«Ганаровы дарожнік Беларусі» — нагрудны знак адрознення Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 2008 года № 528. У 2013 годзе ў палажэнне ўнесены змены Указам Прэзідэнта ад 25 ліпеня 2013 года № 331.

Статут Нагрудным знакам узнагароджваюцца работнікі Міністэрства транспарту і камунікацый і арганізацый, якія ажыццяўляюць дарожную дзейнасць, за значны асабісты ўклад у развіццё дарожнай гаспадаркі, дасягненне высокіх вынікаў у працы і узорнае выкананне службовых абавязкаў.

У асобных выпадках знакам могуць быць узнагароджаныя і іншыя асобы за асаблівыя заслугі і эфектыўнае садзейнічанне ў вырашэнні задач, што стаяць перад дарожнай гаспадаркай.

Нагрудны знак мае дзве ступені. Вышэйшай з’яўляецца I ступень. Узнагароджанне ажыццяўляецца паслядоўна: спачатку II ступенню, затым I ступенню. Паўторнае ўзнагароджанне адной і той жа ступенню не прадугледжана.

Парадак прадстаўлення і форма пасведчання ўстанаўліваюцца міністэрствам. Узнагароджанне ажыццяўляецца на падставе загада Міністра транспарту і камунікацый.

Знак і пасведчанне ўручаюцца асабіста міністрам або яго намеснікамі ва ўрачыстай абстаноўцы.

Асобы, узнагароджаныя нагрудным знакам, якія ўчынілі наўмыснае злачынства або дапусцілі дысцыплінарную правіну, загадам міністра могуць быць пазбаўленыя ўзнагароды.

Запісы пра ўзнагароджанне і пазбаўленне заносяцца ў працоўную кніжку.

Нагрудны знак носіцца на правым баку грудзей пасля ордэнаў і медалёў, а пры іх адсутнасці — на іх месцы.

Пры страце знака або пасведчання дублікаты, як правіла, не выдаюцца. Выдача магчымая толькі ў выключных выпадках — калі страта адбылася ў выніку стыхійнага бедства або пры іншых абставінах, калі ўзнагароджаны не мог яе прадухіліць.

Апісанне Нагрудны знак мае выгляд круга дыяметрам 30 мм (фон бардовага колеру — I ступень, зялёнага колеру — II ступень). У цэнтры змешчаны стылізаваныя выявы аўтамабільнай трасы і пуцеправода, над якімі размешчаны лаўровыя галінкі, што сімвалізуюць славу і ўклад дарожнай галіны ў развіццё дарожнай гаспадаркі і нацыянальнай эканомікі.

Па вонкавым краі круга на стужцы (I ступень — залацістага, II ступень — серабрыстага) зроблены рэльефны надпіс «ГАНАРОВЫ ДАРОЖНІК БЕЛАРУСІ». У ніжняй частцы круга знаходзіцца рымская лічба «I» або «II» залацістага колеру.

Знак пры дапамозе вушка і кольца злучаецца з калодкай памерам 15 × 25 мм (I ступень — бардовага, II ступень — зялёнага колеру), на якой змешчаная лаўровая галіна залацістага колеру.

Знак і калодка вырабляюцца з металу (I ступень — залацістага, II ступень — серабрыстага колеру). Адваротны бок мае гладкую паверхню з рэльефным надпісам «МІНІСТЭРСТВА ТРАНСПАРТУ І КАМУНІКАЦЫЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ» і знакам «№», пад якім гравіруецца парадкавы нумар узнагароды.

Крыніцы

Катэгорыя:Нагрудныя знакі Беларусі Катэгорыя:Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 2008 годзе Катэгорыя:2008 год у Беларусі