Гервя́цкі край () — абшар кампактнага пражывання аўтахтоннага літоўскамоўнага насельніцтва на левабярэжжы ракі Віліі ў цяперашнім Астравецкім раёне Беларусі, дзе захоўваецца жывая і спецыфічная літоўская мова.

Абазначэнне і лакалізацыя Край знаходзіцца ў ваколіцах аграгарадка Гервяты. Раней абшар ахопліваў да 40 вёсак, аднак цяпер іх налічваюць каля 14—15: Гайголі, Гальчуны, Гелюны, Гіры, Гудзянікі, Керплашына, Кністушкі, Міцюны, Мільцеі, Мацкі, Пелегрында, Петрыкі, Рымдзюны, Зарэчча.

У Літве афіцыйна прынятая назва «Гервяцкі край» — там дзейнічае «Фонд падтрымкі Гервяцкага краю», а таксама неафіцыйны «Клуб выхадцаў з Гервяцкага краю». У асяроддзі саміх літоўскамоўных жыхароў Гервяцкага краю для абазначэння сваёй мясціны бытуе слова krūgelis (беларусізм ад «круг», літаральна «кружок»).

У 2013 годзе ў Вільні была выдадзена кніга «Гервяцкая Літва» (аўтары — этнограф С. Матулявічэне, гісторык В. Вайткявічус і фатограф А. Бальценас). У выданні абагульнены вядомыя раней звесткі пра Гервяцкі край, а таксама асветлены вынікі комплекснай экспедыцыі 2010—2011 гадоў.

Гісторыя фарміравання межаў (1939—1940) У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя Гервяцкі край уяўляў сабой буйны літоўскамоўны анклаў, з усіх бакоў акружаны беларускамоўнымі тэрыторыямі. Гэта было зафіксавана на шматлікіх лінгвістычных картах, у прыватнасці, паводле даследаванняў вядомага літоўскага мовазнаўца Алойзаса Відугірыса.

Пасля паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь восенню 1939 года гэтая тэрыторыя апынулася ў складзе БССР. Калі ўлетку 1940 года, пасля інкарпарацыі Літвы ў склад СССР, вырашалася пытанне аб размежаванні паміж БССР і новаўтворанай Літоўскай ССР, літоўская дэлегацыя прэтэндавала на ўсе тэрыторыі з пераважным балцкім насельніцтвам. 1—2 кастрычніка 1940 года ў Гродна прайшлі савецка-літоўскія перагаворы, на якіх прадстаўнікі Літвы патрабавалі перадаць ім не толькі Свянцянскі раён, Друскінінкай і Дзевянішкі, але і Гервяцкі анклаў.

Аднак беларуская дэлегацыя на чале з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкам катэгарычна адмовілася перадаваць Гервяты Літве. Галоўным аргументам стала тое, што гэты моўны востраў быў шчыльна акружаны славянскімі тэрыторыямі і знаходзіўся занадта далёка ад асноўнай лініі мяжы (у адрозненне ад тых жа Дзевянішак, якія прылягалі да мяжы ўшчыльную). У выніку Гервяцкі край канчаткова застаўся ў складзе Савецкай Беларусі.

Насельніцтва і асіміляцыя Паводле перапісаў другой паловы ХХ стагоддзя, колькасць асоб, якія ідэнтыфікавалі сябе як літоўцы, у Гервяцкім краі паступова зніжалася. У 1970 годзе літоўцамі назваліся 2120 чалавек, у 1979 годзе — 1655, у 1985 годзе — 1312 (што складала 63 % ад жыхароў краю агулам), у 1992 годзе — 1080 чалавек.

Як адзначаюць даследчыкі, нягледзячы на існаванне ўнікальнага моўнага вострава, на працягу XX стагоддзя тут, як і ў іншых памежных рэгіёнах, ішоў актыўны працэс славянізацыі. Літоўская мова паступова выцяснялася беларускай «простай мовай», а пазней рускай і польскай мовамі.

Старажытная спадчына

Пагорак на правым беразе ракі Ашмянкі каля вёскі Зарэчча, насупраць упадзення ракі Лошы, мясцовыя літоўскамоўныя жыхары называюць «Вяльнё пейліс» (з літоўскай — «Чортаў нож»); запісана, што тут бачылі зданяў. Брод праз рэчку Лошу паміж Гальчунамі і Мацкамі носіць назву «Вяльнё цілтас» («Чортаў мост»).

У ельніку каля вёскі Карэйвішкі знаходзіцца сакральны камень з ямкамі, а за паўтара кіламетра ад яго на ўсход, каля вёскі Гайголі, ляжыць другі святы камень. Археолаг В. Вайткявічус датуе пачатак іх ушанавання часамі бронзавага або ранняга жалезнага веку. Паводле мясцовага падання, пад Карэйвішскім каменем схавана французскае золата. Пра Гайгольскі камень кажуць, што вада, сабраная з яго ямак у Купальскую ноч, мае надзвычайную лекавую сілу.

Часамі культуры штрыхаванай керамікі (ІІ тыс. да н.э. — III ст. н.э.) датуецца гарадзішча ў Вялікіх Яцынах на левым беразе Ашмянкі, якое мясцовыя жыхары называюць «Замак».

У Пелегрындзе да 1930-х гадоў жыў вядомы чараўнік і знахар Шымуціс. Падчас этнаграфічных экспедыцый 1970-х гадоў пра яго было сабрана шмат аповедаў. Сваіх ведаў Шымуціс нікому не перадаў.

Мова і культура Літоўская гаворка жыхароў Гервяцкага краю з’яўляецца аўкштойцкай усходнядзуцкай. Першым яе апісаў эстонскі мовазнаўца Петэр Арума ў выдадзенай у Тарту ў 1930 годзе кнізе «Літоўскія прастамоўныя тэксты з Віленскага краю». Найбольш вычарпальна гервяцкую гаворку апісала літоўская даследчыца Ядвіга Кардзяліце ў манаграфіі «Гервяцкая гаворка», выдадзенай у Вільні ў 1975 годзе.

Праз працяглую ізаляцыю ад астатняга літоўскамоўнага масіву тут захавалася багата архаізмаў. Напрыклад, мясцовая гаворка ўжывае чатыры формы меснага склону. У іх ліку дзве — такія, якія былі засведчаныя ў літоўскіх пісьмовых помніках XVI—XVII стагоддзяў, але на сёння зніклі ў астатняй літаратурнай літоўскай мове. Гэта алатыў і адэсіў: адзін паказвае кірунак да аб’екта, другі пазначае знаходжанне каля аб’екта (напрыклад: miškas «лес», miškop «у бок лесу», miškiepi «каля лесу»).

Найбуйнейшыя экспедыцыі ў Гервяцкі край літоўскіх мовазнаўцаў і этнографаў прайшлі ў 1970 і 1992 гадах. У 1997 годзе ў Вільні была выдадзеная кніга «Гервяцкія казкі», а агулам падчас этнаграфічных экспедыцый тут было запісана больш за 660 літоўскіх казак.

Асвета У міжваенны час, калі край уваходзіў у склад Польшчы, у 11 вёсках дзейнічалі пачатковыя школы літоўскага асветніцкага таварыства Віленскага краю «Рытас».

У 1994 годзе за сродкі Літоўскай Рэспублікі ў Рымдзюнах быў пабудаваны Літоўскі культурны, асветны і інфармацыйны цэнтр. У ім была заснаваная Рымдзюнская літоўская сярэдняя школа, дзейнічаў дзіцячы садок, інтэрнат для навучэнцаў і настаўнікаў. Некаторыя настаўнікі ездзілі працаваць з Літвы.

Перад 2022/2023 вучэбным годам іншая літоўская школа ў Пелясе была закрыта беларускімі ўладамі (афіцыйна — за парушэнне правіл пажарнай бяспекі), а Рымдзюнская школа была пераведзена на рускую або беларускую мову выкладання.

Гл. таксама Марыя Юльянаўна Мажэйка

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Геаграфія Астравецкага раёна Катэгорыя:Літоўцы ў Беларусі Катэгорыя:Віленшчына Катэгорыя:Гістарычныя рэгіёны Беларусі