Беларускія прозвішчы — беларускія сямейныя спадчынныя найменні, якія дадаюцца да імя і імя па бацьку чалавека. Першыя з іх датуюцца канцом XIV — пачаткам XV стагоддзя, калі тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Вынікам складанага і працяглага шляху развіцця антрапаніміі ў розных рэгіёнах стала разнароднасць беларускіх прозвішчаў. Асноўны корпус беларускіх прозвішчаў з’явіўся ў XVII—XVIII стагоддзях, аднак яны не былі ўстойлівымі, абавязковымі. Строга спадчыннымі і юрыдычна замацаванымі яны сталі толькі ў 1930-х гадах.

Гісторыя Беларуская сістэма прозвішчаў у поўнай меры адлюстроўвае складанае і багатае палітычнае жыццё краіны і нясе ў сабе сляды шматлікіх культурных уплываў. Па гэтай прычыне ў асновах беларускіх прозвішчаў могуць быць словы, звязаныя з літоўскай, польскай, рускай мовамі. З суседніх народаў толькі латышы не пакінулі прыкметнага адбітку ў беларускім фондзе прозвішчаў. Сярод прозвішчаў, утвораных ад апелятыўнай лексікі, каля 55 % утваральных асноў тлумачацца на базе лексікі беларускай мовы, прыкладна 6 % — рускай, прыкладна па 3 % — украінскай, літоўскай і цюркскіх моў. Каля 33 % асноў невядомага паходжання.

Першыя ўстойлівыя фамільныя назвы прымаліся магнатамі з другой паловы XV стагоддзя. Гэтыя старажытныя радавыя імёны: Сапега, Тышкевіч, Пац, Хадкевіч, Глебавіч, Няміра, Ёдка, Ільініч, Гарнастай, Грамыка — шырока распаўсюджаныя сярод беларусаў і сёння. Аднак асноўная маса прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя ў першай палове XVI стагоддзя працягвала карыстацца зменнымі найменнямі па бацьку тыпу Гневаш Тварыянавіч або Барташ Аляхновіч, зрэшты як і сяляне. Да канца стагоддзя большасць шляхецкіх родаў ужо абзавялася пастаяннымі радавымі імёнамі. Хоць прыклады змены радавога наймення сустракаліся часта, напрыклад, род Давойна стаў насіць мянушку Салагубы і г. д. Прозвішчы шляхты маглі ўзнікнуць з імя па бацьку або дзедзіцтва (на -овіч/-евіч) — Вайніловіч, Федаровіч, ад назвы маёнтка або вотчыны (на - скі/-цкі) — Бяляўскі, Бароўскі, або ад мянушкі прабацькі — Воўк, .

У Беларусі прозвішчы, як самастойны клас антрапаніміі, пачалі складацца ў XVII—XVIII стагоддзях. Аднак яшчэ ў першай палавіне XVIII стагоддзя не было ўстойлівых найменняў з кампанентам тыпу сучасных прозвішчаў. Многія з іх бяруць свой пачатак ад старажытнарускіх дахрысціянскіх імёнаў, якія ў XVI—XVIII стагоддзях усё больш страчвалі функцыю імя і набліжаліся да функцыі прозвішча.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе пашыраецца колькасць прозвішчаў з суфіксамі -оў/-аў/-еў/-ін, уласцівыя для рускай антрапанімікі — Казлоў, Кавалёў, Новікаў.

У старабеларускіх юрыдычных актах XV—XVIII стагоддзяў адзначаюцца двух-, трох- і чатырохсастаўныя найменні асобы, у якіх на першым месцы стаіць асабовае імя, на другім — імя па бацьку, на трэцім — імя па дзеду, на чацвёртым — назва мясцовасці, імя-мянушка, другое імя мужчыны. Напрыклад, Андрэй Фёдаравіч, Улас Лукініч, Яцко Канашэвіч; Павел Іванавіч Менчуковіч, Пётр Янавіч Арэфін, Майсей Дзянісаў Пастухоў, Ян Мікалаевіч Каменскі; Леў Федковіч Заневіч Доха, Станіслаў Васкевіч Тофцік Сухадольскі з іменья Сухадола. Сустракаюцца і іншыя камбінацыі. На працягу XVIII—XIX стагоддзяў выпрацавалася трохкампанентная мадэль наймення чалавека — імя, імя па бацьку, прозвішча.

Тыпы прозвішчаў Сярод беларускіх прозвішчаў выдзяляюцца: простыя: Гусак, Жук, Каляда, Вярба; вытворныя: Курыловіч, Міхасёў, Кліменка, Зарэцкі; складаныя: Белавусаў, Сяміжон, Чарнабай; двайныя: Бялыніцкі-Біруля, Забэйда-Суміцкі, Карпаў-Мухін.

Найбольш тыповымі для беларусаў з’яўляюцца прозвішчы на -овіч (-авіч), -евіч (-эвіч), -іч (Адамовіч, Круталевіч, Трафімовіч, Жыткевіч, Рамановіч), на -оў (-аў), -ёў (-еў), -ін (-ын) (Цароў, Гулідаў, Бяляеў, Ільін, Батурын), -ёнак (-онак) (Сідаронак, Макаёнак), -енка (-энка), -анка (Аўдзеенка, Анічэнка), -ук (-юк) (Лукашук, Радзюк), -еня (-эня) (Мікалаеня, Петручэня, Варвашэня), -ейка (-эйка) (Адамейка, Кудрэйка). Досыць шырокае распаўсюджанне атрымалі прозвішчы на -скі, -цкі (Гуліцкі, Беразоўскі, Бараноўскі).

Прозвішчы, як і імёны, адлюстроўваюць асаблівасці і якасці, уласцівыя чалавеку: Моўчан, Піскун, Пагуляй, Шыпіла, Плакса, Шчарбун, Курнос, Сіпач. Многія з іх указваюць на прафесію продкаў: Пекар, Рыбак, Пільнік, Мыслівец, Кушнер, Дудар, Калеснік, Рымар, Швец, на паходжанне з пэўнай мясцовасці: Мсціславец, Ашмянец, Падлужны, Палянскі, Падгайскі, Загорскі.

Прозвішчы на -оў/-еў, -ін Прозвішчы з суфіксамі -оў/-еў, -ін/-ын складаюць агульны тып, бо маюць аднолькавую матывацыю — утвараюцца ад імя ці імя-мянушкі бацькі суфіксам -оў/-еў ад назоўнікаў мужчынскага роду на зычны, а суфіксам -ін/-ын ад назоўнікаў жаночага роду і назоўнікаў мужчынскага роду на -а. У рознай меры вядомы ўсім славянскім мовам.

У Беларусі доля прозвішчаў з суфіксамі -оў/-еў, -ін/-ын складае 31,8 % (-оў/-еў — 24 %, -ін/-ын — 7,88 %). Тэрытарыяльна яны размешчаны нераўнамерна. Максімальнае распаўсюджанне прозвішчаў з суфіксам -оў/-аў/-еў у Магілёўскай вобласці, дзе ў некаторых раёнах яны складаюць больш за 50 % і нават больш за 60 %. Напрыклад, у Чавускім — 66 %, Шклоўскім — 63 %, Быхаўскім — 62 %, Рагачоўскім — 61 %, на поўнач ад Оршы аж да Віцебска і на паўночны захад ад Рагачова 30—50 %, на захад ад Віцебска ў Віцебскай вобласці і на захад ад Гомеля — 10—30 %, далей на ўсход у Мінскай вобласці — менш 10 %, а ў паўднёвай частцы Гомельскай вобласці і ў Брэсцкай — яшчэ ніжэй 5—10 %, а ў Гродзенскай вобласці і паўднёвай частцы Брэсцкай вобласці — спарадычна ці адсутнічаюць зусім.

Такім чынам, у Беларусі назіраецца змяншэнне частотнасці прозвішчаў тыпу -оў/-еў у напрамку з усходу на захад. Арэал максімальнай прадукцыйнасці гэтых прозвішчаў ва ўсходняй і паўночнай частцы рэспублікі прыкладна супадае з тэрыторыяй, якая была далучана да Расійскай імперыі ў 1772 годзе ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай. У працэсе арганізацыі новай адміністрацыйнай структуры, пашырэння на беларускія гарады прынцыпаў рускага гарадскога кіравання, упарадкавання памешчыцкага землекарыстання і прывядзення да прысягі ўсяго насельніцтва далучанай часткі Беларусі пры афармленні розных дакументаў большасць насельніцтва была запісана пад прозвішчамі з суфіксамі -ов/-ев.

Прозвішчы на -ін/-ын у асноўным распаўсюджаны ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, на паўночным усходзе Мінскай і Гомельскай абласцей.

Прозвішчы на -скі/-цкі Прозвішчы з суфіксам -скі/-цкі вядомы ўсім славянскім мовам. У Беларусі такія прозвішчы складаюць 9,87 % і займаюць другое месца. Найбольш часта яны сустракаюцца ў Гродзенскай, Мінскай і заходняй частцы Віцебскай абласцей. На поўнач ад Мінска, у зоне паміж Маладзечнам і Барысавам, і ў заходняй частцы Віцебскай вобласці яны складаюць больш за 40 %. На тэрыторыі, акрэсленай лініяй Мінск — Чэрвень — Слуцк — Навагрудак — Маладзечна — Мінск, і на поўдзень ад Гродна іх больш за 20 %. На астатняй тэрыторыі Гродзенскай, Мінскай і Віцебскай абласцей — больш за 10 %, на перыферыі Беларусі — у Брэсцкай вобласці, паўднёвай і ўсходняй частцы Гомельскай, усходняй частцы Магілёўскай і паўночнай частцы Віцебскай — да 10 %.

Прозвішчы на -іч/-іц Суфікс -іч/-іц, з’яўляючыся адным з асноўных сродкаў аналітычнага абазначэння патранімічнасці, у той ці іншай меры ўласцівы ўсім славянскім мовам зараз ці быў вядомы ў мінулым. Пры дапамозе суфіксаў -іч, -іц утвораны прозвішчы ад поўных і скарочаных формаў старажытных славянскіх мужчынскіх імён і ад так званых імён-мянушак — апелятыўных назваў асобы па якой-небудзь асаблівасці яе носьбіта ці па відзе дзейнасці. Пры спалучэнні з суфіксамі -оў, -еў, -ін утварыліся расшыраныя суфіксы -овіч, -евіч, -ініч.

У Беларусі прозвішчы на -іч, -овіч складаюць 8,32 % і займаюць трэцяе месца. Максімальная прадуктыўнасць гэтых прозвішчаў адзначана на паўночнай ускраіне Мінскай вобласці ў зоне Вілейка — Крывічы — Бягомль, дзе яны складаюць звыш 50 %. На ўсход — у зоне ад Барысава — больш за 40 %. Ад 30 % да 40 % у трох ізаляваных адна ад адной зонах: у Віцебскай вобласці на паўночны захад ад Полацка і ў Брэсцкай вобласці ў зоне Пружан і зоне Лунінца. У паўднёва-заходняй частцы Мінскай вобласці і ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці ў зоне Мінск — Чэрвень — Слуцк — Баранавічы — Ліда — Маладзечна ад 20 % да 30 %. Звыш 10 % — у Гродзенскай вобласці ў зонах на захад ад Ліды, на поўдзень ад Свіры, у Віцебскай вобласці — у зоне Віцебск — Орша, у Мінскай — на ўсход ад Чэрвеня. На поўдзень ад Баранавіч і паўднёвы ўсход ад Слуцка. Менш за 10 % у паўночна-ўсходняй частцы Віцебскай вобласці, на пераважнай частцы Магілёўскай вобласці, у паўночнай частцы Гомельскай вобласці і ў зоне Брэст — Кобрын у Брэсцкай вобласці. Не адзначаны прозвішчы з суфіксамі -іч, -овіч/-евіч у паўднёва-ўсходняй частцы Гомельскай вобласці — у зоне Рэчыца — Мазыр — Лоеў.

Прозвішчы на -ук/-юк Прозвішчы з суфіксам -ук/-юк складаюць украінска-беларуска-рускі арэал з адзіным ядром найбольшай прадуктыўнасці, якое знаходзіцца на сумежнай тэрыторыі паўночна-заходняй Украіны (Валынская, Ровенская, Жытомірская вобласці) і паўднёва-заходняй Беларусі (Брэсцкая вобласць). Па меры аддалення ад гэтага ядра і на Украіне, і на Беларусі назіраецца паступовае ўбыванне прадуктыўнасці прозвішчаў з суфіксам -ук. Максімальная прадуктыўнасць адзначана ў невялікай зоне паўднёва-заходняй часткі Брэсцкай вобласці на поўдзень ад Брэста і Кобрына — больш за 50 %. Вакол гэтай зоны ў межах Беларусі знаходзіцца невялікая зона Брэст — Пружаны — Кобрын з прадуктыўнасцю 30—50 %.

Не адзначаны гэты тып прозвішчаў у Магілёўскай вобласці, усходняй частцы Віцебскай і Гомельскай, паўночнай частцы Мінскай і ў раёне Ліды ў Гродзенскай вобласці. На ўсёй астатняй тэрыторыі прадуктыўнасць такіх прозвішчаў знаходзіцца ў межах да 10 %.

Прозвішчы на -ік/-чык Прозвішчы на -ік/-чык генетычна ўзыходзяць да дэмінутыўных формаў, утвораных ад уласных асабовых імён і антрапонімаў апелятыўнага паходжання. У беларускай мове прозвішчы з суфіксамі -ік/-ык, -чык (Красік, Куксік, Поўсцік, Пузік, Галоўчык, Доўжык, Базыльчык, Грынчык) складаюць 5 %, з якіх суфікс -чык — 1,34 %. Найбольш часта яны прадстаўлены на паўночнай ускраіне Брэсцкай і ў паўднёвай частцы Гродзенскай абласцей, дзе яны распаўсюджаны ў межах 10—20 %, а ў некаторых зонах іх прадуктыўнасць дасягае 30 %. У паўночна-заходняй частцы Гродзенскай вобласці, пераважнай частцы Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей прозвішчы на -ік/-ык, -чык не адзначаны ці сустракаюцца спарадычна. На ўсёй астатняй тэрыторыі Беларусі прадуктыўнасць такіх прозвішчаў у межах 1—10 %.

Прозвішчы на -енка На Беларусі асноўны масіў бытавання прозвішчаў з суфіксам -енка знаходзіцца ва ўсходняй частцы краіны — на ўсход ад лініі Бягомль — Барысаў — Чэрвень — Слуцк — Лунінец. Ядро максімальнай прадуктыўнасці гэтых прозвішчаў знаходзіцца не на паграніччы з Украінай, а ў зоне Віцебска, дзе яны складаюць больш за 50 %. У Гомельскай вобласці найбольш распаўсюджаны ў паўднёвай частцы Лоеўскага раёна (гэтая зона сумежная з ядром масіву прозвішчаў на -енка ва Украіне — Чарнігаўская і Кіеўская вобласці), дзе складаюць больш за 40 %. У раёне Мазыра і Рэчыцы — больш за 30 %. У паўночна-ўсходняй частцы Гомельскай вобласці (на поўнач ад Гомеля і ўсход ад Рагачова), ва ўсходняй частцы Магілёўскай вобласці (на ўсход ад Быхава і Магілёва) і на паўднёва-ўсходняй ускраіне Віцебскай вобласці (на ўсход ад Оршы), а таксама ў паўночнай частцы Віцебшчыны (на поўнач і ўсход ад Полацка і на поўнач ад Віцебска) яны складаюць ад 10 % да 30 %.

Менш за 10 % складаюць прозвішчы на -енка ў межах Віцебскай і Гомельскай абласцей на захад ад лініі Полацк — Віцебск — Орша — Магілёў — Быхаў — Рагачоў — Мазыр, а таксама Мінскай вобласці ў зоне Мінск — Маладзечна — Навагрудак — Баранавічы і Брэсцкай вобласці — у зоне Пружаны — Брэст — Кобрын. У Гродзенскай вобласці, а таксама ў Мінскай у зоне Вілейка — Бягомль — Барысаў — Чэрвень — Слуцк і ў Брэсцкай вобласці ў зоне Лунінец — Пінск прозвішчы з суфіксам -енка адсутнічаюць ці сустракаюцца толькі спарадычна.

Прозвішчы на -ец/-эц, -авец