План рэпатрыяцыі нелегальных замежнікаў — план урада Пакістана па рэпатрыяцыі замежных грамадзян, якія альбо не маюць сапраўднай пакістанскай візы, альбо пратэрмінавалі візу больш чым на адзін год. Рэалізацыя пачалася 1 лістапада 2023 года.
Кампанія па дэпартацыі нелегалаў накіравана галоўным чынам супраць афганцаў.
Перадгісторыя Афганская міграцыя ў Пакістан пачалася ў 1979 годзе. Хаця многія вярнуліся дадому, значная колькасць бежанцаў, як з дакументамі, так і без, засталіся. Апошні прыток бежанцаў (не менш за 600 000 чалавек) адбыўся пасля захопу Кабула талібамі ў жніўні 2021 года.
План быў распрацаваны ў адказ на рост колькасці тэрактаў у Пакістане. Пакістанскія афіцыйныя асобы заявілі, што са студзеня адбылося 24 выбухі тэрарыстаў-смяротнікаў, 14 з якіх учынілі грамадзяне Афганістана. На той момант у краіне пражывала каля 4,4 мільёна афганцаў, з іх 1,4 мільёна зарэгістраваны як бежанцы, 1,3 мільёна як імігранты, больш чым 1,7 мільёна знаходзіліся нелегальна.
Дэпартацыя 3 кастрычніка 2023 года на пасяджэнні камітэта Нацыянальнага плана дзеянняў (НПД) пад старшынствам часовага прэм’ер-міністра Анварула Хака Какара было абвешчана, што ўсе замежныя грамадзяне, якія нелегальна пражываюць у краіне, павінны добраахвотна пакінуць краіну да 31 кастрычніка. За месяц больш за 100 тысяч афганцаў вярнуліся на радзіму.
Наступныя дзеянні ўладаў прадугледжвалі ідэнтыфікацыю і дэпартацыю незарэгістраваных замежнікаў, якія яшчэ заставаліся ў краіне. Для ўтрымання парушальнікаў і наступнага вяртання на радзіму Міністэрства ўнутраных спраў стварыла па ўсёй краіне 49 спецпунктаў.
1 лістапада ўрад пачаў агульнанацыянальную аперацыю па дэпартацыі нелегалаў. Для ажыццяўлення кампаніі праведзена мабілізацыя сілавых структур.
Мішэнню сілавікоў сталі не толькі афганцы без дакументаў, але і афганцы з пакістанскім грамадзянствам. У рамках аперацыі ўрад Пакістана канфіскаваў маёмасць і іншыя актывы на 4 млрд долараў.
У мэтах рэгулявання нелегальнай іміграцыі Пакістан увёў так званы «рэжым аднаго дакумента», які прадугледжвае, што кожны замежнік павінен мець сапраўдную візу.
Рэакцыя Масавая дэпартацыя была асуджана ААН, Human Rights Watch і Amnesty International.
Урад талібаў выказаў рашучае непрыняцце дзеянняў Пакістана па дэпартацыі афганцаў і заклікаў краіну перагледзець сваё рашэнне.
Заўвагі
Катэгорыя:Дэпартацыя Катэгорыя:Лістапад 2023 года Катэгорыя:2023 год у палітыцы Катэгорыя:Палітыка Пакістана