Вольга Славаміраўна Бондарава, па нараджэнні Каранкевіч (; нар. 20 кастрычніка 1982, в. Чарлёнка, Гродзенская вобласць) — прарасійская актывістка ў Беларусі. Вядома напісаннем даносаў на нелаяльных рэжыму Лукашэнкі асоб, вынікам чаго становіцца іх палітычны пераслед. Таксама піша звароты супраць ужывання беларускай мовы ў грамадскай прасторы, выступае супраць афіцыйнага шанавання беларускіх нацыянальных дзеячаў, піша звароты дзеля скасавання беларускіх канцэртаў і мерапрыемстваў. Яе ініцыятывы часта падтрымліваюць чыноўнікі рэжыму на месцах, выконваючы прапановы.
Біяграфія Нарадзілася 20 кастрычніка 1982 года ў вёсцы Чарлёнка. Імаверна, выхоўвалася без бацькі, пра гэта гаварылі прысутныя на адным з судовых пасяджэнняў.
Большасць часу нідзе афіцыйна не працавала. У 2018 годзе непрацяглы час была на невядомай пасадзе ў штаце кампаніі «Чысты свет плюс». Астатні час Бондарава ў дзяржаўных базах даных, паводле інфармацыі «Кіберпартызан», пазначана як «беспрацоўная».
Прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.
Не пазней за 2021 год уступіла ў Камуністычную партыю Беларусі. На старонках партыйнай газеты «Коммунист Беларуси» Бондараву называлі спецыялістам аддзела гістарычнага аналізу Цэнтра вывучэння перспектыў інтэграцыі ЕАЭС (2021), выканаўцай абавязкаў сакратара па агульных пытаннях Мінскага гаркама КПБ і адказным сакратаром рэдакцыі (2023). У красавіку 2023 года была ўзнагароджана медалём ЦК КПБ.
У 2022 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Вучыцца на бюджэце на дзённым аддзяленні філалагічнага факультэта, спецыяльнасць — «Беларуская мова і літаратура».
У канцы ліпеня 2024 года стала вядома, што Бондарава была выключана з Камуністычнай партыі Беларусі.
26 сакавіка 2025 года была затрыманая і асуджана судом Маскоўскага раёна Мінска на 13 сутак адміністрацыйнага арышту.
Погляды Беларускае выданне Zerkalo.io ацаніла погляды Вольгі як непаслядоўныя. Хоць Бондарава і была належнай да камуністычнай партыі Беларусі, аднак ідэалагічна яна далёкая ад савецкіх ідэй. Вольга Бондарава заклікае гадаваць дзяцей «рускімі нацыяналістамі», а таксама заклікае прасоўваць «рускі свет» унутры Расіі і за яе межамі. Zerkalo.io аднесла погляды Вольгі да «». Таксама выданне адзначыла ў поглядах актывісткі беларусафобію, гамафобію і ксенафобію.
Грамадская актыўнасць
Пратэсты 2020 года ў Беларусі У 2020 годзе ў самы разгар масавых акцый пратэсту Вольга Бондарава разам з былым супрацоўнікам спецслужб Дзмітрыем Беляковым заснавала ініцыятыву «Інфаспецназ Беларусь», якая супрацьстаяла інфармацыі з незалежных каналаў.
Праводзіла акцыю «Антывандал», узгодненую з «органамі правапарадку». Сутнасць акцыі, паводле Бондаравай, «у ліквідацыі сімволікі дэструктыўнага зместу, якая нясе антыдзяржаўны сэнс». Бондарава з аднадумцамі зрывала бел-чырвона-белыя стужкі і зафарбоўвала бел-чырвона-белую сімволіку на вуліцах Гродні. Гэта стала прычынай некалькіх канфліктаў з пратэстоўцамі, што вылілася ў шэраг судовых працэсаў. Уступіла ў «Саюз блогераў Беларусі», з якога яе выключылі ў ліпені 2021 года за «парушэнне прафесійнай этыкі».
Пацярпелая ў судах Вольга праходзіла пацярпелай у справе Васіля Пільца, якога абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі на «хімію». 14 снежня 2020 года на вуліцы Агінскага ў Гродне Пілец быццам «схапіў яе за шыю левай рукой, здушваючы, прыцягнуў да сябе, затым заціснуў, здушваючы шыю, паміж плячом і перадплеччам правай рукі, тым самым прычыніў фізічны боль і маральныя пакуты». Паводле Бондаравай, яна адчула пачуццё знявагі, страх за сваё жыццё і здароўе. Васіль Пілец казаў, што выйшаў на шпацыр з сынам і з сабакам. Сабака пацягнула дзіця, тое ўпала на пешаходную дарожку і запэцкалася ў фарбе, якой карысталася Бондарава для замалёўвання надпісаў, што ёй не падабаліся. Пілец зрабіў Бондаравай заўвагу, а тая пачала здымаць яго на мабільны тэлефон. З гэтага пачаўся канфлікт, які скончыўся ў судзе, дзе Бондарава спагнала з Пільца матэрыяльную кампенсацыю маральных пакут — 1000 рублёў. 12 лютага 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Гродні прысудзіў Васілю Пільцу год «хатняй хіміі» паводле ч. 1 арт. 339 КК «Хуліганства». Пазней Гродзенскі абласны суд замяніў «хатнюю хімію» на сапраўдную.
Паводле таго ж артыкула з удзелам Бондаравай асудзілі на паўтара года калоніі Вадзіма Плаўскага. У мясцовым скверы ён развешваў белыя стужкі, калі да яго падышла Бондарава і пачала здымаць на тэлефон. Адбыўся канфлікт, у выніку якога мужчыну асудзілі. Плаўскі адбываў тэрмін у ПК № 15 і 17 студзеня 2022 года выйшаў на волю.
Вольга Бондарава фігуравала таксама ў справе аб «Штрафе за гноміка» — звярнулася ў міліцыю па факце «пратэстнага дэкору» ў кватэры сваёй былой аднакласніцы.
Актывісцкая дзейнасць пасля заканчэння вулічных пратэстаў Вольга Бондарава змагаецца супраць беларускасці, у якой бачыць уцісканне рускамоўных у Беларусі. Таксама змагаецца супраць усіх праяў заходняга свету, пры гэтым часта апелюе да «разбэшчвання моладзі».
Змаганне з заходнім уплывам Праз актыўнасць Бондаравай у Беларусі ў 2022 годзе забаранілі святкаваць Хэлоўін.
Паводле яе ініцыятывы ў снежні 2022 — студзені 2023 года ў Гродне скасавалі паказы навагодняга дзіцячага спектакля «Монстры на навагодніх канікулах».
З яе падачы з дзяржаўнага тэлебачання знялі сацыяльную рэкламу супраць гвалту над дзецьмі, якую фундавала амерыканская арганізацыя USAID. Пасля скаргаў Бондаравай Камітэт дзяржаўнага кантролю пачаў правяраць пункты продажу цацкі «Хагі-Вагі», якую яна называла праявай сатанізму. Таксама скардзілася на кандытарскую ўстанову, якая прадавала пірожныя ў форме мужчынскіх і жаночых палавых органаў.
Знайшла ў рэкламе бонсцікаў ад «Еўраопта» прапаганду ЛГБТ. Пазней палічыла такой самай прапагандай выяву блогера Дзім Дзімыча ў іншай рэкламе «Еўраопта». У выніку сетка прыбрала рэкламы, якія не спадабаліся Бондаравай.
Змаганне супраць беларускасці Бондарава данесла на выстаўлены ў прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне партрэт беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара аўтарства Алеся Пушкіна. Пасля гэтага генеральная пракуратура распачала крымінальную справу за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Прастору ліквідавалі, а мастака Алеся Пушкіна асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі. У ліпені 2023 года ён памёр у зняволенні.
Адна з пачынальнікаў кампаніі супраць скасавання Інструкцыі па транслітарацыі беларускіх назваў літарамі лацінскага алфавіта, створанага на аснове беларускай лацінкі. У далейшым гэту кампанію падтрымалі іншыя прарасійскія дзеячы, такія як Вадзім Гігін, Аляксей Дзермант, Ігар Марзалюк і інш. 24 сакавіка 2023 года Інструкцыя была канчаткова скасавана.
Праз яе звароты бібліятэка ў Астраўцы не атрымала імя Адама Мальдзіса, як было запланавана. Бондарава назвала дзеяча «прапольскім калабарантам».
Праз ініцыятыву Бондаравай са школьнай праграмы па літаратуры выключылі творы Артура Вольскага і Уладзіміра Ягоўдзіка.
Дабівалася зносу помніка Ларысе Геніюш у Зэльве на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы, пасля чаго яго прыбралі ў невядомае месца.
Імаверна, датычная да знікнення памятнай шыльды ў гонар паўстанцаў 1863—1864 гадоў, у 1990-х гадах усталяванай на сцяне гродзенскага чыгуначнага вакзала. Гродзенскія ўлады пагадзіліся прыбраць са спісу знакавых для горада персон на сайце гарадской бібліятэкі нацыянальных герояў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшку.
Канфлікты з рэжымам Лукашэнкі У ліпені 2023 года заявіла, што кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў высунуў супраць яе галаслоўныя абвінавачанні, і запатрабавала прад’явіць ёй афіцыйныя абвінавачанні.
«Мне стала вядома пра тое, што вы асмеліліся распаўсюджваць пра мяне не адпаведныя рэчаіснасці звесткі, што нібыта я з’яўляюся „другім Ціханоўскім“, абражаю Ю. Х. Караева і У. С. Караніка, што праз такіх, як я, адбыўся дзяржпераварот», — напісала Бондарава.
Праз тыдзень яна запісала відэа з выбачэннямі за свае словы.
«Спрыяе распальванню варожасці і нянавісці», — напісала яна ў заяве ў Генпракуратуру на дэпутата і гісторыка Ігара Марзалюка. Прычынай стаў выступ Марзалюка на тэлеканале СТБ, дзе ён выказаўся за пазітыўную дыскрымінацыю рускай мовы — своеасаблівыя льготы для беларускамоўных.
Канфлікт з Бондаравай мае старшыня гродзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца, якая абуралася, што на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць прапагандыстка прыехала з «голай філейнай часткай».
У пачатку 2025 года аб’ектам яе нападак стала Ганна Лукашэнка, нявестка Аляксандра Лукашэнкі, больш вядомая пад творчым псеўданімам Ганна Сялук. Прычынай стала тое, што маладыя беларускія блогеры і артысты, такія як Дзім Дзімыч (Дзмітрый Сіўчык), Улька Пулька (Ульяна Сталярова), Анджыліша (Ангеліна Міхалёва) і Улад Кабякоў, якія былі звязаныя з пралукашэнкаўскім прадзюсарскім цэнтрам «Флагман М’юзік» і якіх Вольга Бондарава вінаваціла ў садаміі і разбэшчванні моладзі, апынуліся пад пратэкцыяй Ганны Сялук. Блогеры ўдзельнічалі перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарам у прапагандысцкім «Марафоне адзінства» ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, працоўнай групай якога кіравала Ганна Сялук. Вольга Бондарава называла яе мянушкай «Сялуха» і адкрыта крытыкавала яе дзейнасць:
Вайна ва Украіне
З пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну Бондарава перайменавала канал з ужываннем лацінскіх літар Z і V, сімваламі падтрымкі расійскай агрэсіі і рашызму, і ён называўся «БондареVа. БеZ купюр». Распаўсюджвала праз канал рэпосты расійскага прапагандысцкага кантэнту.
Сям’я Станам на красавік 2023 года разведзена. Мае дачку. Былы муж працаваў дальнабойшчыкам у Германіі, таксама падтрымліваў Лукашэнку, праз што меў праблемы з калегамі-беларусамі.
Крыніцы
Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі