«Верым, можам, пераможам!» — беларускі палітычны і спартыўны лозунг. З’явіўся ў 2006 годзе, як перайначаная версія іншага беларускага дэмакратычнага слогана «Хочам! Можам! Пераможам!». Актыўна выкарыстоўваўся хакейнымі і футбольнымі фанатамі, а таксама стаў адным з асноўных пратэстных лозунгаў у 2006 і 2020 годзе.

Гісторыя Лозунг быў прыдуманы палітыкам Паўлам Севярынцам. Ён замяніў першы дзеяслоў іншага дэмакратычнага лозунгу «Хочам! Можам! Пераможам!», які гучаў на вуліцах Беларусі з 2001 года. Упершыню слоган прагучаў 19 сакавіка 2006 года на Кастрычніцкай плошчы у Мінску падчас прэзідэнцкіх акцый пратэсту.

Акрамя палітычных маніфестацый, лозунг таксама выкарыстоўваўся фанатамі падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе . Кампанія «Кока-Кола» выкарыстоўвала слоган у рэкламнай акцыі, а балельшчыкі скандавалі яго перад хакейным матчам Беларусь — Латвія. Лозунг стаў адной з самых папулярных крычалак фанатаў хакейнага клуба «Дынама» Мінск. Футбольныя балельшчыкі таксама скандавалі «Верым, можам, пераможам!» на трыбунах «Барысаў-Арэны» ў 2016 годзе.

Відазмененая версія слогана «Любім, можам, пераможам!» фігуравала на першым перадвыбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай у Мінску. Выраз часта з’яўляўся на акцыях пратэсту і перформансах 2020 года. Са жніўня 2020 па люты 2021 года лозунг неаднаразова з’яўляўся ў выглядзе надпісаў на плотах. А таксама фігураваў на знакамітай трансфарматарнай будцы на «Плошчы Перамен». 24 верасня 2020 года мастак Уладзімір Цэслер правёў у Кіеве выстаўку пратэстных плакатаў, якая называлася «Верым! Можам! Пераможам!». Слоган стаў адным з самых папулярных хэштэгаў пратэстнай актыўнасці ў сацыяльных сетках 2020—2021 года.

Аналіз Слоган можна аднесці да традыцыйных беларускіх лозунгаў, якія гучалі да масавых пратэстаў 2020 года. Яго можна назваць прэцэдэнтным (аўтарскім), створаным падчас пратэстаў, але які атрымаў шырокі распаўсюд і вядомасць у грамадстве. Лозунг з’яўляецца рэлевантным беларускай мове (фіксуецца скандаванне толькі на беларускай мове). Яго пераклад на іншую мову можа значна зніжаць пазнавальнасць і нават прагматычную прэсупазіцыю.

У ходзе з «у асноўным рускамоўнымі» пратэстамі 2020 года беларускамоўны лозунг успрымаўся як сімвал дзяржаўнасці, этнічнай і культурнай прыналежнасці, а таксама апазіцыі цяперашняму прарасійскаму ўраду.

Літаратура

Катэгорыя:Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі Катэгорыя:Акцыі пратэсту ў Беларусі Катэгорыя:Спорт у Беларусі ў 2014 годзе Катэгорыя:Палітычныя лозунгі Беларусі