Huawei Technologies Co., Ltd. — кітайская транснацыянальная карпарацыя са штаб-кватэрай у Шэньчжэні, правінцыя Гуандун. Huawei распрацоўвае і прадае тэлекамунікацыйнае абсталяванне, бытавую электроніку і сонечныя батарэі.
Карпарацыя была заснавана ў 1987 годзе Жэнем Чжэнфэем, былым афіцэрам Народна-вызваленчай арміі (НВАК). Першапачаткова Huawei засяроджвалася на вытворчасці тэлефонных камутатараў, пазней пашырыла свой бізнес і займаецца стварэннем тэлекамунікацыйных сетак, прадастаўленнем паслуг і абсталявання для прадпрыемстваў у Кітаі і за яго межамі, а таксама вытворчасцю прылад сувязі для спажывецкага рынку.
Huawei прапануе свае прадукты і паслугі больш чым у 170 краінах. Кампанія перагнала Ericsson у 2012 годзе ў якасці найбуйнейшага вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання ў свеце. У 2018 годзе перагнала Apple як другі па велічыні вытворца смартфонаў у свеце пасля Samsung Electronics. У 2018 годзе Huawei паведаміла пра гадавы даход у памеры 108,5 мільярда долараў ЗША. У ліпені 2020 года Huawei ўпершыню апярэдзіла Samsung і Apple па колькасці тэлефонаў, пастаўленых па ўсім свеце.
Нягледзячы на тое, што Huawei дасягнула поспеху на міжнародным узроўні, карпарацыя сутыкаецца з крытыкай з-за празмернай дзяржаўнай падтрымкі з боку кітайскага ўрада, сувязяў з Народна-вызваленчай арміяй Кітая, а таксама занепакоенасці тым, што інфраструктурнае абсталяванне Huawei можа дазволіць кітайскаму ўраду сачыць за карыстальнікамі. З развіццём бесправадных сетак 5G ЗША і іх саюзнікі заклікалі не супрацоўнічаць з Huawei або іншымі кітайскімі тэлекамунікацыйнымі кампаніямі. Huawei у сваю чаргу сцвярджае, што яе прадукты не ўяўляюць рызыкі для кібербяспекі, што ЗША не прадставілі доказаў шпіянажу і што гэтыя абвінавачванні крывадушныя, паколькі амерыканскі ўрад сам мае дзяржаўныя праграмы адсочвання.
Гл. таксама Lenovo
Спасылкі Сайт Huawei Беларусь Прадукты Huawei у Беларусі
Катэгорыя:Тэлекамунікацыйныя кампаніі Катэгорыя:Гандлёвыя маркі Кітая Катэгорыя:Кампаніі Кітая