«Беларуская народная грамада» («БНГ») — назва арганізацыі, прыдуманай следчымі ДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення палітычнага працэсу ў барацьбе з іншадумствам нацыянальнай інтэлігенцыі ў чэрвені — жніўні 1933 года; працяг палітычнага працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі».

Склад арганізацыі У арганізацыю было ўключана 68 чалавек, пераважна беларускія пісьменнікі (З. Астапенка, У. Жылка, Л. Калюга, М. Лужанін, Ю. Таўбін і інш.), настаўнікі, студэнты, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі ДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і іншыя раёны БССР, а таксама беларускія зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Паводле версіі ДПУ, у цэнтальнае бюро «БНГ» уваходзілі Ф. П. Купцэвіч, А. В. Карачун, Л. Калюга, П. І. Рагачэўскі, К. М. Сяледчык, В. В. Лушчыцкі, Р. С. Міхальчык, ідэйнае кіраўніцтва прыпісвалася К. Б. Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе.

Мэты арганізацыі Асноўнай мэтай арганізацыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Савецкай Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыялістычных форм у сельскай гаспадарцы і ў прамысловасці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзяржаўнае ўтварэнне павінна было ажыццявіцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арганізацыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі.

Прысуды «Кіраўнікі» арганізацыі атрымалі па 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, «члены» — ад 2 да 3 гадоў, частка была выслана на Урал, у Казахстан, 11 «членам» было залічана папярэдняе зняволенне. Вінаватымі сябе прызналі 20 чалавек. Іх паказанні, а таксама паказанні 3 «членаў» арганізацыі, якія праходзілі па справе сведкамі, сталі адзінай падставай для пакарання.

Спыненне справы і рэабілітацыя 24 жніўня 1956 года Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР, разгледзеўшы пратэст пракурора БССР на пастановы Асобай нарады пры калегіі АДПУ ад 10 жніўня і 4 лістапада 1933 года, якімі былі засуджаны ўдзельнікі «БНГ», пастанавіла справу ў адносінах 44 чалавек спыніць за адсутнасцю саставу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х гадоў.

Гл. таксама Саюз вызвалення Беларусі Беларускі нацыянальны цэнтр Аб’яднанае антысавецкае падполле

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Рэпрэсіі ў БССР Катэгорыя:Судовыя працэсы перыяду сталінскіх рэпрэсій