Сау́даўская Ара́вія () — краіна ў Паўднёва-Заходняй Азіі на Аравійскім паўвостраве. Мяжуе з Іарданіяй на поўначы, Іракам, Катарам, Кувейтам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі на ўсходзе, Аманам і Еменам на поўначы. Абмываецца Персідскім залівам на паўночным усходзе і Чырвоным морам на захадзе.
Абсалютная манархія з мусульманскім шарыяцкім правам. Жорсткая ўнутраная палітыка стала зарукаю палітычнай стабільнасці, што асабліва важна ў вірлівым у 2010-я арабскім свеце. Умовы захавання правоў чалавека ў Саудаўскай Аравіі неаднаразова падвяргаліся крытыцы з боку праваабарончых арганізацый.
Саудаўская Аравія з яе каласальнымі запасамі нафты — ключавая дзяржава Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты, у 1992—2009 займала першае месца ў свеце па здабычы і экспарце нафты. Экспарт нафты складае 95 % экспарту і 75 % даходаў краіны, дазваляючы падтрымліваць існаванне дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту.
Размешчаныя на тэрыторыі Саудаўскай Аравіі ісламскія рэлігійныя цэнтры Мекка і Медзіна робяць краіну адным з уплывовых ігракоў на сусветнай палітычнай арэне. У наш час Саудаўская Аравія — адна з найбольш уплывовых дзяржаў мусульманскага свету. Яе ўрад аказвае вялікую фінансавую дапамогу іншым мусульманскім краінам.
Этымалогія Назва дадзеная паводле дынастыйнага імя першага караля аб’яднанай Аравіі Ібн Сауда. Такім чынам, у самой назве краіны падкрэсліваецца яе прыналежнасць да дынастыі Саудытаў.
Геаграфічнае становішча
Саудаўская Аравія займае 12 месца ў свеце па плошчы, апярэджваючы Мексіку, саступаючы ДР Конга, буйнейшая краіна Паўднёва-Заходняй Азіі. Займае большую частку Аравійскага паўвострава, за выключэннем яго паўднёвых і ўсходніх абласцей. Паколькі межы краіны ў пустынных раёнах дакладна не вызначаны, звесткі аб яе плошчы ў розных крыніцах могуць адрознівацца.
Мяжуе з Іарданіяй на поўначы, Іракам, Катарам, Кувейтам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі на ўсходзе, Аманам і Еменам на поўдні. Абмываецца Персідскім залівам на паўночным усходзе і Чырвоным морам на захадзе.
Астравы Саудаўскай Аравіі — Фарасан, Санафір, Тарут і інш.
Прырода
Саудаўская Аравія займае большую частку Аравійскага паўвострава. Паверхня краіны ўяўляе пласкагор’е, якое ўздымаецца над Чырвоным морам лініяй глыбавых гор Хіджаз. На поўдні Хіджаза паблізу еменскай мяжы ў гарах Асір знаходзіцца найвышэйшы пункт краіны — пік Джабаль Сауда, 3133 м у вышыню. Паміж гарамі і берагам Чырвонага мора цягнецца вузкая нізіна Ціхама каля 70 км у шырыню. На ўсходзе горы паступова паніжаюцца ў бок Персідскага заліва. Ва ўнутраных раёнах гэта плато Неджд, дзе лававыя палі, масівы граніту, пясчаніку і вапняку ствараюць шматлікія плато і сталовыя ўзвышшы. На персідскім узбярэжжы пласкагор’е пераходзіць у нізіну Эль-Хаса да 150 км у шырыню.
Клімат трапічны, на поўначы — субтрапічны, пустынны або паўпустынны. Надзвычайна высокая тэмпература і адсутнасць ападкаў характэрны для большай часткі краіны. Лета паўсюль надзвычай спякотнае: летнія тэмпературы вышэй за 50 °C — звычайная справа. Сярэдняя летняя тэмпература ліпеня ад 27 °C да 43 °C. Узімку сярэдняя тэмпература ў сярэднім складае +10 °C, але фіксаваліся паніжэнні да −11 °C, калі выпадаў снег. На поўначы заўважны рэзкія кантрасты сезонных тэмператур. На поўдні ўзімку сярэдняя тэмпература трымаецца каля +20 °C. Начная тэмпература ў пустынях можа быць нізкай нават летам, з-за таго што пясок хутка аддае цяпло пасля заходу сонца. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 80 — 110 мм, прычым, большая частка выпадае ў горных раёнах. Пры тым што ападкаў няшмат, існуе мажлівасць нечаканых паводак. У Эр-Рыядзе ўсе 100 мм ападкаў выпадаюць паміж студзенем і маем, у Джадаху (54 мм) — паміж лістападам і студзенем. Адзіны няблага ўвільготнены раён — горы Асір на паўднёвым захадзе краіны (300—500 мм ападкаў).
Сталых паверхневых вадацёкаў няма. Ручаі і рэкі звычайна напаўняюцца пасля рэдкага дажджу. З гор яны імкліва сцякаюць у мора і хутка высыхаюць.
Амаль усю краіну займаюць пустыні Руб-эль-Халі, Дэхна, Вялікі Нефуд, Эль-Хаса, Джафура. Большая частка тэрыторыі пустынь пазбаўленая расліннага покрыва. Расліны сустракаюцца эпізадычна. Характэрныя розныя віды палыну, акацыі, вярблюджая калючка, багаткі, ююба, саксаул, тамарыску. У гарах Асіра — участкі саван, дзе растуць акацыі, дзікія масліны, міндаль. Фаўна прадстаўлена антылопамі бейза, газэлямі, дзікім аслом, гіенамі, шакаламі, каракаламі, пустыннымі лісамі, аравійскі ваўком, аравійскай кобрай.
Вядомы нацыянальны парк Асір, дзе захоўваюцца такія амаль зніклыя віды дзікіх жывёл, як орыкс (сернабык) і нубійскі горны казёл.
Гісторыя
Аравійскі паўвостраў з’яўляецца радзімай семіцкіх плямён. Ужо ў II-м тыс. да н.э. большасць паўвострава засялялі старажытна-арабскія плямёны. У I-м тыс. да н.э. тут склаіся першыя дзяржавы: Мінейскае, Сабейскае, Хім’ярыцкае царствы. У IV—VI стст. н.э. у Аравіі фарміравалася адзіная арабская народнасць адначасова з узвышэннем вобласці Хіджаз на захадзе Аравіі.
У пачатку VII ст. ў Хіджазе ўзнікла новая рэлігія — іслам, які здолеў аб’яднаць арабскія плямёны. У выніку арабскіх заваяванняў паўстала вялікая дзяржава — Арабскі халіфат са сталіцай у Медыне. Каля 660 г. халіф Муавія I перанёс сталіцу халіфата з Медыны ў Дамаск, пасля чаго Аравія страціла становішча цэнтра дзяржавы.
У пачатку XVI ст. туркі-асманы ўсталявалі кантроль над заходнімі раёнамі Аравіі — Хіджазам і часткай Асіра, а ў XIX ст. англічане падпарадкавалі паўднёвае і ўсходняе ўзбярэжжа. Але цэнтральныя вобласці захавалі сваю незалежнасць. У пачатку XVIII ст. у Недждзе, у аазісе Дэрыя, каля сучаснага Эр-Рыяда ўзнік эмірат на чале з дынастыяй Саўдыдаў, якую заснаваў Сауд (памёр у 1725 г.). Яго сын Мухамед ібн Сауд у 1745 г. падтрымаў рэлігійнага рэфарматара Мухамеда ібн Абд-аль Вахаба, заснавальніка рэлігійна-палітычнага руху вахабізму. Пад сцягам вахабізму Саўдыды аб’ядналі Неджд і заваявалі большую частку Аравіі. У 1811—1818 гг. войскі правіцеля Егіпта Мухамеда Алі разграмілі дзяржаву вахабітаў. У 1842 г. Саўдыды аднавілі свій эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе (праіснаваў да 1891 г.).
У 1902 г. адзін з Саўдыдаў Абд-аль-Азіз адваяваў Эр-Рыяд і абвясціў сябе правіцелем вахабіцкай дзяржавы пад імем Ібн Сауда (1902—1953 гг.). У 1906 г. ён усталяваў уладу над усім Недждам, заваяваў Эль-Хасу (1913 г.), Асір (1920 г.) і Хіджаз (1925 г.). У 1932 г. усе ўладанні Ібн Сауда абвешчаны каралеўствам Саудаўская Аравія. З 1938 г. амерыканская кампанія «Арамка» пачала тут здабычу нафты, прыбыткі ад якой сталі пасля 2-й сусветнай вайны асновай эканамічнага росквіту Саудаўскай Аравіі.
З 1964 г. пры Фейсале (1964—1975 гг.) пераважная ўвага аддвалася развіццю нафтавай прамысловасці, будаўніцтву інфаструктуры і г.д., быў усталяваны кантроль дзяржавы над здабычай нафты; пазіцыі Саудаўскай Аравіі ўзмацніліся ва ўсім мусульманскім свеце. У 1973 годзе, запатрабаваўшы вяртання Ерусаліма і зняўшы саудаўскую нафту з усіх гандлёвых пляцовак, Фейсал справакаваў сусветны энергетычны крызіс. Радыкалізм караля падабаўся не ўсім і праз два гады ён быў застрэлены ўласным пляменнікам. Пасля яго смерці, пры каралi Халідзе знешняя палітыка Саудаўскай Аравіі стала больш умеранай. Падчас Кувейцкага крызісу 1990—1991 гг. Саудаўская Аравія выступіла супраць іракскай акупацыі Кувейта і далучылася да шматнацыянальнай кааліцыі супраць Ірака.
2010-я пачаліся для краіны неспакойна. У 2011 у горадзе Эль-Каціф і правінцыі Усходняя адбыліся шыіцкія хваляванні.http://ru.euronews.com/2011/03/11/gunfire-ahead-of-saudi-day-of-protest Каб не даць пратэстам набраць абароты, улады краіны забаранілі мітынгі і дазволілі паліцыі прымяняць любыя меры. Хваляванні ўлегліся а адзін з шыіцкіх лідараў, аятала Ан Німр быў схоплены і ў 2016 пакараны смерцю.
У 2017 Саудаўская Аравія ачоліла «Квартэт», які пачаў блакаду Катара, абвінаваціўшы яго ў рассадніцтве тэрарызму і сяброўстве з шыіцкім Іранам.
Дзяржаўны лад і палітыка
Палітычная сістэма
Дзяржаўны лад Саудаўскай Аравіі вызначаецца Базавым урадавым дакументам, які быў прыняты ў 1992 годзе. Згодна з ім Саудаўская Аравія з’яўляецца абсалютнай манархіяй, якая кіруецца сынамі і ўнукамі першага караля Абдэля Азіза. Перадача ўлады ў спадчыну па жаночай лініі не прадугледжана. Каран абвешчаны канстытуцыяй Саудаўскай Аравіі. Закон заснаваны на ісламскім праве.
Кіраўніком дзяржавы з’яўляецца кароль. У цяперашні час Саудаўскай Аравіяй кіруе сын заснавальніка краіны кароль Салман ібн Абдэль Азыз ас-Сауд. Тэарэтычна ўлада караля абмежавана толькі нормамі шарыяту. Важнейшыя дзяржаўныя ўказы падпісваюцца пасля кансультацыяў з улемай (групоўка рэлігійных лідараў дзяржавы) і іншымі важнымі членамі саудаўскага грамадства. Каралю падпарадкаваны ўсе галіны ўлады. Кронпрынц абіраецца Камітэтам прынцаў.
Выканаўчая ўлада ў выглядзе Савета міністраў складаецца з прэм’ер-міністра, першага прэм’ер-міністра і дваццаці міністраў. Усе міністэрскія пасады размеркаваны паміж сваякамі караля і прызначаюцца ім самім.
Заканадаўчая ўлада прадстаўлена ў выглядзе нейкага падабенства да парламента — Кансультатыўнай асамблеі (Меджліс аш-Шура). Усе 150 членаў (выключна мужчын) Кансультатыўнай асамблеі прызначаюцца каралём на чатырохгадовы тэрмін. Палітычныя партыі знаходзяцца пад забаронай, некаторыя дзейнічаюць у падполлі.
Судовая ўлада ўяўляе сабой сістэму рэлігійных судоў, дзе суддзі прызначаюцца каралём па прадстаўленні Вярхоўнага судовага савета. Вярхоўны судовы савет у сваю чаргу складаецца з 12 чалавек, якія таксама прызначаюцца каралём. Законам гарантуецца незалежнасць суда. Кароль жа выступае ў ролі вышэйшай судовай інстанцыі з правам на амністыю.
Мясцовыя выбары Нават органы мясцовай улады да 2005 года ў краіне не абіраліся, а прызначаліся. У 2005 годзе ўлады прынялі рашэнне правесці першыя больш чым за 30 гадоў муніцыпальныя выбары. Ад удзелу ў галасаванні былі адхілены жанчыны і ваенныя. Да таго ж абіраўся не ўвесь склад мясцовых саветаў, а толькі яго палова. Іншая палова па-ранейшаму прызначаецца ўрадам. 10 лютага 2005 у Рыядзе адбыўся першы этап муніцыпальных выбараў. Да ўдзелу ў іх былі дапушчаны толькі мужчыны ва ўзросце ад 21 года і старэйшыя. Другі этап прайшоў 3 сакавіка ў пяці рэгіёнах на ўсходзе і паўднёвым-захадзе краіны, трэці — 21 красавіка ў сямі рэгіёнах на поўначы і захадзе краіны. У першым туры ўсе сем месцаў у савеце Рыяду атрымалі кандыдаты, якія з’яўляліся альбо імамам мясцовых мячэцей, альбо настаўнікамі традыцыйных ісламскіх школ, альбо супрацоўнікамі ісламскіх дабрачынных арганізацый. Такі ж расклад сіл паўтарыўся і ў іншых рэгіёнах.
Закон і парадак. Правы чалавека
Крымінальнае права заснавана на шарыяце. Законам забаронены вусныя альбо пісьмовыя абмеркаванні існуючага палітычнага ладу. У краіне строга забаронены ўжыванне і абарот алкаголю і наркотыкаў. За крадзеж належыць адсячэнне ручыцы. Пазашлюбныя палавыя адносіны караюцца пугамі. За забойства, блюзнерства і «вядзьмарства» (прадказанне будучыні, варажба, навядзенне псуты, любоўны чары і падобнае) чакае смяротнае пакаранне.
Аднак варта адзначыць, што прымяненне ўсіх мер пакарання магчыма толькі пры захаванні многіх умоў. У прыватнасці, злодзей можа быць пакараны, толькі калі ёсць, як мінімум, два сведкі, якія сваімі вачыма бачылі злачынства, і ў іх сумленнасці няма сумневаў. Таксама калі будзе ўстаноўлена, што злодзей здзейсніў крадзеж у выпадку крайняй неабходнасці (голад і г. д.), то гэта будзе лічыцца апраўданнем учынку. У цэлым дзейнічае прэзумпцыя нявінаватасці, гэта значыць, што пакуль дакладна не будзе даказана віна, чалавек не лічыцца злачынцам.
У 2010-я сустветную супольнасць ускалыхнула некалькі гучных справаў, звязаных з правамі чалавека ў Саудаўскай Аравіі. У 2014 праваабаронца і блогер Раіфу Бадаві быў асуджаны да 10 гадоў турэмнага зняволення і 1000 удараў бізуном за абразу ісламу. Першыя 50 удараў ён атрымаў 9 студзеня 2015.https://www.theguardian.com/world/2015/jan/09/saudi-blogger-first-lashes-raif-badawi У палітычных справах мае месца прымяненне катаванняў, пры гэтым суды давяраюць «прызнанням», нават калі яны атрыманы пад катаваннямі ці ціскам.