«Don’t Bother Me» () — песня гурта «The Beatles» з альбома With The Beatles (у ЗША была выпушчана на альбоме Meet The Beatles!, які выйшаў 20 студзеня 1964 года). Песня стала першай кампазіцыяй, напісанай і выкананай Джорджам Харысанам для «The Beatles».
Гісторыя стварэння Яшчэ да выхаду гэтай песні Харысану двойчы прыпісваўся ўдзел у напісанні песень для «The Beatles», аднак абодва разы гаворка ішла пра раннія кампазіцыі, якія былі афіцыйна выдадзены толькі ў зборніку Anthology 1 у 1995 годзе: «In Spite of All the Danger» (у асноўным напісана Мак-Картні, Харысан згаданы толькі за сваё гітарнае сола) і «Cry for a Shadow» (інструментальная кампазіцыя, задуманая як пародыя на стыль гурта The Shadows). Тым не менш, менавіта кампазіцыя «Don’t Bother Me» лічыцца першай самастойнай песняй Харысана як крытыкамі, так і самім аўтарам.
Харысан сачыніў гэтую песню падчас хваробы, у Борнмуце, дзе «The Beatles» канцэртавалі ўлетку 1963 года. Ні сам Харысан, ні хто-небудзь з іншых удзельнікаў гурта ніколі высока не ацэньваў гэтую песню. Паводле самога Харысана,
гэта была даволі паршывая песенька. […] Але яна прынамсі паказала мне, што ўсё, што я павінен быў рабіць, — гэта толькі працягваць пісаць, і, магчыма, у будучыні я змог бы напісаць што-небудзь добрае.
Змрочны агульны настрой песні і бязрадасны тэкст («Таму сыходзь, пакінь мяне аднаго, не дакучай мне») былі вельмі нетыповыя для «The Beatles» таго часу, аднак у далейшым сталі даволі звыклымі для песень самога Харысана. Песня гучыць збольшага ў міноры, і яе характарызуе даволі «шчыльнае» гучанне за кошт двойчы запісанага і зведзенага вакалу, гітарных партый, запісаных з прымяненнем эфекту рэверберацыі, і інтэнсіўных ударных.
Запіс і выпуск песні Гурт запісаў песню за дзве сесіі, якія адбыліся 11 і 12 верасня 1963 года ў студыі «Эбі-Роўд».
У запісе ўдзельнічалі: Джордж Харысан — двойчы запісаны і зведзены вакал, сола-гітара Джон Ленан — рытм-гітара, бубен Пол Мак-Картні — бас-гітара, клаве Рынга Стар — ударныя, бонга
Песня была выпушчана на другім альбоме гурта With The Beatles 22 лістапада 1963 года. Пазней песня была ўключана таксама і ў другі амерыканскі альбом гурта Meet The Beatles!, які выйшаў 20 студзеня 1964 года.
Лёс песні «Don’t Bother Me» гучыць у фільме «Вечар цяжкага дня» ў сцэне, дзе ўдзельнікі гурта танчаць у начным клубе. Брытанскі выканаўца Грэгары Філіпс запісаў кавер-версію на гэтую песню, выпушчаную яго трэцім сінглам. Нягледзячы на тое, што гэты сінгл не карыстаўся папулярнасцю, ён адметны тым, што стаў першай кавер-версіяй якой-небудзь з песень Джорджа Харысана.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Відэа з гучаннем студыйнай версіі песні
Катэгорыя:The Beatles