Кувейтцы — народ (этнічна ў асноўным арабы), які жыве на тэрыторыі Кувейта, дзяржавы на паўночным усходзе Аравійскага паўвострава і ўзбярэжжы Персідскага заліва.

Колькасць Паводле перапісу насельніцтва 1957 года ў краіне жыло 206,4 тыс. чалавек, у 1985 годзе — 1,712 млн, у 1995 — 1,576 млн, у 2001 — 2,275 млн чалавек . Хуткі рост насельніцтва абумоўлены прыцягальнасцю Кувейта для імігрантаў.

Этнічная гісторыя Продкі кувейтцаў — плямёны Аравійскага паўвострава, у якіх у другой палове 2-га тысячагоддзя да н. э. пасля адамашнівання вярблюда пачаў складацца гаспадарча-культурны лад качэўнікаў-вярблюдаводаў — бедуінаў.

Мова Кувейцкія народныя дыялекты адрозніваюцца ад літаратурнай, як і іншыя дыялекты арабскай мовы, шэрагам фанетычных, лексічных і граматычных асаблівасцей.

На фарміраванне кувейцкага дыялекту паўплывала ўзаемадзеянне з персідскай, турэцкай, англійскай мовамі і мовамі Індыі, а таксама гутарковая мова бедуінскіх плямёнаў Аравійскага паўвострава. Кувейцкі дыялект найбольш падобны да дыялекту жыхароў паўднёвых раёнаў Іраку і паўночнага ўсходу Саудаўскай Аравіі. У кувейцкім дыялекце шмат слоў персідскага, турэцкага і індыйскага паходжання. Ёсць словы запазычаныя з англійскай і французскай моў. Англійская мова — рабочая ў гаспадарчай дзейнасці, навуцы і сувязях з чужаземцамі, але не трапіла ў сферу камунікацыі паміж кувейтцамі, нягледзячы на працяглы перыяд брытанскага панавання.

Побыт і традыцыі Пасля атрымання Кувейтам незалежнасці, грамадская свядомасць жыхароў імкліва змянялася. Але для кувейтцаў як і раней засталіся вельмі важнымі такія маральныя катэгорыі як адданасць племені і роду, ахвярнасць у імя іх інтэрасаў; гасціннасць, спачуванне. Светаадчуванне кувейтцаў, іх уяўленні пра адносіны у грамадстве і сям’і фарміраваліся ў суровых умовах пустыні, у якой залежнасць людзей ад сіл прыроды мае вялікую ролю.

Кувейтцы традыцыйна вітаюць адзін аднаго поціскам рук і пацалункам шчакі. Звычайна мужчыны і жанчыны не абменьваюцца больш чым некалькімі словамі, і, магчыма, поціскам рукі. Для мужчын і жанчын дапушчальна пацалаваць шчаку, калі яны звязаны блізкай роднасцю.

Гасціннасць у Кувейце часта выяўляецца праз падачу чаю і кавы. Вельмі рэдка госцю ў доме, офісе або нават якім-небудзь складзе, не прапануюць чай або каву. У кувейцкай бедуінскай традыцыі адмова госця ад гарбаты або кавы часам успрымаюць як абразу гаспадара, бо разглядаюць гэта як адмаўленне госцем намаганняў гаспадара быць гасцінным.

Гарадскія пасяленні Шчыльнасць насельніцтва — 122,9 чал. на 1 км². 98 % насельніцтва жыве ў гарадах. Самы вялікі горад — сталіца Эль-Кувейт, дзе засяроджана амаль усё насельніцтва краіны. Традыцыйная гарадская планіроўка — бязладная, з вузкімі вуліцамі і завулкамі, але ў сталіцы праз сучасную перапланіроўку мала што захавалася ад традыцыйнай, прыкладна такая ж сітуацыя і ў іншых гарадах Кувейта.

Традыцыйная ежа Традыцыйная ежа кувейтцаў — пшанічныя або ячменныя аладкі, гародніна, фінікі і іншая садавіна, кіслае малако, авечы сыр, топленае масла, свежая або сушаная рыба. Стравы — пшанічная або кукурузная каша-бургуль з кіслым малаком або кавалачкамі мяса, мачбус — плоў з рыбай і гароднінай, салуна — тушаныя з рознай гароднінай рыба або мяса, кябаб — смажанае мяса з памідорамі. Стравы звычайна вострыя, кувейтцы дадаюць у ежу шмат спецый і вострай гародніны (напрыклад мясцовы караняплод руад, доўгае мясістае лісце багл і дробныя лісткі барбір).

Традыцыйнае адзенне Традыцыйнае адзенне кувейтцаў значна не адрозніваецца ад характэрнага для ўсіх рэгіёнаў Паўночнай Аравіі бедуінскага касцюма. Мужчынскае адзенне складаюць доўгая і шырокая кашуля звычайна белага колеру, штаны чырвонага колеру, куфія, звычайна ў чырвона-белую клетку або з чырвоным узорам, якую трымае закручаны вакол галавы чорны ваўняны жгут-ікаль. Даўней Кувейт славіўся промыслам вырабу арнаментаваных чырвоных куфій-куайці, даўно выцесненых фабрычнымі. Традыцыйны абутак — скураныя сандалі.

Багата жыхароў краіны аддае перавагу еўрапейскаму стылю адзення. Сучаснае адзенне кувейтцаў уяўляе сабой спалучэнне арабскіх і еўрапейскіх элементаў. Многія гараджанкі не выходзяць у грамадства з непакрытай галавой, некаторыя і з незакрытым тварам.

Традыцыйнае жытло Звычаёвае жытло качэўнікаў і паўкачэўнікаў — чатырохкутны шацёр з чорнай (звычайна казінай) шкуры, бывае з брызенту; аселых арабаў — каркасна-слупавы дом. Са старажытных гарадскіх жытлаў пераважаюць адна- і двухпавярховыя дамы з плоскім дахам, акружаным парапетам са скразнымі адтулінамі для сцёку дажджавой вады; пабудаваныя з сырцовай цэглы. Багатыя дамы з каменю на вапнавай рошчыне будавалі з высокім створкавым парталам, арнаментаваным алебастравай ляпнінай і некалькімі арачнымі галерэямі па фасадзе. Вокны традыцыйных дамоў выходзяць ва ўнутраны двор.

З сярэдзіны XX ст. большую частку Эль-Кувейта перабудавалі на сучасны ўзор, мноства старых дамоў зруйнавалі, але ж элементы традыцыйнай гарадской архітэктуры дацяпер захоўваюцца ў пабудовах.

Дзяржаўны лад Паводле Канстытуцыі 1962 года, Кувейт — канстытуцыйная манархія.

Уладар дзяржавы — эмір. З 16 снежня 2023 года эмірам стаў Мішааль аль-Ахмед аль-Джабэр ас-Сабах, адзінакроўны брат былога эміра Навафа аль-Ахмед аль-Джабэр ас-Сабаха.

Эмір прызначае кіраўніка ўраду, мае права роспуску парламента — Меджліса або Нацыянальнай Асамблеі, падпісвае законапраекты, можа вяртаць іх на дапрацоўку ў Меджліс. Эмір — вярхоўны галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Кувейта, прызначае на ключавыя пасады ў арміі Кувейта, у тым ліку камандуючых родамі войскаў. Паводле Канстытуцыі, эмір юрыдычна недатыкальны, але яго крытыка ў СМІ не забаронена.

Акрамя таго, эмір прызначае кронпрынца. Аднак кандыдатуру кронпрынца ўхваляюць члены ўладарнай кіруючай сям’і і зацвярджае Нацыянальная асамблея. Калі Нацыянальная Асамблея галасуе супраць прапанаванай эмірам кандыдатуры, эмір абавязаны прадставіць у Асамблею трох іншых кандыдатаў з уладарнай сям’і і Асамблея выбірае аднаго з іх. Эмір прызначае прэм’ер-міністра з членаў уладарнай сям’і. Прэм’ер-міністр у сваю чаргу прызначае на пасады ва ўрадзе. Усе міністры — члены Нацыянальнай асамблеі, як мінімум адзін міністр — абраны. Ключавыя міністэрствы ўзначальваюць члены ўладарнай сям’і.

Заканадаўчая ўлада належыць эміру і аднапалатнаму нацыянальнаму сходу — Меджліс аль-Джума або Нацыянальная Асамблея. Пяцьдзясят дэпутатаў абіраюць праз усеагульныя выбары на чатырохгадовы тэрмін, яшчэ пятнаццаць прызначае прэм’ер-міністр. Палітычныя партыі забаронены.

Кувейт — адзіная краіна Персідскага заліва з выбарным заканадаўчым органам, пры гэтым эмір і галава ўладарнай сям’і тут таксама праходзіць працэдуру выбараў і зацвярджэння, у адрозненне ад спадчынных манархій суседніх краін.

Заўвагі

Літаратура

Мелкумян Е. С. Правящая элита Кувейта на пороге XXI века // Этническая история Африки / Политическая элита Ближнего Востока. — М.: ИИИиБВ и ИВ РАН, 2000. — 176 с. Мелкумян Е. С. Кувейт в 60-е — 80-е годы: Социально-политические процессы и внешняя политика. — М., 1989. — 175 с.

Спасылкі Kuwait: Geography, Government, History Насельніцтва Кувейта

Катэгорыя:Народы Блізкага Усходу Катэгорыя:Арабы Катэгорыя:Народы Кувейта