Беспарадкі ў турме Тамары — канфлікт паміж зняволенымі ў жаночай турме ў Тамары (Гандурас), які адбыўся 20 чэрвеня 2023 года.

Ход падзей Жаночая турма ў Тамары, дэпартамент Францыска Марасан, размешчана прыблізна за 20 км ад сталіцы Гандураса Тэгусігальпы. На момант бунту тут утрымлівалася ад 800 да 900 зняволеных, што ўдвая перавышала намінальную ёмістасць. Ва ўстанове часта адбываліся канфлікты, асабліва паміж бандамі 18th Street і MS-13.

Па словах Дэльмы Ардоньес, прэзідэнта асацыяцыі сем’яў зняволеных, у дзень беспарадкаў здарылася бойка паміж членамі канкуруючых банд 18th Street і MS-13. Прадстаўнікі першай групоўкі ўварваліся ў камерны блок, адкрылі агонь па іншых зняволеных і падпалілі памешканне. Большасць ахвяр загінулі ў агні, некаторых расстралялі.

Першапачаткова было абвешчана, што загінуў сама меней 41 чалавек. Пазней гэтая лічба павялічана да 46. Сямёра зняволеных накіраваны на лячэнне ў сталіцу. Тая частка турмы, дзе адбыліся сутыкненні, была цалкам разбурана.

Рэакцыя Ксіёмара Кастра, прэзідэнт Гандураса, абвінаваціла турэмную бяспеку і праваахоўныя органы ў халатнасці і нават маўклівым садзейнічанні ўдзельнікам беспарадкаў, заявіўшы ў сацыяльных сетках, што яна «прыме радыкальныя меры».

Хутка ўрад Гандураса выдаў два ўказы: адзін аб’явіў надзвычайнае становішча ў сувязі з інцыдэнтам, а другі загадаў вайскоўцам пабудаваць турму строгага рэжыму на Лебядзіных астравах, дзе будуць знаходзіцца кіраўнікі груповак і найбольш маргінальныя вязні.

Заўвагі

Катэгорыя:Канфлікты 2023 года Катэгорыя:Чэрвень 2023 года Катэгорыя:Падзеі 20 чэрвеня