Фларыя́н Па́ўлавіч Ждано́віч (, Мінск — , Менск, НКУС) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Брат Антона Ждановіча.

Біяграфія

Раннія гады. Беларускае адраджэнне Нарадзіўся ў сям’і служачага. Скончыў Мінскае рэальнае вучылішча. У 1902 годзе скончыў Варшаўскую драматычную школу. Працаваў у Мінску акцёрам у польскай трупе пры спартыўным таварыстве «Сокал» («Sokół»). На хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя далучыўся да беларускага культурніцкага руху. 6 студзеня 1907 года пасля заканчэння спектакля выступіў з публічнай дэкламацыяй вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яго звольнілі з трупы, аднак разам з паплечнікамі падрыхтаваў і правёў вечарынку «Беларускі кірмаш», у якой выконваліся беларускія вершы і народны песні. Улетку 1907 года арганізаваў драматычны гурток, які ў Старым Сяле пад Мінскам паказаў на беларускай мове спектакль «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага.

У канцы чэрвеня 1911 года пазнаёміўся з Ігнатам Буйніцкім і яго трупай. Пасля сустрэчы з яе кіраўніком было прынята рашэнне арганізаваць новы драматычны калектыў у Мінску. Падрыхтоўку рэпертуару даручылі Фларыяну Ждановiчу. Ён зрабіў iнсцэнiроўкі твораў Элізы Ажэшкі «Хам» і «У зiмовы вечар» (ставілася пад назвай «Рысь»). Калектыў складаўся з найлепшых удзельнікаў яго драматычнага гуртка, трупы Ігната Буйніцкага, былі запрошаны знаёмыя акцёры з польскага тэатра. 15 жніўня 1913 года ў Радашковічах калектыў прадставіў «Паўлінку» паводле Янкі Купалы, у зале прысутнічаў і сам аўтар. Хадатайніцтва аб дазволе на дзейнасць беларускага тэатра ў Мінску была адхілена ўладамі. Каб пазбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на сцэнах расійскіх тэатраў. Выступаў у Ялце.

У 1914—1917 гадах у расійскай арміі, ваяваў на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны.

Беларуская народная Рэспубліка

Адзін са стваральнікаў Першага таварыства драмы і камедыі, у 1917—1920 гадах яго мастацкі кіраўнік і рэжысёр. Дзейнасць трупы была распачата ў Мінску 24 красавіка 1917 года паказам «Паўлінкі» і інсцэніроўкі Фларыяна Ждановіча «У зімовы вечар» паводле аповесці Элізы Эжэшкі «Рысь». У траўні 1918 года трупа рэарганізавана ў Беларускі дзяржаўны тэатр (Тэатр Беларускай Народнай Рэспублікі). Тэатр дзейнічаў ва ўмовах нямецкай, пазней бальшавіцкай і польскай (польска-савецкая вайна) акупацый, ставіў спектаклі «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Антось Лата» Якуба Коласа, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Сягонняшнія і даўнейшыя» Канстанцыі Буйло, «Апошняе спатканне», «Пісаравы імяніны», «Бязвінная кроў» Уладзіслава Галубка і інш. Калектыў выступаў таксама ў Магілёве, Оршы, Жлобіне, Бабруйску, Асіповічах, Слуцку, Заслаўі і інш. У 1919 годзе некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы.

Савецкая Беларусь

Па канчатковым усталяванні бальшавіцкай улады ў Менску і другім абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча 14 верасня 1920 года адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1), які прадоўжыў традыцыі Першага таварыства драмы і камедыі і тэатра БНР. Фларыян Ждановіч ставіў у ім «Пінскую шляхту» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Хату за вескай» («Цыганка Аза») Міхайлы Старыцкага.

Адначасова Фларыян Ждановіч быў загадчыкам беларускай секцыі тэатральнага пададдзела мастацтваў Народнага камісарыята асветы Беларускай ССР. З 1922 года ў акцёрскім складзе БДТ-1, стварыў вобразы Серакоўскага («Кастусь Каліноўскі» Еўсцігнея Міровіча), Даранта («Мешчанін у дваранах» Мальера) і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Яўгена Яноўскага.

Уваходзіў у прэзідыум Мастацкай секцыі Інбелкульта. Перакладаў п’есы, быў сябрам праўлення Таварыства беларускіх пісьменнікаў, драматургаў і кампазітараў.

Арыштаваны ДПУ БССР 19 ліпеня 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны 10 красавіка 1931 года калегіяй АДПУ як «член контр­рэвалюцыйнай арганізацыі» да 5 гадоў лагераў. Адбываў у Беламорска-Балтыйскім лагеры, пасля зняволення вяртанне ў Беларусь не было дазволена. Зноў арыштаваны 8 ліпеня 1937 года, прыгавораны да расстрэлу. Пасмяротна рэабілітаваны 11 ліпеня 1958 года Вярхоўным судом БССР. Групавая справа Фларыяна Ждановіча і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’я Быў двойчы жанаты, першая жонка — Пралеска, актрыса Першага таварыства драмы і камедыі; другая — Гелена Маеўская.

Меў дваіх дзяцей. Дачка — Ірына Ждановіч (1906—1994), актрыса.

Творчасць Фларыя Ждановіч зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францішка Аляхновіча, Уладзіслава Галубка, Каруся Каганца, Канстанцыі Буйло і інш. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (Ігната Буйніцкага і інш.) і традыцыі беларускага народнага тэатра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках народную музыку, спевы.

Перакладаў на беларускую з польскай, рускай і ўкраінскай моў.

Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драматычных і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалагічную сутнасць характару, асэнсаванне сацыяльнай прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Бернард Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Брэндана Томаса).

Меў акцёрскія псеўданімы: Іван Карась і Алесь Крэсік.

Памяць

Імя Фларыяна Ждановіча ў 2026 годзе нададзена вуліцы у Мінску.

Крыніцы

Літаратура

Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. / пад агульн.рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т.1. — С. 408.

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біяграфічны нарыс. — Мн., 1972. Сабалеўскі А. Асоба мастака: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн., 1992. Міхнюк У. Фларыян Ждановіч: Матэрыялы да біяграфіі // Тэатральная творчасць № 6, 1996.

Катэгорыя:Акцёры Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры Беларусі Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову