Анастасія Іванаўна (канец XV ст. — 1-я палова XVI ст.) — княжна мсціслаўская, княгіня слуцкая.

Дачка мсціслаўскага князя Івана Юр’евіча Лугвенавіча і Ульяны невядомага паходжання.

Упершыню згадана ў 1495 годзе разам з малодшай сястрой Ульянай. У 1496 годзе згадана таксама з сястрой і яшчэ як незамужняя. Неўзабаве выйшла замуж за князя слуцкага і капыльскага Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча, ужо як сужэнцы яны ў 1501 годзе надалі царкве Успення Багародзіцы на слуцкім замку 10 бочак жыта з Капыля.

Князь Сямён Міхайлавіч памёр 14 лістапада 1505 года.

У 1507 годзе, імаверна, па смерці сястры Ульяны, пачала справу супраць яе ўдаўца, мсціслаўскага князя Міхаіла Іванавіча Заслаўскага, з прэтэнзіямі на Мсціслаў як сваю спадчыну. Справа не раз адкладалася і аднаўлялася, у 1519 і 1522 гадах ужо сын Анастасіі — Юрый Алелькавіч, дамагаўся Мсціслава як «добр мацярыстых».

У 1512 годзе Анастасія тытулавала сябе «княгіняй Мсціслаўскай», калі пачала справу за свае правы на спадчыну па Сафіі з Рагацінскіх.

У мастацтве На думку Ірыны Масляніцынай, вобраз княгіні Анастасіі прасочваецца ў былінах пра , асобе Гражыны з аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча і іншым.Масляніцына І. Княгіня-амазонка // Беларусь : Журнал. — Мінск: Полымя, 1996. — № 7 (691). — С. 19. — ISSN 0320-7544

У 2003 годзе на студыі «Беларусьфільм» зняты фільм «Анастасія Слуцкая» (рэжысёр Ю. Ялхоў), ролю княгіні сыграла Святлана Зелянкоўская.

У верасні 2016 года ў Слуцку пастаўлены помнік княгіні Анастасіі (скульптар С. Аганаў, архітэктар С. Багласаў).

30 кастрычніка 2018 года ў Вялікім тэатры Беларусі адбылася прэм’ера балета «Анастасія» на музыку сучаснага беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова. Паставіў балет Народны артыст Беларусі Юрый Траян.

Крыніцы

Літаратура Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. — Мінск, 2006. — Т. 2. — С. 324.