Сядзіба Абуховічаў — колішні сядзібна-паркавы комплекс у в. Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёна.
Гісторыя Колішняя сядзіба роду Абуховічаў. Род Абуховічаў з’яўляўся адным з самых найстарэйшых на Беларусі, існаваў амаль шэсць стагоддзяў. У канцы XVI ст. шырока распаўсюдзіўся на Беларусі, меў шмат маёнткаў, у т.л. Сваятычы, Круговічы, Ліпу (Міншчына), Ясянец і інш.
Палац быў пабудаваны ў другой палове XIX ст. Пасля Другой сусветнай вайны тут размяшчалася сельская бібліятэка, якая ў сярэдзіне 1950-х гадоў поўнасцю згарэла.
Сядзібна-паркавы ансамбль уключаў палац, парк, свіран, млын, сыраварню, лесапілку і інш. гаспадарчыя аб’екты.
Архітэктура Палац уяўляў сабой аднапавярховы драўляны прамавугольны ў плане будынак, з гладкім чатырохсхільным дахам, накрытым гонтай. Галоўны фасад палаца быў вылучаны невялікім ганкам на чатырох драўляных слупах.
Да палаца вяла доўгая таполевая алея (не захавалася). Цэнтральнае месца ў ансамблі займаюць 3 сажалкі, размешчаныя на адной лініі ўздоўж уязной алеі.
Адначасова з закладкай палаца пачаў фарміравацца новы парк на месцы старога, плошчай каля 5 га. Маляўнічасць парку надае шэраг дубоў, узрост якіх дасягае 400 і больш гадоў. Акрамя дубоў у парку растуць таполі, грабы, клёны, вязы, каштаны і інш. Кампазіцыя парку моцна парушана індывідуальнымі забудовамі.
Захаваўся будынак мураванай каталіцкай капліцы (XVIII ст.), якая знаходзіцца ў крайне занядбаным стане, значна перабудавана, зменена форма даху, закладзены вокны. Капліца ў плане мае форму прамавугольніка, вялікі склеп, двухсхільны дах.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Сядзібы Ганцавіцкага раёна Катэгорыя:Абуховічы Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў XIX стагоддзі Катэгорыя:Вялікія Круговічы Катэгорыя:Згарэлыя будынкі і збудаванні Катэгорыя:Зніклі ў 1950-я гады