«Баянаў гімн» («Гімн Бая́на») — фальсіфікацыя, бессістэмная імітацыя старажытнарускай мовы, запісаная квазірунічным алфавітам, быццам «наўгародскімі рунамі» (стылізаванымі пад руны царкоўнаславянскімі і рускімі літарамі). Здабыты напачатку XIX стагоддзя у калекцыі тэкстаў расійскага адстаўнога афіцэра і збіральніка старажытнасцяў Аляксандра Сулакадзева, які і лічыцца навукоўцамі яго аўтарам-фальсіфікатарам. Тэкст прыпісаны Баяну, старажытнарускаму паэту-спеваку, які згадваецца ў «Слове пра паход Ігараў» і «Задоншчыне». Сулакадзеў забяспечыў «Гімн» адвольным «перакладам», які прадстаўляе сабой стылізацыю пад «Слова пра паход Ігараў» і скандынаўскія сагі.

Гісторыя Упершыню пра гэты тэкст адукаванай расійскай публіцы стала вядома ў пачатку XIX стагоддзі, калі Сулакадзеў абвясціў пра наяўнасць у яго калекцыі тэкстаў, якія напісаны «наўгародскімі рунамі». Сярод гэтых тэкстаў быў гімн, нібыта напісаны Баянам. Першапачаткова гімнам жыва цікавіліся вядомыя гісторыкі і літаратары, такія як Мікалай Карамзін і Гаўрыла Дзяржавін. На піку цікавасці да сваіх дакументаў Сулакадзеў забяспечыў сваіх знаёмых уласнаручна зробленымі спісамі гэтых твораў. Адзін з такіх спісаў быў знойдзены філолагам Ю. М. Лотманам у архіве Дзяржавіна. Толькі дзякуючы гэтай знаходцы тэкст «Баянава гімна» вядомы ў наш час.

Сулакадзеў не апублікаваў свае «рунічныя» тэксты і не прад’явіў іх спецыялістам для ацэнкі сапраўднасці, таму цікавасць да іх з боку навукоўцаў хутка згас, а за самім калекцыянерам замацавалася рэпутацыя фальсіфікатара.

Фальсіфікаты Сулакадзева ў большасці сваёй былі згублены. Доўгі час акрамя двух кароткіх урыўкаў (аднаго з «Гімна Баяна», другога з «Адказаў наўгародскіх жрацоў»), апублікаваных Дзяржавіным у «Чытаннях у Гутарцы аматараў рускага слова» (, 1812), у распараджэнні даследнікаў не мелася ніводнага тэксту. М. Н. Сперанскі адзначаў: «У нашым распараджэнні няма ніводнай падробкі ў тым выглядзе, у якім яна выйшла з рук Сулакадзева».

У архіве Дзяржавіна Лотман знайшоў напісаны рукой Сулакадзева рукапіс: «Апісанне і выява двух арыгінальных старажытных рукапісаў, якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу ў бібліятэцы Сулакадзева» (). Рукапіс захаваўся часткова і прадстаўляе копію толькі аднаго «Гімна Баяна». Другі твор, «Адказы жрацоў», не захаваўся. Паводле Лотмана, знойдзены ім рукапіс «Гімна Баяна» не з’яўляецца «арыгіналам», але прадстаўляе сабой белавы аўтограф, напісаны самім фальсіфікатарам з захаваннем вонкавых асаблівасцяў «арыгіналу». «Рунічны» тэкст суправаджаецца перакладам Ю. М. Лотмана.

Рукапісы Незахаваны «арыгінал» Сулакадзеў у знойдзеным Лотманам рукапісе апісваў наступным чынам: «Рукапіс скруткам на пергаміне, пісаны ўвесь чырвоным чарнілам, літары рунічныя і найстаражытнейшыя грэчаскія».

Рукапіс, знойдзены Лотманам (белавы аўтограф) займае пяць старонак вялікага фармату, якія падзелены на два слупкі. Левы слупок запоўнены «рунічнымі пісьмёнамі», правы прадстаўляе выкананы самім жа Сулакадзевым «падрадковы пераклад». На думку Лотмана, «пераклад», а не складаны для ўспрымання «рунічны арыгінал» павінен быў, на думку Сулакадзева, давесці да сучаснікаў змест «новаадкрытага помніка». Далей ідзе прыпіска Сулакадзева: «Пераклад можа быць і няслушны, бо старажытных лексіконаў няма».

«Баянаў гімн» напісаны пісьмёнамі, якія нагадваюць скандынаўскія руны. У рэчаіснасці, пераважна гэтыя пісьмёны прадстаўляюць сабой перайначаныя царкоўнаславянскія і рускія літары. Гэты квазірунічны алфавіт, відаць, быў выдуманы Сулакадзевым. Прытрымліваўся ён гэтага пісьма непаслядоўна. «Пераклад» Сулакадзева таксама вельмі вольны і часта толькі з цяжкасцю пацвярджаецца «рунічным арыгіналам».

Мова Галоўнай уласцівасцю стылю «старажытнага» твора Сулакадзеў, на думку Лотмана, лічыў цемру, незразумеласць. Дзеля пераканання чытачоў у сапраўднасці фальсіфікатар лічыў дастатковым утварыць ад славянскіх каранёў фантастычныя лжэархаізмы. Сустракаючы ў помніках перастаноўкі галосных і не разумеючы прычын гэтай перастаноўкі, Сулакадзеў выказаў меркаванне, што можна перамяшчаць пазіцыю любога галоснага. Сустракаючы ў старажытных тэкстах скарачэнні, законаў якіх ён не разумеў, Сулакадзеў апускаў літары ў некаторых словах. У эпоху Сулакадзева яшчэ не замацавалася разуменне існавання аб’ектыўнай унутранай сістэмы мовы і агульнапрынятым было ўяўленне, што граматычны лад мовы з’яўляецца вынікам «правіл», а правілы ўзнікаюць разам з развіццём ведаў. Такім чынам, старажытная мова прадстаўляе сабой не мову з іншым граматычным ладам, а мову наогул без граматыкі, цёмную і бессістэмную. З гэтай прычыны фальсіфікатар не спрабаваў перадаваць лад старажытнай мовы, а імкнуўся да адвольнасці, мяркуючы, што ў мове, якая яшчэ не мела правіл, кожны прыдумваў, што хацеў. Па гэтым прынцыпе Сулакадзеў стварыў шэраг неалагізмаў. Імкнучыся да стварэння каларыту старажытнасці, ён мяняе значэнне шэрагу сапраўдных слоў.

Змест Твор не мае сюжэту, а складаецца з асобных урыўкавых выслоўяў. Такой была, паводле распаўсюджанага ў эпоху Сулакадзева ўяўлення, спецыфіка старажытнага мастацтва. Лічылася, што сюжэт і «апрацоўка» прыходзяць у часы «штучнасці», а старажытным паэтам-ваярам яны былі незнаёмыя. Але скрозь наўмысна затуманеную форму выкладу бачны адзіны вобраз — паэта Баяна. Не зважаючы на тое, што гімн мусіў абвяшчаць пра князёў, Баян у ім спявае толькі пра сябе. Аўтар «Біяграфіі расійскіх пісьменнікаў», апублікаванай у «Сыне айчыны», пісаў: «У гэтым Гімне даволі падрабязна сам Баян пра сябе расказвае, што ён нашчадак Славенаў, што нарадзіўся, выхаваны і пачаў апяваць у Зімегалоў, што бацька яго быў Бус, выхавацель маладога Вешчуна, што бацька яго бацькі быў Злагор, старажытных аповесцей дольны спявак, што сам Баян служыў у войнах і неаднаразова тануў у вадзе».

Беларускі даслоўны пераклад рускамоўнага «падрадковага перакладу» А. І. Сулакадзева:

«Песня, што сведчыць баянавыя праслаўлення састарэламу Славену і маладому Умілу, і злому Вешчуну ворагу»

Выдатны самавідца бітваў Дзеля састарэлага Славена. І ты, умілаваны новапасяленец, Падладжвай, без супраціўлення слухачам, Айцоў нашых апяём перамогі. Як ісціна спахмурнела ад карысталюбства, Але суды славіліся дабрадзейнасцямі. Гэй, князь! Пагаворым аб старажытнасці, Самавідца Баян бываў. Ну, князь, не адкрывай гэтага старшынам. Сон на полі бітвы небяспечны прывідамі. Я не малады, а стары воін Баян. Голас мой нясецца па бруях вод, Гукі заліваюцца ў хуткіх хвалях. Не абураючы пачуццяў слухачоў, Апяе Баян Сігеевы дзялы. Далёкія народы ледзь не ўмярцвілі мяне, Олта рака і град Родыя растуць заступы. Магільныя груды пераскоквай, Канцы Славенска не акінеш вокам, Сонца спякотнае, не пячы ў лета краснае. Ноч. Месячнае, бліскучае святло, Белы круг твой бачны ў ціхай вадзе. Я, Баян, Славенаў нашчадак. Сэрца, успамінаючы яго, уздрыгвае, Вочы, струменячы слёзы, як з-пад каменя льюцца. Зімегола і Няво, да вас апяю, Вы кармілі і паілі мяне. За спяванне спеваку ты грыўняй заплаці. Стары Бус, Баянаў айцец, Ахоўнік маладога Вешчуна, Слаўся над ворагамі, Валаам золата захоўвае, Манеты залатыя там урабляюць, Як абруч сагнутай, як галіна круглыя яны. Чары знікнуць, нябось нічога. Здані не небяспечныя нам. Меч востры да Кія ўслаўлены. Злагор майго айца айцец, Старажытных аповесцей спявак. Я, Баян, у апалчэннях бываў. Бітвы пазбавілі слыху мяне, У вялікіх водах тануў, Звярыныя мяхі грэюць мяне. Гуў прадракальнік ізгонуИзгонъ — выраз старарускіх летапісаў, які азначае ненаўмысны напад або пачатак ваенных дзеянняў без аб’яўлення вайны., Чорныя хмары ваду каламуцяць, Варожасць шлях да забойства. Канец па смерці выявіць дзелы, Славен бачыў мяне. Узнагародзі, Леціслаў, спевака. Змоўкні, Баян, зноў апей, Каму апеў, таму дабро, Суду Вялесава не пазбегнуць, Славы Славену не прыменшыць, Мячы Баянавы на языку засталіся. Памяць Злагора вешчуны вынішчылі, Залатым пяском трызну ўсып.

Крыніцы На думку Ю. М. Лотмана, тэкст «Гімна Баяна» распадаецца на элементы, кожны з якіх звязаны з пазнейшымі літаратурнымі з’явамі.

Так, Лотман пісаў, што ў «Гімне» бачны знаёмы па Асіянавых песнях цэнтральны вобраз спевака-ваяра, які апявае «дзялы даўно мінулых дзён» («Гэй князь! Пагаворым аб старажытнасці»). Сулакадзеў, аднак, паспрабаваў паказаць спевака не сляпым, а глухім («Бітвы пазбавілі слыху мяне»). На Сулакадзева паўплывала скандынаўская паэзія, успрынятая праз Поля Малэ і, на што паказваюць яго спасылкі, лацінскія падрадкоўнікі да рунічных помнікаў, што адбілася на захапленні рунічнай паэзіяй і на перанясенні цэнтра біяграфіі Баяна з Кіева на поўнач. Пад гэтым уплывам Баян быў пераўтвораны ў ваяра-марахода і згадваецца оперна-«паўночнае» адзенне — звярыныя шкуры («Звярыныя мяхі грэюць мяне»). Да паэзіі узыходзіць таксама шэраг спроб імітацыі стылю.

Імёны князёў і «злога» Вешчуна, скіфа, запазычаныя з трэцяга разраду трэцяй рэдакцыі Хранографа — артыкулы «О истории еже о начале Русские земли и создании Новаграда и откуду влечется род славенских князей, а в иных гранографех сия повесть не обретаится». Сулакадзеў узяў гэтую легенду не з існых друкаваных крыніц XVIII стагоддзя, а з рукапіснага тэксту Хранографа. У «Кнігарэку», каталогу ягонай бібліятэкі, адзначана кніга «Каўчэг рускай праўды». Пад гэтай тыповай для Сулакадзева фантастычнай назвай значыцца звычайны Хранограф рускай рэдакцыі, што пацвярджаецца выпіскай з гэтага рукапісу, наяўнага ў архіве Дзяржавіна. Тэкст з’яўляецца копіяй гэтага артыкула з Хранографа. Сулакадзеў прыняў фабрыкацыю XVII стагоддзя за старажытную гістарычную крыніцу, як і многія аўтары яго часу, у тым ліку і М. В. Ламаносаў.

У «Гімне» Сулакадзеў працытаваў згаданую ў «Слове пра паход Ігараў» «прыпеўку» Баяна Усяславу, але замяніў Бога Вялесам: «Сди Велеси не убегти», і «пераклаў»: «Суду Вялесава не пазбегнуць» (). У «Гімн Баяна» Сулакадзеў уключыў таксама згадкі вострава Валаама і вытворчасці залатых манет. Гэтымі тэмамі ён цікавіўся ў сваіх «навуковых» штудыях, паколькі пісаў гісторыю Валаама і Валаамскага манастыра. На гэтыя «сведчанні», па здагадцы Лотмана, Сулакадзеў планаваў абаперціся ў далейшым.

У сучаснай культуры «Баянаў гімн» займае істотнае месца ў псеўдагістарычных працах неаязычніцкага аўтара Аляксандра Асава, вядомага сваімі інтэрпрэтацыямі «Вялесавай кнігі». У прыватнасці, Асаў дапоўніў «Вялесаву кнігу» часткамі, якія ў ёй адсутнічалі, у тым ліку «Гімнам Баяна». У сваёй першай публікацыі «Гімна» (1995) Асаў узнавіў «рунічны» тэкст і даў уласны яго «пераклад», не згадваючы пра пераклад Сулакадзева (у той час Асаву яшчэ не была вядомая публікацыя Лотмана). Паміж двума «перакладамі» маецца настолькі вялікая розніца, што, па словах філолага А. А. Аляксеева, яны не могуць з’яўляцца адлюстраваннем адной і той жа першакрыніцы. «Арыгіналы» — адзін, складзены Сулакадзевым і транскрыбаваны Лотманам, і іншы, транскрыбаваны Асавым — таксама адрозніваюцца. Абодва «арыгіналы», і абодва «пераклады» (Сулакадзева і Асава) цалкам адвольныя. Асаў датуе «Баянаў гімн» IV стагоддзем, праз што, засноўваючыся на шэрагу псеўданавуковых пабудоў, «вызначае» дату нараджэння князя Буса, 20 красавіка 295 года. На думку Аляксеева, «пераклад» Сулакадзева не мог задаволіць Асава адсутнасцю «арыйскай» тэматыкі. Вялікая колькасць памылак і адвольных трактовак змяшчаюць і каментарыі Асава да «Гімна Баяна».

Месца захоўвання Месца захоўвання «Гімна»: Рукапісны збор Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, архіў Г. Р. Дзяржавіна, № 39. Л. 172—174.

Выданні

Урывак, апублікаваны Дзяржавіным у «Чтения в Беседе любителей русского слова». — 1812. — Кн. 6. (выданне «перакладу»). Факсіміле ў кн.: Факсіміле ў кн.: Куликов А. А. Космическая мифология древних славян . — Санкт-Пецярбург: «Лексикон», 2001. — С. 137—141. — ISBN 5-901407-20-2

Заўвагі Каментары

Крыніцы

Літаратура

Пыпин А. Н. Поддельные рукописи Сулакадзева // Подделки рукописей и народных песен. — Санкт-Пецярбург, 1898.

(Зборнік артыкулаў Л. П. Жукоўскай, Б. А. Рыбакова, А. В. Творагава, А. А. Аляксеева, І. М. Данілеўскага, У. П. Казлова, ). (копія) Рэцэнзія на гэты зборнік артыкулаў у «Независимой газете».