«Слоўнік фізічнай тэрміналогіі» (арыг. Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі) — руска-беларускі перакладны слоўнік фізічнай тэрміналогіі. Праект слоўніка быў апублікаваны ў 1929 г. ў Менску пад эгідай Беларускай акадэміі навук, як 21 выпуск серыі «Беларуская навуковая тэрміналогія»Муравіцкая А. М. СТАНАЎЛЕННЕ І ДЫНАМІКА НОРМАЎ У БЕЛАРУСКАЙ ФІЗІЧНАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ (На матэрыяле «слоўніка фізычнае тэрмінолёгіі» (1929) і «слоўніка сучаснай беларускай мовы» (2009)) . 2010.

Праект слоўніка быў складзены выкладчыкам фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта А. Ю. Міцкевічам у 1927—1928 гг. Дапамагала ў гэтай працы і настаўніца Н. А. Вераскоўская. У сярэдзіне 1928 года пачатковы праект слоўніка фізічных тэрмінаў быў разгледжаны Камісіяй у складзе прафесара Я. Сіроціна, Я. Сняткова, А. Круталевіча і А. Міцкевіча. Пасля дапаўненняў і некаторых змен ён быў перададзены ў Інстытут навуковай мовы для перагляду і зацвярджэння. Перад зацвярджэннем у Інстытуце навуковай мовы праект фізічнай тэрміналогіі разглядаўся ў Аддзеле прыроды і гаспадаркі Беларускай акадэміі навук і ў Горацкім навуковым таварыстве (пры сельскагаспадарчай акадэміі). У канчатковым выглядзе «Слоўнік фізычнае тэрмінолёгіі» налічваў 6906 тэрмінаў.

У прадмове адзначалася, што слоўнік, як і ўсе папярэднія тэрміналагічныя выданні, выходзіць у свет у якасці праекта і таму ўключаныя ў яго тэрміны маюць дыскусійны характар Беларуская мова: тэрміналогія фізікі і матэматыкі [Электронны рэсурс] : вучэб.-метад. дапам. / Д. В. Дзятко, М. К. Чаеўская, А. М. Муравіцкая. — Мінск : БДУ, 2016. ISBN 978-985-566-317-2..

Таксама адзначалася, што асноўнымі прынцыпамі пры яго стварэнні былі: 1) збліжэнне з інтэрнацыянальнай фізічнай тэрміналогіяй; 2) выкарыстанне багацця жывой народнай мовы. У адпаведнасці з гэтымі прынцыпамі, каля паловы тэрмінаў, што змяшчае слоўнік, з’яўляліся міжнароднымі і не патрабавалі сваямоўных адпаведнікаў: адсорпцыя, акумулятар, амплітуда, антэна, дыфракцыя, дыфузія, тэмпература, электрон і інш.

Але таксама прапаноўваліся тэрміны, створаныя на аснове жывой народнай мовы:

амперметр ртутный — ампэрмэтар жывасрэбны выпрямитель — выпрастач выпуклость — пукатасьць, гайка — мутэрка жом — сьціскач заряд — набой зарядный ток — набойны ток кипятильник — варнік клапан — затамка зажим — заціскач мощность — патужнасьць плоскость — роўніца плотность — шчыльнасьць полый проводник — пуста-парожні праваднік разряд — распрыжэньне разрядитель — распрыжальнік разрядник — распрыжнік распаивание — разьнітоўванне скважина — зяўрына сжатие — сьціск сплав — стопак станок — паставок трубка — рурка уравнение — раўнаньне ускорение — прыскарэньне шатун — хадун

Такія тэрміны з цягам часу былі заменены (у пераважнай большасці) на транслітараваныя рускія, напрыклад: выпуклость — выпукласць, заряд — зарад, клапан — клапан, полый проводник — полы праваднік, разряд — разрад, станок — станок, шатун — шатун і г. д.

Перавыданне Усе 27 выпускаў «Беларускай акадэмічнай тэрміналогіі» былі перавыдадзены ў 2010 годзе факсімільным спосабам у чатырох тамах часопісам «ARCHE». «Слоўнік фізычнае тэрміналёгіі» ўвайшоў у 3-і том выдання.

Бібліяграфія Беларуская навуковая тэрміналогія = La terminologie scientifique Blanche-Ruthénienne : [слоўнік]. — Менск : выданне Інстытута беларускай культуры, 1922―. — 22―24 см. — Вып. 21: Слоўнік фізічнай тэрміналогіі : (праект) : [руска-беларускі слоўнік] / Беларуская акадэмія навук, Аддзел гуманітарных навук, Інстытут навуковай мовы. — Выданне Беларускай акадэміі навук, 1929. — 287 с.

Спасылкі Слоўнік фізічнае тэрмінолёгіі (праект) (БНТ)

Катэгорыя:Перакладныя слоўнікі Катэгорыя:Кнігі 1929 года Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Фізіка ў Беларусі