Андрэй Сцыпіён дэль Кампа (пам. 1680-я) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ, падчашы гарадзенскі, харужы вендэнскі (з 1678).

Біяграфія З роду Сцыпіёнаў, сын Крыштафа, «дзедзіч на Шчучынку, Сукурчах і Сякержынцах». К. Нясецкі дадае, што ў 1678 г. Андрэй Сцыпіён быў камісарам Гарадзенскай эканоміі.

Падпісываў элекцыю (выбары) караля Міхала Карыбута Вішнявецкага ў 1669 г. ад Лідскага павета, а Яна ІІІ Сабескага ў 1674 г. — ад Гарадзенскага павета. Паводле Т. Жыхлінскага, пад час абодвух выбараў Андрэй Сцыпіён прадстаўляў Лідскі павет і за гэта атрымаў ад караля маёнтак Бедровіцы ў Мазырскім павеце. Паводле К. Нясецкага, наданне маёнтку было кампенсацыяй за разарэнне ўладанняў Сцыпіёнаў пад час «Патопу». Пры гэтым ён працягваў прыдворную службу. Паводле Я. Цехановіча пад адным з каралеўскіх эдыктаў Сабескага ў 1669 г. было пазначана «Андрэй Сцыпіён дэль Кампа, дваранін Яго Каралеўскай Вялікасці, дваранін пакаёвы і камісар».

Сям'я Андрэй Сцыпіён быў жанаты з Элеанорай з Сухадольскіх — дачкой Паўла Казімера Сухадольскага, ваўкавыскага земскага пісара, ад якой меў 6 дзяцей, з якіх выжылі 4: дачкі Кацярына і Канстанцыя ды сыны Казімір і Ян. Дачкі Андрэя Сцыпіёна выйшлі замуж за прадстаўнікаў сярэдняй шляхты: Кацярына за Юрыя Глябіцкага-Юзафовіча, падстолія віцебскага, а Канстанцыя — за Аляксандра Вінчу, стражніка і суддзю лідскага.

Крыніцы

Літаратура Данскіх С. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // Герольд Litherland № 17. 2006. — С. 57-68.

Андрэй