Акцябрска-Любанскае парызанскае злучэнне — тэрыторыя паўднёвых раёнаў Мінскай і паўночных раёнаў Палескай абласцей, якую кантралявалі партызаны. Створана ўвосень 1941 года ў выніку вызвалення партызанамі частак Любанскага, Старобінскага, Акцябрскага і Глускага раёнаў. Зону ўтрымлівалі злучэнне партызанскіх атрадаў Акцябрскага раёна (13 атрадаў, 1300 чалавек) на чале з Ф. І. Паўлоўскім, з красавіка 1942 года злучэнне партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, з сакавіка 1943 года Мінскае і Палескае партызанскія злучэнні. Да чэрвеня 1942 года былі вызвалены 418 населеных пунктаў, да канца 1942 года тэрыторыя каля 4 000 км². У 1943 годзе зона злілася на поўначы са Слуцка-Капыльскай, на захадзе з Ленінскай партызанскімі зонамі. Утварыўся партызанскі край плошчай каля 8 000 км², у які ўваходзілі Акцябрскі раён, часткі Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Слуцкага, Грэскага, Уздзенскага, Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Капаткевіцкага, Глускага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Петрыкаўскага, Парыцкага, Ленінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага і іншых раёнаў. У зоне дзейнічалі падпольныя абкамы і райкамы КПБ і ЛКСМБ, пярвічныя і партыйныя і камсамольскія арганізацыі, штабы Мінскага і Палескага партызанскіх злучэнняў, Акцябрскі і Любанскі райвыканкамы, у некаторых раёнах — выканкамы сельсаветаў; выдаваліся газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», раённыя газеты. Было наладжана гаспадарчае жыццё, у многіх населенных пунктах адкрыты школы. З мая 1942 года наладжана радыёсувязь з Масквой, дзейнічалі партызанскія аэрадромы.

Нямецкая армія неадначасова спрабавала пранікнуць на тэрыторыю зоны. Было праведзена больш за 10 карных аперацый і паводле няпоўных звестак знішчана больш за 25 000 мірных жыхароў, каля 6 000 вывезена на катаржныя работы ў Германію. Каля трох гадоў больш за 40 000 партызан абаранялі насельніцтва зоны ад сіл акупантаў, якія размяшчалі свае гарнізоны па перыметры партызанскай зоны ўздоўж чыгункі Лунінец — Калінкавічы — Жлобін — Асіповічы — Ляхавічы. 7 лістапада 1942 года пасля парада і мітынга прысвечанага 25-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, партызаны брыгад імя К. Я. Варашылава і 2-й Мінскай нанеслі праціўніку вялікя страты ў жывой сіле на берагах ракі Пціч і ў Старыцкім лесе. Баі па абароне зоны вялі ў студзені — лютым 1943 і 1944 Мінскае і Палескае партызанскія злучэнні. Пад націскам намнога большых сіл праціўніка і з-за недахопу боепрыпасаў брыгады вымушаны былі пакідаць свае раёны дыслакацыі. Аднак яны хутка туды вярталіся і працягвалі баявыя дзеянні.

У гонар барацьбы партызан у 1968 годзе быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Зыслаў».

Гл. таксама Пціцкая аперацыя Старыцкі бой Лаўскі бой Карная аперацыя «Bamberg» Аперацыя «Альберт I» Аперацыя «Альберт II» Карная аперацыя «Франц» Карная аперацыя «Свята ураджаю» Карная аперацыя «Горнунг» Карная аперацыя «Nixe» Карная аперацыя «Цёплы вецер» Карная аперацыя «Марабу»

Літаратура

Катэгорыя:Партызанскія зоны Катэгорыя:З’явіліся ў 1941 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1944 годзе