Шоа, шау, або шува (), таксама адносяцца да бакара () — культурна-моўная група арабаў у Афрыцы. Жывуць у Чадзе, Камеруне, ЦАР, Нігеры. Агульная колькасць (2023 г.) — 4 101 000 чалавек.Language: Arabic, Chadian Spoken
Паходжанне Назва шоа паходзіць ад наймення возера Чад, вакол якога першасна рассяляліся прадстаўнікі групы. Іх таксама адносяць да лінгвістычнай групы бакара (літаральна «пастухі»), якая аб'ядноўвае шоа з суданскімі групамі арабаў, што лічацца нашчадкамі арабаў з мясцовымі афрыканскімі народамі. Шоа падзяляюцца на некалькі плямёнаў з асабістай генеалогіяй.
Паводле паданняў саміх шоа, іх продкамі былі бедуіны, што перасяліліся ў Цэнтральную Афрыку з Аравіі праз тэрыторыі сучасных Егіпта і Судана. Як асобная група яны маглі сфарміравацца ў XVII ст. у выніку змяшэння з фульбэ.
Культура Чадскія арабы традыцыйна сумяшчаюць паўкачавую жывёлагадоўлю з абрашальным земляробствам. Трымаюць кароў, авечак, коз. Шоанская парода кароў адрозніваецца невялікімі памерамі і цягавітасцю. Вырошчваюць проса, бавоўнік, арахіс, гародніну. Шоа — выдатныя рамеснікі, асабліва славяцца перапрацоўкай металаў. У мінулым важную ролю адыгрываў пасрэдніцкі гандаль з суседнімі плямёнамі, у тым ліку рабамі. Афіцыйна рабства было забаронена ў канцы XIX ст.
Шоа звычайна селяцца ўздоўж водных крыніц, што дазваляе ім адначасова займацца як жывёлагадоўляй, так і земляробствам. Хаця земляробства мае найбольш важную ролю, трыманне статкаў дае значны прэстыж, паколькі свойская жывёла разглядаецца як сімвал эканамічнага дабрабыту. Распаўсюджаны часовая арэнда сельскагаспадарчых зямель або займанне зямельных надзелаў у абмен на прадукты і паслугі. У паўночным Камеруне такая практыка прывяла да працяглага канфлікту з катока, фармальнымі маёмаснікамі зямель. У іншых месцах назіраюцца канфлікты з іншаэтнічнымі жывёлагадоўцамі з-за вадапояў. Жывуць у плеценых каркасных хацінах, часцяком абмазаных глінай.
Аснова традыцыйнага грамадства — племя, што злучае асобныя сем'і з агульным паходжаннем па мужчынскай лініі. Знутры плямёны сацыяльна не аднастайныя. Вылучаюцца пашыраныя сем'і з высокім і нізкім статусам, вызначаным паходжаннем. Улада шэйхаў, правадыроў плямён, перадаецца па спадчыне. Распаўсюджана палігінія, калі мужчына мае права мець да 4 жонак. Дзеці ад шлюбаў з прадстаўніцамі мясцовых народаў заўсёды ніжэй па статусу за дзяцей ад арабскіх жанчын.
Асноўная рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Тым не меней, распаўсюджаны вера ў злых і добрых духаў, фантастычных істот, магію.
Спасылкі Arabs People in Chad Thomas E. Levy, Augustin F.C. Holl Migrations, Ethnogenesis, and Settlement Dynamics: Israelites in Iron Age Canaan and Shuwa-Arabs in the Chad Basin Patrice Pahimi Taxation and the dynamics of cross-border migration between Cameroon, Chad and Nigeria in the colonial and postcolonial period Peoples of the North Fongnzossie Fedoung, Evariste, Tize Zra, Christine Fernande Nyangono Biyegue, Achille Nouga Bissoue, Suzanne Baraye, and Nole Tsabang. 2018. "Herbal Cosmetics Knowledge of Arab-Choa and Kotoko Ethnic Groups in the Semi-Arid Areas of Far North Cameroon: Ethnobotanical Assessment and Phytochemical Review" Cosmetics 5, no. 2:31
Катэгорыя:Народы Нігера Катэгорыя:Народы Камеруна Катэгорыя:Народы Чада Катэгорыя:Народы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі Катэгорыя:Арабы