Клептапластыя або клептапластыдыя — гэта працэс у сімбіятычных адносінах, пры якім пластыды, асабліва хларапласты водарасцей, накопліваюцца ў тканках гаспадара, што харчуецца імі. Водарасці звычайна з’ядаюцца і часткова пераварваюцца, пакідаючы пластыду некранутай. Пластыды захоўваюцца ўнутры гаспадара, часова працягваючы фотасінтэз і прыносячы карысць гаспадару. Тэрмін быў уведзены ў 1990 годзе для апісання сімбіёзу хларапластаў.

Этымалогія Слова клептапластыя паходзіць ад старажытнагрэцкага (), што азначае «злодзей» і (), што першапачаткова азначала «сфарміраваны» або «адліты», і ў наш час выкарыстоўваецца ў біялогіі для азначэння пластыды.

Узнікненне Клептапластыя ўзнікла ў розных незалежных кладах эўкарыёт, а менавіта ў аднаклетачных пратыстаў супергрупы SAR і тыпу Euglenozoa, а таксама ў некаторых марскіх беспазваночных жывёл.

У пратыстаў

Фарамініферы Некаторыя віды фарамініфер родаў Bulimina, Elphidium, Haynesina, Nonion, Nonionella, Nonionellina, Reophax і Stainforthia прысвойваюць хларапласты дыятомавых водарасцяў.

Дынафлагеляты Стабільнасць забраных хларапластаў (клептапластыд) значна адрозніваецца сярод розных відаў з клептапластыяй. У дынафлагелят Gymnodinium spp. і Pfisteria piscicida, клептапластыды фотасінтэтычна актыўныя толькі некалькі дзён, у той час як клептапластыды Dinophysis spp. могуць захоўваць здольначць да фотасінтэзу на працягу 2 месяцаў. У іншых дынафлагелят клептапластыя разглядаецца як механізм, што забяспечвае функцыянальную гнуткасць, або, магчыма, раннюю эвалюцыйную стадыю пастаяннага набыцця хларапластаў.

Інфузорыі

Mesodinium rubrum — інфузорыя, якая накоплівае хларапласты крыптаманады Geminigera cryophila. M. rubrum удзельнічае ў дадатковым эндасімбіёзе, перадаючы свае клептапластыды сваім драпежнікам, дынафлагелятнаму планктону, што належыць да роду Dinophysis.

Карыяклептыя — роднасны працэс, пры якім ядро цэлі-ахвяры таксама захоўваецца гаспадаром. Упершыню гэта было апісана ў 2007 годзе ў M. rubrum.

Эўгленазоі Першы і адзіны выпадак клептапластыі ў Euglenozoa належыць віду Rapaza viridis, самай першай лініі Euglenophyceae, што дывергіравала. Гэты мікраарганізм патрабуе пастаяннага паступлення штаму мікраводарасцей Tetraselmis, якія ён праглынае дзеля здабычы хларапластаў. Затым клептапластыды паступова трансфармуюцца ў тыя, што нагадваюць пастаянныя хларапласты астатніх Euglenophyceae. Клеткі Rapaza viridis могуць выжываць з гэтымі клептапластыдамі да 35 дзён.

Клептапластыя лічыцца спосабам харчавання агульнага продка эўгленафіцэй (Euglenophyceae). Існуе гіпотэза, што клептапластыя спрыяла падзеям гарызантальнага пераносу генаў, якія ў канчатковым выніку дазволілі стварыць пастаянныя хларапласты ў астатніх Euglenophyceae.

Жывёлы

Rhabdocoel Два віды марскіх плоскіх чарвякоў Rhabdocoel, Baicalellia solaris і Pogaina paranygulgus, выкарыстоўваюць клептапластыю. Раней групу класіфікавалі як арганізмаў з водарасцевымі эндасімбіёнтамі, хоць ужо і было выяўлена, што гэтыя эндасімбіёнты не маюць ядраў.E. Marcus, Turbellaria Brasileiros (9). Bol. Fac. Fil. Ci. Letras Univ. São Paulo 16, 5-215 (1951).

Падчас спажывання дыятомавых водарасцей, B. solaris і P. paranygulus, у працэсе, які яшчэ не выяўлены, здабываюць пластыды са сваёй здабычы, уключаючы ў сваё цела субэпідэрмальна, адначасова аддзяляючы і пераварваючы панцыр і рэшткі дыятамей. У B. solaris клептапластыды працягваюць дэманстраваць функцыянальны фотасінтэз на працягу кароткага перыяду, прыкладна 7 дзён. Паколькі дзве групы не з’яўляюцца сястрынскімі таксонамі, і гэтая рыса не з’яўляецца агульнай для больш цесна звязаных груп, ёсць доказы таго, што клептапластыя развівалася незалежна ў межах двух таксонаў.

Марскія смаўжы (бруханогія)

Sacoglossa

Марскія смаўжы групы мяшкаязычныя (Sacoglossa) практыкуюць клептапластыю. Некалькі відаў марскіх смаўжоў Sacoglossa захопліваюць непашкоджаныя, функцыянальныя хларапласты з водарасцевых крыніц харчавання, утрымліваючы іх у спецыялізаваных цэлях, якія высцілаюць стрававальныя дывертыкулы малюскаў. Самая доўгая вядомая клептапластычная асацыяцыя, якая можа доўжыцца да дзесяці месяцаў, знойдзена ў Elysia chlorotica, якая набывае хларапласты, з’ядаючы водарасць Vaucheria litorea, захоўваючы хларапласты ў цэлях, якія высцілаюць яе кішачнік. Маладыя марскія смаўжы ўсталёўваюць клептапластычны эндасімбіёз, сілкуючыся водарасцевымі цэлямі, высмоктваючы іх змесціва і адкідваючы ўсё, акрамя хларапластаў. Хларапласты фагацытуюцца стрававальнымі цэлямі, запаўняючы шырока разгалінаваныя стрававальныя канальчыкі, забяспечваючы гаспадара прадуктамі фотасінтэзу. Аднак яшчэ не высветлена, ці выкрадзеныя пластыды актыўна вылучаюць прадукты фотасінтэзу, ці смаўжы ўскосна атрымліваюць выгаду ад павольна дэградуючых клептапластыд.

З-за гэтай незвычайнай здольнасці мяшкаязычных часам называюць «марскімі смаўжамі, якія працуюць на сонечнай энергіі», хаця рэальная карысць фотасінтэзу для выжывання некаторых прааналізаваных відаў здаецца ў лепшым выпадку нязначнай. Фактычна, некаторыя віды могуць нават загінуць у прысутнасці клептапластыд, якія фіксуюць вуглякіслы газ, у выніку павышанага ўзроўню актыўных формаў кіслароду.

Было паказана, што змены тэмпературы негатыўна ўплываюць на клептапластычныя здольнасці прадстаўнікоў Sacoglossa. Паказчыкі фотасінтэтычнай эфектыўнасці, а таксама колькасць клептапластыд падаюць пры паніжэнні тэмпературы. Аднак заканамернасці і хуткасць гэтых змяненняў адрозніваюцца ў розных відаў марскіх смаўжоў.

Nudibranchia Некаторыя віды з іншай групы марскіх смаўжоў, галажаберных малюскаў (Nudibranchia) такія як Pteraeolidia ianthina, затрымліваюць цэлыя жывыя сімбіятычныя зааксантэлы ў сваіх стрававальных дывертыкулах і, такім чынам, таксама «харчуюцца сонечнай энергіяй».Sutton & Hoegh-Guldberg, Host-Zooxanthella Interactions in Four Temperate Marine Symbioses; Assessment of Effect of Host Extract on Symbionts; The Biological bulletin, Marine Biological Laboratory (Woods Hole, Mass.). v. 178 (1990) p. 175

Гл. таксама

Гарызантальны перанос генаў Клептапратэін

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Экалагічныя тэрміны Катэгорыя:Водарасці Катэгорыя:Эндасімбіёз