Тарзан з Манісы, або Тарзан Маніскі (), — псеўданім Ахмеддзіна Джарлака (), турэцкага абаронцы навакольнага асяроддзя, які жыў на гары Сіпіл каля Манісы ў заходняй Турцыі на працягу 40 гадоў. Лічыцца першым абаронцам навакольнага асяроддзя ў Турцыі і першапраходцам экалагічнага руху. Атрымаў сваё празванне праз пастаянную напаўаголенасць і свой вельмі сціплы і бедны спосаб жыцця пасярод прыроды; сам Джарлак называў сябе «бедуін Ахмет» (Ahmet Bedevi).
Жыццяпіс
Юнацтва і вайна
Ахмеддзін Джарлак нарадзіўся ў 1899 годзе. У залежнасці ад крыніц, яго родным горадам называецца іракскі Багдад або Самара. Яго сям’я паходзіла з іракскіх туркменаў, родам з Кіркука. У падлеткавым узросце ён пазнаёміўся з Мераль, дачкой шэйха Тахіра, правадыра туркменскага племя, і заручыўся з ёй. Незадоўга да вяселля пачалася Першая сусветная вайна, і Джарлаку прыйшлося пакінуць нявесту. Пра ягонае жыццё падчас вайны нічога невядома, але на канец вайны ён апынуўся ў Індыі, дзе некаторы час жыў у джунглях. Перабраўшыся ў Іран, ён выпадкова выявіў, што сям’я яго нявесты пераехала ў месца паблізу. Ён зноў задумаў вяселле, але прачытаў у газеце, што ў Турцыі пачалося змаганне за незалежнасць. Вырашыўшы далучыцца да паўстанцаў, разам з нявестай паспрабаваў дабрацца да Анатоліі. Пры пераходзе праз крутую цясніну яго нявеста паслізнулася, упала з абрыву і загінула. Джарлак далучыўся да паўстанцаў-кемалістаў, служачы пад кіраўніцтвам Кязыма Карабекіра на ўсходнім фронце турэцкай вайны за незалежнасцьManisa Tarzanı Biyografisi. Затым Джарлак ваяваў у Антэпе і Кілісе, ён належаў да аднаго з фармаванняў, якія захапілі Смірну ў грэкаў. Ён быў паранены, а ад новай турэцкай улады атрымаў медаль за незалежнасць з чырвонай стужкай. Адразу пасля вайны Джарлак пасяліўся ў Манісе, які быў разбураны пажарам, выкліканым грэчаскай арміяй падчас грэка-турэцкай вайны. Узрушаны наступствамі пажару, Джарлак паставіў перад сабой мэту аднавіць лес у вобласці, самастойна пасадзіўшы і вырасціўшы незлічоную колькасць дрэў на схілах гары Сіпіл.
Абаронца прыроды Тарзан з Манісы
Джарлак быў вядомы сваёй знешнасцю. З 1924 года ён перастаў стрыгчы бараду і стаў вядомы як hacı («пілігрым»). Насіў толькі шорты, пакідаючы тулава голым. На працягу 40 гадоў жыў у адзіноце ў хаціне, якую ён называў Топкалэ («замак гарматы») — у гонар старой гарматы, што стаяла на гары. Кожны дзень ён рабіў халасты стрэл з гарматы, апавяшчаючы жыхароў наваколля аб поўдні; праз гэта да яго празвання «паломнік» сталі дадаваць topçu («артылерыст»). У хаціне Джарлак спаў на дошцы, засланай старымі газетамі, летам і зімой мыючыся халоднай вадой. У гэты час ён узяў сабе імя Ахмет Бедэві («бедуін Ахмет»), хоць магчыма, так яго празвалі самі жыхары Манісы. Джарлак навучыўся пісаць новым турэцкім алфавітам на аснове лацінкі ў адной з «народных школ» (halk mektepleri; пачатковыя школы для дарослых, арганізаваныя Атацюркам), і стаў прымаць удзел у грамадскім жыцці.
Ён рэгулярна наведваў горад, дзе спыняўся ў лакандзе албанскага святара . Узамен Джарлак прыносіў у рэстаран слоік чыстай вады з гары. Часам ён працаваў як памочнік (пажарнага ці садоўніка) для гарадской адміністрацыі. У 1933 годзе ён, магчыма, быў наняты за штомесячную зарплату 30 турэцкіх лір на пасаду памагатага садоўніка.
У 1934 годзе, пасля паказу фільма «Помста Тарзана» ў кінатэатрах Манісы, Джарлака празвалі Manisa Tarzanı («Тарзан з Манісы»). Барадаты і з голымі грудзьмі, Джарлак браў удзел ва ўрачыстых парадах перамогі ў рэвалюцыйнай вайне, апранаючы сваю медаль на ліст дэкаратыўнай пальмы, які ён абвязваў вакол шыі.
Джарлак займаўся альпінізмам. Разам з членамі мясцовага альпінісцкага клуба ён падняўся на гару Арарат, Джыла (1957), Антытаўр і Дэмірказік (1959). У 1959 годзе ён быў госцем у Коньі і Нійдэ разам з членамі альпійскага клуба Маніса. Яго прысутнасць прывабіла дзясяткі тысяч гледачоў. У Коньі яму першапачаткова было адмоўлена ва ўваходзе ў музей Меўланы праз аголенае тулава. Тады ён паказаў на цытату Меўланы над дзвярыма, якая абвяшчала: «Прыйдзі да мяне, хто б ты ні быў!» і ўвайшоў.
Джарлак ніколі не ажаніўся, але ён нібы гадамі атрымліваў шмат любоўных лістоў, якія аднак былі згублены пасля яго смерці.
Смерць Джарлак памёр 31 траўня 1963 года ў Маніскай дзяржаўнай лякарні ад сардэчнай недастатковасці. 1 чэрвеня 1963 года газета «Hürriyet» паведаміла пра ягоную смерць у артыкуле «Памёр Тарзан з Манісы». Джарлак быў пахаваны на Новых могілках (Asri mezarlık) у Манісе, нягледзячы на яго апошняе жаданне быць пахаваным у Топкале.
Памяць
Горад Маніса працягвае шанаваць памяць Маніскага тарзана, Ахмеддзіна Джарлака. Экалагічны тыдзень у гэтым эгейскім горадзе называецца «Тыдзень навакольнага асяроддзя Тарзана з Манісы» (). У рамках гэтага мерапрыемства гарадское ўпраўленне ўручае «Узнагароду Тарзана». Акрамя таго, у гонар Джарлака названы пачатковая школа — «Manisa Tarzanı Ahmet Bedevi İlkokulu», і бульвар — «Tarzan Bulvarı». У 2012 годзе студэнты Універсітэта Джэляля Баяра ў Манісе назвалі распрацаваны імі аўтамабіль на сонечнай энергіі «Manisa Tarzanı».
Пасярод парку Фатых (Fatih Parkı) у Манісе ўзведзены помнік Джарлаку ў натуральную велічыню, вядомы як Tarzan Heykeli («Статуя Тарзана»). Штогод улады Манісы ўшаноўваюць яго памяць у гадавіну смерці, прызнаючы яго папярэднікам турэцкага экалагічнага руху. У спорце балельшчыкі футбольнага клуба «Манісаспор» называюць сябе Tarzanlar («Тарзаны»), а ў 2015 годзе мясцовае спаборніцтва па бегавых лыжах было названа Manisa Tarzanı.
Жыццё Джарлака стала прадметам некалькіх кніг і фільма 1994 гады, знятага рэжысёрам Orhan Oğuz, пад назвай «Тарзан Маніскі». Фільм лічыцца першай турэцкай карцінай на экалагічную тэматыку і быў паданы Турцыяй на прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове, хаця ў выніку не трапіў у лік намінантаў.
Крыніцы
Літаратура
Sunay Akın (2005). Onlar Hep Oradaydı. Istanbul: Türkiye İş Bankası Kültür Yayınları. Bedriye Aksakal (1993). Yeşilin Atası Manisa Tarzanı.
Катэгорыя:Экалагічныя актывісты Турцыі