Стары́ за́мак у Гро́дне, за́мак Бато́рыя — адзін з найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры ў Беларусі, комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў XI—XIX стагоддзяў. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе: вуліца Замкавая, 21.
Стары замак адзіны (за выключэннем Новага замка на суседнім пагорку) захаваны каралеўскі замак на землях Беларусі. Працяглы час замак быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх і такім чынам адыгрываў важную ролю ў жыцці чатырох сучасных народаў: беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага. У часы сярэднявечча гродзенскі стары замак быў перадавым пунктам (фарпостам) у барацьбе ўсходнееўрапейскіх народаў з Тэўтонскім ордэнам, набыў славу легендарнага. «Замак Гартэн», як яго называлі прускія храністы, сярод еўрапейскага рыцарства меў славу непрыступнага, паход на які лічыўся справай гонару кожнага тэўтона. Усяго з канца XIII і да пачатку XV стагоддзяў Гродна і яго замкі вытрымалі каля дваццаці нападаў крыжакоў.
Замак размешчаны на высокім і стромкім узгорку на правым беразе Нёмана пры ўпадзенні ў яго рэчкі Гараднічанкі. Пачаў будавацца ў часы Старажытнарускай дзяржавы. Замак неаднаразова руйнаваўся, аднаўляўся і перабудоўваўся. У яго планіроўцы і архітэктуры выяўляюцца напластаванні многіх стагоддзяў. Тапаграфія мясцовасці вызначыла абрыс плану замка, блізкага да трохвугольніка. Працягласць замкавых сцен дасягала амаль 300 м пры сярэдняй таўшчыні каля 3 м. Сцены мелі неаднолькавую вышыню і завяршаліся зубцамі. Ад горада замак аддзяляўся ярам і глыбокім ровам. З гістарычных дакументаў вядомы не менш як шэсць яго розных варыянтаў.
У пачатку XII стагоддзя стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гарадзенскага княства. Тут былі ўзведзены княжацкі церам, Ніжняя царква, Верхняя царква, іншыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У гэты час у замку была пабудавана мураваная сцяна з плінфы, аналагаў якой не было сярод іншых усходнееўрапейскіх збудаванняў.
Да нашых дзён захаваліся палац, фрагменты абарончых сцен, руіны Ніжняй і Верхняй цэркваў, княжацкіх пакояў, мост і замчышча. Самымі вядомымі ўладальнікамі замка былі вялікі князь Вітаўт і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, а таксама славуты абаронца замка Давыд Гарадзенскі.
Цяпер у замку размяшчаецца Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Традыцыйна ўвесь комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак.
Гісторыя
Летапісныя згадванні пра Горадзен. Загадка месцазнаходжання летапіснага Горадна
Нараджэнне Гродна — самая сапраўдная таямніца, якая доўгі час выклікала спрэчкі археолагаў. Не захавалася падрабязных летапісных звестак, легенд ці паданняў пра ўзнікненне Гродна. Толькі археалагічныя знаходкі дазваляюць рабіць высновы аб тым, што ўяўляў сабой горад Горадзен у XII стагоддзі, але не высвятляюць пытанне аб назве горада. У 1127 годзе паселішча ўпершыню згадваецца як Горадзен.
Першая згадка ў летапісах пра гарадзенскіх князёў адносіцца да 1116 года: «Тем же лете Володимер (Манамах) отда дщерь сваю Огафью за Всеволодка». Усевалад, сын Давыда Ігаравіча, гэтак жа як і Агаф’я, быў праўнукам Яраслава Мудрага. Гарадзенскае княства знаходзілася ў арбіце палітыкі кіеўскіх князёў. У знакамітым паходзе на Полацк, арганізаваным кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам у 1127 годзе, калі ўдар на Полацкую зямлю планавалася зрабіць адначасова з чатырох бакоў («четырьми путьми»), згадваецца і «Всеволодко из Городна»; гарадзенскія сілы названы пры гэтым на трэцім месцы пасля Уладзіміра-Валынскага і Турава. Такім чынам, у той час Горадня ўжо існавала, і Гарадзенскае княства ўяўляла сабой значную ваенна-феадальную адзінку. Пацвярджэннем таму можа служыць факт, што ў XII ст. на невялікай плошчы Старога замка знаходзілася сем вуліц-маставых, каменны княжы церам, а перад ім сцяна з плінфы, аналаг якой можна было знайсці хіба што ў Кіеве. Але звесткі летапісаў урыўкавыя і няпоўныя і не даюць поўнага ўяўлення аб месцазнаходжанні горада. Відаць, таму і распачалася спрэчка паміж гісторыкамі ў XIX — пачатку XX ст. аб тым, калі і дзе ўзнік летапісны Горадзен.
Большасць даследчыкаў сцвярджала, што горад, аб якім паведамляюць летапісы, — гэта Гродна над Нёманам. Такой думкі прытрымліваліся даследчыкі В. Антаневіч, П. Сямёнаў, П. Баброўскі, З. Глогер. Падзяляў яе і Я. Арлоўскі, які на IX археалагічным з’ездзе ў Вільні прысвяціў гэтай тэме свой даклад.
Але існавала і другая група вучоных — М. Карамзін, С. Салаўёў, Н. Барсаў, якія лічылі, што вялікая аддаленасць нёманскай Горадні ад найважнейшых старажытнарускіх палітычных цэнтраў не дазваляе злучаць з ёй паведамленні летапісаў, а таму атаясамлівалі летапіснае Гродна з мястэчкам Гарадно, што знаходзіцца ў цяперашнім Столінскім раёне Брэсцкай вобласці — славутым цэнтры народнага ганчарства. Пазней да такога пункту гледжання далучыліся польскія даследчыкі Ю. Ядкоўскі і Г. Лаўмянскі.
Некаторыя гісторыкі (М. І. Ермаловіч і інш.) летапісныя дадзеныя XII ст. адносілі да пінскай Гародні, а звесткі XIII ст. злучалі з Гародняй нёманскай. У пытанні пра месцазнаходжанне горада пасля XIII ст. сярод даследчыкаў рознагалоссяў не было.
Аднак з-за абмежаванасці пісьмовых крыніц ні адзін з бакоў не змог прывесці пераканаўчых довадаў на карысць сваёй пазіцыі. Відавочна, што гэтае пытанне магло быць канчаткова вырашана толькі пры дапамозе археалагічных даследаванняў абодвух населеных пунктаў.
Археалагічныя раскопкі, археалагічныя назіранні, праведзеныя ў Гродне над Нёманам, сведчаць пра існаванне на гэтым месцы горада ў XI ст., у той жа час у «пінскім» Гарадне такі старажытны культурны пласт не прасочваецца.
Узнікненне пасялення на Замкавай гары Зручны для пабудовы паселішча ўчастак берагавога плато быў асвоены старажытным чалавекам яшчэ ў эпоху неаліту (7—4-е тыс. да н.э.). Аб гэтым сведчаць каменныя сякеры і рэшткі штрыхаванай керамікі эпохі ранняга жалезнага веку, якая датуюцца рубяжом нашай эры, а таксама нешматлікія кавалкі грубаляпнога посуду VI—VIII стст..
Да канца I тысячагоддзя, калі славяне пачалі засяляць Панямонне, тут жылі балцкія плямёны. У ходзе каланізацыі славяне будавалі абарончыя паселішчы-крэпасці. Першая хваля славянскай каланізацыі ў Панямонні прыпадае на другую палову X стагоддзя, а вядомы гродзенскі гісторык Я. Ф. Арлоўскі, абапіраючыся на летапісныя звесткі, пісаў, што кіеўскія князі неаднаразова заходзілі ў Горадзенскую вобласць у X—XI стагоддзях, і называў магчымыя даты — 983, 1038, 1040, 1044 гады. Традыцыйна лічыцца, што паселішча на беразе Нёмана ўзнікла ўжо ў канцы X — пачатку XI ст., аднак некаторыя даследчыкі лічаць, што яно ўзнікла ў другой палове — канцы XI стагоддзя.
Першапачаткова яно ўяўляла сабою прыродную пляцоўку, штучна ўмацаваную з паўночнага боку ровам і невысокім валам, які апаясваў усю пляцоўку. Па вяршыні вала па перыметры паселішча быў збудаваны частакол. Паверхня пляцоўкі першапачатковага паселішча мела чашападобную форму, з прагінам у цэнтры. Забудова спачатку размяшчалася хаатычна, па ўсім дзядзінцы. Пазней абазначылася ўязная вуліца, якая выводзіла на невялікую плошчу ў цэнтры паселішча. Ад яе на захад, поўнач і ўсход адыходзілі кароткія правулкі. Не выключана, што на плошчы першапачаткова стаяў драўляны праваслаўны храм, які пазней саступіў месца мураванаму храму XII ст. — Ніжняй царкве.
Паселішча назвалі Горадзен. Трапіць на гарадзішча можна было з усходняга боку праз браму, да якой праз глыбокі яр быў перакінуты драўляны мост. Мяркуецца, што браму дадаткова абаранялі вежы. Тэрыторыя гарадзішча была хаатычна забудавана невялікімі драўлянымі хатамі, побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы: стайні, свірны, хлявы. Адзіная вуліца, якая ішла ад брамы да цэнтра паселішча, заканчвалася невялікай плошчай, выбрукаванай камянямі. Рэшткі гэтай брукаванкі былі знойдзены падчас археалагічных раскопак. Таксама былі знойдзены зброя, упрыгожанні, кавалкі слюды, якая выкарыстоўвалася ў якасці аконнага шкла, і іншыя рэчы, якія сведчаць, што асноўную частку насельніцтва гарадзішча складалі заможныя людзі — княжацкія дружыннікі. Акрамя дружыны, тут жылі людзі, якія яе абслугоўвалі, у асноўным рамеснікі. Паселішча праіснавала нядоўга і загінула падчас пажару, які ўзнік, хутчэй за ўсё, падчас адной з варожых навал. Аплаўленыя кавалкі шкла, слюды і металу сведчаць, што пажар быў моцны і ахапіў усё паселішча, выпаліўшы яго ўшчэнт.
Аднаўленне пасялення
Паселішча адыгрывала значную ролю ў стратэгічных планах славянскіх князёў як крэпасць на балцка-славянскім памежжы, і таму пасля пажару жыццё ў ім не спынілася, а, наадварот, набыло большы размах. Рэшткі папялішча былі засыпаны, а паверхня пляцоўкі зруйнавана. Так утварыўся першы пласт зямлі, які адпавядае першапачатковаму паселішчу другой паловы XI стагоддзя. Над ім ляжыць наступны пласт, багаты знаходкамі XII—XIII стагоддзяў. Таўшчыня яго дасягае трох метраў, што сведчыць аб інтэнсіўным будаўніцтве, якое ішло на пляцоўцы Старога замка.
Пасля пажараў у першую чаргу былі адноўлены абарончыя ўмацаванні. Умацаваны дзядзінец быў пабудаваны на месцы паселішча XI ст. і стаў умацаваным цэнтрам старажытнай Горадні. Па краях замкавага пагорка быў узведзены шырокі (да 15 м) і высокі абарончы вал з пяску, культурнага слоя і суглінку. У сярэдзіне для трываласці былі закладзены дубовыя і сасновыя бярвёны, а вонкавы схіл выкладзены камянямі. Па версе вала замест ранейшага вастраколу пабудавалі драўляныя сцены-гародні з баявой галерэяй, па вуглах сцен і ў самых небяспечных месцах абароны былі пастаўлены вежы. Ад узвышша з боку поля замак аддзяляў глыбокі яр. Паступова адбудавалі дамы і гаспадарчыя пабудовы.
Ужо ў канцы XII ст. Горадна вылучаецца сярод іншых гарадоў Панямоння, што адбілася і на яго планіроўцы. Планіроўка паселішча вызначылася на доўгія гады, забудова стала больш шчыльнай. Найбольш інтэнсіўнае будаўніцтва на тэрыторыі замка ішло ў XII — пачатку XIII ст., забудова аднаўлялася кожныя 6—8 гадоў. Цэнтральная частка замкавага двара мела драўляную жылую забудову, якая захоўвала сваю планіроўку на працягу XII—XVII стагоддзяў.
Асноўная вуліца шырынёй 2 метры, вымашчаная часанымі дошкамі, ішла ад уязной брамы да плошчы, на якой, верагодна, знаходзілася драўляная царква. Уздоўж вуліцы і адыходзячых ад яе завулкаў стаялі невялікія агароджаныя двары, якія належалі рамеснікам і чэлядзі. Сярэднія памеры горадзенскіх жылых пабудоў XI—XIV ст. складалі 12—16 м², шырыня вуліц — 2—3,2 м. Кожны двор меў драўляную хату (памерам прыкладна 4x4 м) з глінабітнаю печкаю і некалькі гаспадарчых пабудоў. Дамы зрубнай канструкцыі былі ў большасці аднапакаёвыя, але сустракаліся двух- і нават трохпакаёвыя дамы. Археолагі заўважылі, што, у адрозненне ад іншых гарадоў, у Гродне дамы ставілі не на зямлю, а на падмуркі з камянёў ці на ўкапаныя ў зямлю драўляныя палі. Падлога насцілалася з колатых драўляных дошак, у кутку знаходзілася печка-каменка. На тэрыторыі замка знаходзілася і некалькі сядзіб, якія складаліся з двух-пяці жылых і гаспадарчых пабудоў; магчыма, сярод іх былі і двухпавярховыя. Сядзібы агароджваліся частаколам з плах, двары, як і вулічная маставая, высцілаліся дошкамі.
Аналіз шматлікіх знаходак рэшткаў керамічнага посуду дае ўяўленне аб этнічным складзе насельніцтва горада і сведчыць, што, акрамя дрыгавічоў і валынян, насельнікамі Горадна з’яўляліся прадстаўнікі заходнеславянскіх плямён.
Абмежаваная абарончымі збудаваннямі, плошча гарадзішча не давала магчымасці паселішчу расці. Будаўніцтва перакінулася на супрацьлеглае ўзвышша, якое цяпер называецца Новым замкам, дзе сяліліся рамеснікі і гандляры.
Пасяленне хутка развівалася і ўжо ў XII ст. мела моцныя драўляна-земляныя ўмацаванні. На паўночным схіле пагорка вучоныя знайшлі руіны мураванай сцяны даўжынёй каля 12 м, складзенай з цэглы-плінфы. Некалі яе даўжыня дасягала 45 метраў, шырыня — 1,5 м, а вышыня — не менш за 5 м. Рэшткі другой цаглянай сцяны былі выяўлены ва ўсходняй частцы дзядзінца. Падобныя драўляна-каменныя абарончыя збудаванні, якія датуюцца XII ст., на беларускіх землях больш нідзе не сустракаюцца.