Старэ́нне мета́лаў — змена механічных, фізічных, хімічных уласцівасцей металаў і іх сплаваў, абумоўленае тэрмадынамічнай неўраўнаважаннасцю зыходнага стану і паступовым набліжэннем структуры да раўнаважнага стану ва ўмовах дастатковай дыфузнай рухомасці атамаў.

Адбываецца ў звычайных умовах (натуральнае старэнне) або пры награванні (штучнае старэнне). Асноўны працэс — распад перанасычанага цвёрдага раствору, які звычайна атрымліваецца пры загартоўцы і суправаджаецца павышэннем трываласці, каэрцытыўнай сілы, электраправоднасці, зніжэннем пластычнасці і ўдарнай вязкасці. Да працэсу старэння дадаецца дэградацыя павярхоўнага пласта за кошт зносу, карозіі і інш.

Штучнае старэнне металаў ужываецца для павышэння трываласці сталей і сплаваў на аснове алюмінію, медзі, тытану і інш., паляпшэння характарыстык магнітна-цвёрдых матэрыялаў. Дасягаецца пластычным дэфармаваннем, спецыяльнай тэрмічнай апрацоўкай, радыеактыўным абпрамяненнем, лазернай і ультрагукавой апрацоўкай.

Адмоўны ўплыў старэння металаў прадухіляецца больш дасканалай тэхналогіяй выплаўкі, легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай.

Літаратура

Лахтин Ю. М., Леонтьева В. П. Материаловедение. — М.: Машиностроение, 1990. — 528 с. — ISBN 5-217-00858-X. Деформационное старение в сталях / В. М. Фарбер, О. В. Селиванова, В. А. Хотинов, О. Н. Полухина. — Екатеринбург: Изд‑во Урал. ун‑та, 2018. — 72 с. — ISBN 978-5-7996-2389-0.

Спасылкі Большая энциклопедия нефти и газа на сайте НПЦ «Знание» Естественное и искусственное старение металлов // Metallurgist.pro

Катэгорыя:Металазнаўства