Ламекін (Lammechinus rex), магчыма, слушней Ламекіс або Ламікіс — адзін з уладароў куршаў у 1230 годзе.
Вядомы толькі заключэннем у 1230 годзе дагавора пра навяртанне і ахвяраванне (pactum) з папскім віцэ-легатам Балдуінам Альнскім. З дагавора і згаданых там тапонімаў вынікае, што ўладанні Ламекіна ахоплівалі басейн Венты і ўключалі землі куршаў, згаданыя ў акце раздзелу 1253 года — часткова Бандаву, Вентаву і Біхавэланд (Піемарэ), землі ў сваю чаргу складаліся з грамад-кілігунд, а тыя з вёсак.
У пантыфікаты Інакенція III (1198—1216) і Ганорыя III (1216—1227) на гэтых землях сутыкнуліся два кірункі каталіцкага місіянерства. Рыжскі біскуп Альберт, Ордэн мечаносцаў і горад Рыга зброяй спрабавалі захапіць землі і прымусіць тутэйшыя народы ахрысціцца і быць сваімі падданымі (місіянерства рабства). Тым часам Каталіцкая царква агулам, праз легатаў Вільгельма Мадэнскага і Балдуіна Альнскага, спрабавала стварыць у краі свабодныя дзяржавы, падпарадкаваныя непасрэдна Папу, якія як «дзеці Божыя» захоўвалі б усе свае ранейшыя свабоды і правы (місіянерства свабоды).
Калі рыжскі бок яшчэ не захапіў Курземе (зямлю куршаў), віцэ-легат Балдуін Альнскі, імаверна, здолеў дасягнуць тут поспеху, не толькі абяцаннем Ламекіну і яго «язычнікам» «вечнай свабоды» ад імя Папы (якую яны самі мелі, бо не былі ні пад уладай Даніі, ні пад уладай Швецыі), але і з іншых прычын.
Падчас зімняга голаду 1228/1229 года, за дапамогу куршы абяцалі біскупу Альберту прыняць каталіцкіх святароў праз два года, то бок на пачатку 1231 года. У 1230 годзе Рыжскі капітул, Ордэн мечаносцаў і горад Рыга разам прадыктавалі частцы куршаў (куршам Пябавы) умовы прыняцця «ярма хрысціянства», святароў і леннікаў, пасланых рыжскім біскупам з абавязкам аплаты дзесяціны царкве і аброку леннікам. Астатнія куршы баяліся трапіць пад рыжскую ўладу і верылі ў міласць Папы, такім чынам Ламекін з набліжанымі пагадзіліся з Балдуінам і гэта згода, імаверна, была зафіксавана актам ад 28.12.1230 года, які называецца дагаворам, але з дыпламатычнага пункту гледжання не мог быць такім. Пагадненне было зацверджана Грыгорыем IX 11 лютага 1232 года (UB. I, 124; ср. UB I Reg. 139) на просьбу куршаў.
Акт ад 28.12.1230 года сведчыць, што Ламекін і яго «язычнікі» прапанавалі прыняць хрысціянства неадкладна, перадаць свае землі, сябе і закладнікаў Папу; што з пункту гледжання царкоўнага права — навяртанне, а з пункту гледжання прыватнага права — ахвяра і хвала. Для гэтага Ламекін паабяцаў на працягу двух гадоў паслаць сваіх прадстаўнікоў у Рым да Папы. Апроч гэтага, куршы паабяцалі прызнаць біскупа, пастаўленага Папам для Курземе, сваім «бацькам і ўладаром» і падпарадкоўвацца яму на такіх самых умовах як жыхары Готланда падпарадкоўваюцца свайму біскупу. Балдуін абяцаў куршам вечную свабоду, пакуль яны не кінуць веры, і незалежнасць ад Даніі і Швецыі, а куршы абавязваліся ўдзельнічаць ва ўсіх абарончых і наступальных войнах супраць язычнікаў.
У параўнанні з рыжскімі ўмовамі іншай частцы куршаў, акт Ламекіна быў выгаднейшы, у цывільным праве ён прыроўніваў куршаў да шведаў на Готландзе, а ў публічным праве — не аддаваў пад нейкія староннія ўлады.
Балдуін восенню 1231 года адправіўся да Папы ў Рым, дзе быў прызначаны біскупам у Земгале ў студзені 1232 года, а таксама адміністратарам Курземе ў лютым 1232 года, таму, імаверна, ён узяў з сабой прадстаўнікоў Ламекіна, прадугледжаных актам. Але закладнікі, якія былі забеспячэннем акта ад Ламекіна для Папы, як засведчыў Грыгорый IX у лютым 1232 і лістападзе 1234 года, былі забраны ў Балдуіна рашэннем рыжскага біскупа Мікалая, Ордэна і Рыгі, якія падзялілі закладнікаў паміж сабой. Такім чынам, тэрыторыі Курземе, якія далі гэтых закладнікаў, фармальна перайшлі пад рыжскі кантроль. Пакуль Балдуін быў у Рыме, немцы з Рыгі пачалі захоп Курземе, каб фактычна ўзяць яе пад свой кантроль, а пасля забралі ў куршаў некаторыя «лісты свабоды» (litteras libertatis), то бок акты падпісаныя з Балдуінам, у тым ліку імаверна і акт Ламекіна.
Літаратура Lamekins // Latviešu konversācijas vārdnīca. 10.sējums, 19925.-19928.sleja.
Катэгорыя:Гісторыя Латвіі