За́мкавая гара́ (Пуцэ́віцкаяБСЭ. Новогрудская возвышенность) — узгорак у Ладзеніцкім сельсавеце Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці вышынёй 324,1 м над узроўнем мора.

Замкавая гара з'яўляецца найвышэйшым пунктам Навагрудскага ўзвышша і наогул усёй Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца за 3 км на захад ад Навагрудка і за 0,4 км на поўнач ад вёскі Пуцэвічы.

Апісанне Узгорак складзены чырвона-бурымі марэннымі суглінкамі, перакрытымі пылаватым супескам. Мае выгляд спадзіста-выпуклага падняцця субмерыдыяльнага кірунку, тыповага для краявых утварэнняў. Схілы спадзістыя, пераважная стромкасць складае 3—7°, адносныя перавышэнні дасягаюць 20—25 м. Глебы дзярнова-падзолістыя сярэднеападзоленыя, бліжэй да вяршыні эрадзіраваныя. Амаль уся плошча гары знаходзіцца пад ворывам.

Помнік прыроды Гара ўпершыню абвешчана помнікам прыроды ў 1997 годзе пад назвай «Пуцэвіцкая гара» на плошчы 85 га. 18 студзеня 2008 года гара абвешчана геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння пад назвай «Пагорак «Гара Пуцэвіцкая»Постановление Министерства природных ресурсов и охраны окружающей среды Республики Беларусь от 18 января 2008 г. № 4 Об объявлении некоторых геологических объектов в Гродненской области геологическими памятниками природы республиканского значения. 6 лістапада 2024 года помнік прыроды быў пераўтвораны ў геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Гара «Пуцэвіцкая», яго межы былі зменены, плошча склала 91,8 гаПостановление Министерства природных ресурсов и охраны окружающей среды Республики Беларусь от 6 ноября 2024 г. № 58 О преобразовании памятника природы республиканского значения холм "Гора Пуцевичская".

Турызм Аб'ект даследаваўся ў рамках спецыяльных краязнаўчых экспедыцый па вывучэнні беларускіх вяршынь, якія праводзіліся ў 2005—2012 гадах. Паводле метадалогіі экспертных ацэнак турыстычна-рэкрэацыйнага патэнцыялу, распрацаванай беларускімі даследчыкамі, гары Замкавай прысвоены найвышэйшы рэйтынг — 1 («абавязкова ўбачыць»). Гэта сведчыць пра тое, што гара з'яўляецца важным аб'ектам для наведвання турыстамі, мае прыкметнае ўзвышэнне адносна навакольнага ландшафту і адкрывае добры агляд мясцовасці.

Гл. таксама Замкавая гара ў Навагрудку, на якой захаваліся руіны Наваградскага замка (XIII—XVI ст.). Побач з гарой насыпаны Курган Бессмяротнасці Адама Міцкевіча.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Інфармацыя пра геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Гара Пуцэвіцкая» на сайце Навагрудскага райвыканкама

Катэгорыя:Узгоркі Беларусі Катэгорыя:Геаграфія Навагрудскага раёна Катэгорыя:Геалогія Навагрудскага раёна Катэгорыя:Славутасці Навагрудскага раёна Катэгорыя:Геалагічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Рэльеф Гродзенскай вобласці