Ігна́цій Дарэ́ці (, таксама Ignotas, Doretis; , г. Прага — , Полацк?) — дзеяч каталіцкай царквы, мастак, манах-езуіт. Аўтар ілюзіяністычных роспісаў шэрагу касцёлаў Малапольскай правінцыі езуітаў і Вялікага Княства Літоўскага.

Біяграфія Вывучаў у Празе філасофію і грамадзянскае права, а таксама навучаўся жывапісу. Пасля прыняцця святарскага пасвячэння пераехаў у ВКЛ і 26 жніўня 1736 года (па іншых звестках — у 1739 годзе) ўступіў у Вільні ў ордэн езуітаў.

Да 1748 года знаходзіўся ў віленскім навіцыяце пры касцёле Святога Ігнація, дзе таксама быў нямецкім прапаведнікам. У 1748—1749 гадах наглядаў за будаўніцтвам езуіцкага калегіума ў Ломжы. У 1749—1750 гадах жыў у Мінску, а ў 1751—1754 гадах выкладаў французскую мову ў Пінскім езуіцкім калегіуме. У 1754—1762 гадах служыў місіянерам у Кабылцы каля Варшавы. З 1762 года да самай смерці ў 1768 годзе з'яўляўся пробашчам (па іншых звестках — прэфектам касцёла ў Экімані) полацкага замкавага касцёла.

Творчасць Працаваў пераважна ў галіне манументальнага сцяннога і станковага жывапісу ў розных езуіцкіх храмах. Стылістыка Ігнація Дарэці адносіцца да барока. Для яго былі характэрны выразныя і дынамічныя шматфігурныя групы, якія ён кампанаваў на фоне бурнага пейзажу або ілюзорнай архітэктуры. Форму мастак мадэляваў пры дапамозе пастэльных колераў і цёмных контураў.

У час свайго знаходжання ў Вільні (1738—1743 гады) выканаў значны аб'ём прац для мясцовага касцёла Святога Ігнація, які адбудоўваўся пасля пажару 1737 года. На сцяне галоўнага алтара ён стварыў у тэхніцы перспектыўнай размалёўкі манументальную ілюзійную кампазіцыю і напісаў копію абраза Маці Божай, арыгінал якога згарэў у пажары (1738). Мастаку таксама прыпісваюць роспіс галоўнага фасада касцёла (1739), інтэр'ерныя фрэскі (1741—1743) і карціны для бакавых алтароў. Акрамя таго, у рэфектарыі віленскага навіцыята ён напісаў выявы святых езуітаў, партрэты генералаў ордэна і мецэнатаў кляштара.

Мяркуецца, што Дарэці выканаў фрэскі ў гарадзенскім касцёле Святога Францыска Ксаверыя. Яны датуюцца 1752 годам і падпісаныя манаграмай «B. (P?) I. D. P. 1752» (першая літара «B» магла азначаць яго чэшскае паходжанне — «Bohemus», або быць пераробленай з літары «P» — «Pater»).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Езуіты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Мастакі Беларусі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Празе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1703 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся 13 сакавіка Катэгорыя:Памерлі ў Полацку Катэгорыя:Памерлі ў 1768 годзе Катэгорыя:Памерлі 31 мая Катэгорыя:Мастакі барока