Гроднасельбудпраект — колішні праектна-вышукальніцкі інстытут «Гроднааблсельбуда». Размяшчаўся ва ўласным будынку па вуліцы К. Маркса, 31 (1973, арх. В. Бажко) у Гродне.
Гісторыя Заснаваны 13 мая 1960 года як Гродзенскае абласное міжкалгаснае праектна-каштарыснае бюро «Аблміжкалгаспраект» упраўлення па будаўніцтве ў калгасах выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. З 14 верасня 1965 года Гродзенская абласная міжкалгасная праектная арганізацыя «Аблміжкалгаспраект» Галоўкалгасбуда БССР.
12 снежня 1969 года ператвораны ў Гродзенскі філіял Беларускага рэспубліканскага праектна-вышукальніцкага інстытута «Белкалгаспраект» Беларускага рэспубліканскага аб’яднання міжкалгасных будаўнічых арганізацый. У гэты час інстытут размяшчаўся ў будынку па Савецкай вуліцы, 23.
На базе філіяла 1 ліпеня 1986 года створаны Гродзенскі праектна-вышукальніцкі інстытут «Гроднасельбудпраект» Гродзенскага абласнога кааператыўна-дзяржаўнага аб’яднання па сельскім будаўніцтве «Аблсельбуд» (з 2 лютага 1996 — Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага праектна-будаўнічага аб’яднання па сельскім будаўніцтве «Гроднааблсельбуд»).
5 чэрвеня 2000 года ператвораны ў праектна-вышукальніцкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства. З 31 ліпеня 2002 года даччынае прадпрыемства «Гроднасельбудпраект» Гродзенскага абласнога вытворчага праектна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Гроднааблсельбуд».
Ліквідаваны 6 ліпеня 2016 года.
Кірункі працы Асноўнымі кірункамі працы былі: праектаванне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, механізаваных майстэрскіх і машынных двароў, распрацоўка праектаў планіроўкі і забудовы сельскіх населеных пунктаў, жылых і грамадскіх будынкаў, праектаванне ўнутры- і міжгаспадарчых дарог.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Праектныя арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі Гродна Катэгорыя:Вуліца Карла Маркса (Гродна) Катэгорыя:1960 год у Гродне