напаў Хадзір з яго прыхільнікамі, а не баевікі Аль-Каталы. Таксама высвятляецца, што Хадзір у тайне ад Фары дамовіўся з Ваўком і Мясніком на кааліцыю супраць расійскіх войскаў.
Гульня пераносіцца на 20 гадоў таму, у 1999 год. У гэтым годзе расійская армія пачала ўварванне ва Урзыкстан. Гульня паказвае матывацыю Фары і Хадзіра змагацца супраць расійскага войска і генерала Баркова. Так, пры пачатку ўварвання з-за дзеянняў расійскіх войскаў загінулі маці і бацька Фары і Хадзіра, а самі дзеці былі змешчаныя ў турму для дысідэнтаў.
Дзеянне гульні пераносіцца ў сучаснасць. Алекс перадае свайму начальніку Кейт Ласвэл інфармацыю аб супрацоўніцтве Хадзіра з Аль-Каталай. У сваю чаргу, Кейт перадае меркаваныя каардынаты месцазнаходжання Ваўка і дае загад на яго знішчэнне. Атрад з Фары, Прайса, Гэрыка і Алекса накіроўваецца па каардынатах, знішчае Ваўка і вяртаецца на базу. На базе яны даведваюцца, што урзыкстанскае апалчэнне ўнесена ў міжнародны рэестр тэрарыстаў, а значыць, і Фара Карым становіцца ворагам ЗША і ўсяго свету. Нягледзячы на гэта, Алекс прымае рашэнне застацца ў шэрагах апалчэння і працягнуць барацьбу з Барковым і Аль-Каталай.
Дзеянне гульні ізноў пераносіцца ў мінулае, у 2009 год. Гульня паказвае, як ужо пасталелыя Хадзір і Фара Карым збягаюць з расійскай турмы для дысідэнтаў з дапамогай тады яшчэ лейтэнанта SAS Джона Прайса.
Гульня вяртае нас у сучаснасць, у Санкт-Пецярбург, куды адправіліся Гэрык і Прайс з мэтай злову Мясніка. У лаўленні Мясніка ім дапамагае рускі лаяліст Мікалай. У выніку Мясніка ловяць, катуюць, выкарыстоўваючы пры гэтым яго жонку і сына. Мяснік выдае дадзеныя аб месцазнаходжанні расійскай хімічнай зброі і Хадзіра. Гулец, у сваю чаргу, можа зрабіць выбар — забіць ці пашкадаваць Мясніка. Калі гулец пашкадуе Мясніка, то яго арыштуе расійская паліцыя.
Прайс і Гэрык накіроўваюцца ў Баурчы, у Малдову, у рэзідэнцыю генерала Баркова, дзе Хадзір рыхтуе на яго замах. Гэтага нельга дапусціць, бо забойства Баркова ад рук Хадзіра можа выклікаць сусветную вайну. Брытанцы прадухіляюць замах, бяруць у палон Хадзіра і перадаюць яго Кейт Ласвэл, якая, у сваю чаргу, перадасць былога апалчэнца ў рукі Расіі. Пры гэтым SAS атрымлівае ад Хадзіра інфармацыю аб месцазнаходжанні яшчэ аднаго завода хімічнай зброі Баркова, які знаходзіцца ў Баржомі.
Кааліцыйныя сілы ЦРУ, SAS і урзыкстанскага апалчэння накіроўваюцца ў Грузію на завод Баркова з мэтай знішчэння прадпрыемства і рускага генерала. Падчас штурму Алекс гіне, завод знішчаецца, а Фара Карым забівае Рамана Баркова.
Гульня заканчваецца эпілогам, у якім расказваецца, што Віктар Захаеў стаў новым лідэрам Аль-Каталы, аб’яднаў пад крылом Аль-Каталы расійскіх сепаратыстаў і ўльтранацыяналістаў, і гэтая групоўка пачала нападаць на расійскія ваенныя базы. Для барацьбы з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй Джон Прайс стварае спецпадраздзяленне АТГ-141, якое складаецца з Кайла Гэрыка, Джона Мактавіша і Саймана Райлі.
Крытыка
У Расіі на гульню звярнулі ўвагу федэральныя тэлеканалы. У рэпартажы ад РЕН ТВ было згадана, што спецыяльна для рускай лакалізацыі змякчылі тэрміны, а «расійскае войска» ў субтытрах замянілі на «наймітаў Баркова» — выдуманага дзейнага генерала расійскай арміі. Таксама былі ўзятыя інтэрв’ю ў расійскага стрымера Іллі Мэдзісана і гульнявога журналіста і стрымера Антона Логвінава — першы распавёў пра амерыканскую прапаганду, а другі аказаўся незадаволены тым, што распрацоўшчыкі не да канца раскрылі тэму жахаў вайны. Следам за РЕН ТВ свой сюжэт аб гульні выпусціў канал Расія-24, у якім рэпарцёры адзначылі некаторыя разыходжанні з рэальнасцю, дзе ў выдуманым свеце Расіі прыпісваюць злачынствы, якія здзейснілі ЗША (Шаша смерці).
Катэгорыя:Гульні для PlayStation 4 Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Гульні для Xbox One Катэгорыя:Відэагульні 2019 года Катэгорыя:Шутары ад першай асобы Катэгорыя:Call of Duty