Се́льскі схо́д () — распарадчы орган саслоўнага сялянскага кіравання сельскай грамадой у Расійскай імперыі. З правядзеннем дзяржаўнай рэформы вёскі 1830—1850-х гадоў стаў састаўной часткай адміністрацыйна-гаспадарчага кіравання казённых сялян. Складаўся з выбарных сельскіх службовых асоб (сельскага старшыны, старастаў, зборшчыкаў падаткаў, наглядчыка сельскага хлебнага магазіна) і сялян (па 2 ад 10 двароў).
У дзяржаўных вёсках уласна Расіі, левабярэжжа і поўдня Украіны сельскі сход быў скасаваны ў выніку контррэформы М. М. Мураўёва канца 1850-х — пачатку 1860-х гадоў, калі яго функцыі перайшлі да валасных устаноў. На казённых землях Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны захаваліся ў ранейшым складзе. Паводле сялянскай рэформы 1861 года былі ўведзены для былых панскіх сялян, а з 2-й паловы 1860-х гадоў адноўлены для былых дзяржаўных сялян уласна Расіі, поўначы і поўдня Украіны. Права ўдзелу ў сельскім сходзе атрымалі ўсе гаспадары дамоў.
Галоўнай функцыяй сельскіх сходаў былі: выбар сельскіх службовых асоб, размеркаванне абшчынных зямель, раскладка і збор падаткаў, вырашэнне шэрагу гаспадарчых і бытавых пытанняў (выключэнне з грамады і прыём новых членаў, дазвол сямейных падзелаў, вызначэнне пазык з хлебных магазінаў, добраўпарадкаванне паселішчаў і іншае). У сходзе ўдзельнічалі ўсе сяляне-ўласнікі грамады, а пры вырашэнні спраў, якія не тычыліся сялянскага землеўладання, маглі быць запрошаны таксама беззямельныя сяляне, батракі, жанчыны. Права склікання сельскага схода мелі сельскі стараста, міравы пасрэднік, потым павятовыя па сялянскіх справах установы, пазней таксама земскі ўчастковы начальнік. Дзейнасць сельскіх сходаў была пад наглядам урадавых чыноўнікаў і мясцовай адміністрацыі. З увядзеннем інстытута земскіх участковых начальнікаў правы сельскіх сходаў былі значна абмежаваны.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Сялянства Расійскай імперыі