Залатыя вароты ў Кіеве — паўднёвая абарончая брама Кіева старажытнарускага перыяду, помнік абарончага дойлідства XI стагоддзя.

Гісторыя 1037 — згадваецца ў летапісе ўпершыню ў сувязі з пабудовай Яраславам Мудрым абарончых умацаванняў вакол Кіева. 1069 — паводле падання, польскі кароль Баляслаў II Смелы пры ўваходзе ў Кіеў ударыў па варотах брамы мячом, ад чаго апошні атрымаў назву «Шчарбец». Сустракаюцца версіі, што гэта зрабіў Баляслаў I Храбры ў 1018 годзе, аднак з боку храналогіі гэта малаверагодна. Сярэдзіна XVIII ст. — рэшткі брамы засыпаны, брама ў паўднёвым кірунку перанесеная ў іншае месца. 1832 — археолаг-аматар К. Лахвіцкі раскапаў рэшткі Залатых варот. Канец XIX ст. — пачалася кансервацыя збудавання. 1910 — першая прапанова аб рэканструкцыі Залатых варот у іх першапачатковым выглядзе. 1972—1973 — археалагічныя раскопкі, якія зрабілі важкі ўнёсак у справу будучага аднаўлення брамы.

Архітэктура Залатыя вароты былі адной з трох брам Кіева старажытнарускага перыяду. Браму збудавалі на паўднёвым кірунку і назвалі па аналогіі з Залатой брамай Канстанцінопаля. Амаль да канца XVIII ст. Залатыя вароты заставаліся галоўнай брамай Кіева.

Даўжыня брамы складае 26,8 м. Падмуркі зроблены з вялікіх камянёў на цэментным растворы. Зямля пад падмуркам умацавана шчыльна ўбітымі драўлянымі каламі. У браме меўся адзін праезд, вышэйшыя аркі якога дасягалі ў вышыню 13,36 метраў. Земляны вал, што прылягаў да брамы, меў у шырыню 30, у вышыню 11-12 метраў, а таксама зрубавыя канструкцыі ўнутры. Вышэй на вале стаялі драўляныя сцены.

Наверсе на браме меўся храм, асвячоны ў гонар Дабравешчання Багародзіцы. Ён быў звернуты апсідай у бок горада і быў у плане блізкі да квадрата (10,5—11,0 м). Перад храмам на ўзроўні асноўнага вала мелася баявая пляцоўка.

Залатыя вароты ў Кіеве сталі правобразам для будаўніцтва аднайменнай брамы ва Уладзіміры.

Літаратура Высоцкі С. А. Залатыя вароты // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі № 4, 1981.

Спасылкі

Залатыя Вароты  — Гісторыя, даследаванне, рэканструкцыі, сучасны стан.

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Кіева Катэгорыя:Гісторыя Кіева Катэгорыя:Сярэдневяковая Украіна