Яўген Іванавіч Бараноўскі (нар. , Бабруйск, Магілёўская вобласць) — беларускі гісторык, архівіст. Кандыдат гістарычных навук (1973).

Біяграфія Нарадзіўся 3 верасня 1938 года ў Бабруйску Магілёўскай вобласці.

У 1954 годзе скончыў Слуцкае педагагічнае вучылішча. З верасня 1956 па лістапад 1958 года працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсках Старая Мілееўка і Грыбаны Магілёўскага раёна. З лістапада 1958 па жнівень 1961 года служыў у Савецкай Арміі — паветраны стралок-радыст дальняй авіяцыі.

У 1961—1966 гадах вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, атрымаў дыплом па спецыяльнасці «гісторык, настаўнік гісторыі ў школах з англійскай мовай навучання». У 1966—1980 гадах працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ: малодшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, старшы навуковы супрацоўнік.

У 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі па ажыццяўленню ленінскай нацыянальнай палітыкі ў 1921—1925 гг.».

У 1980—1990 гадах — інструктар аддзела навукі і навучальных устаноў, пасля ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. У 1990 годзе прызначаны дырэктарам Цэнтральнага партыйнага архіва КПБ.

У красавіку 1992 года прызначаны дырэктарам Цэнтра дакументаў грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый НАРБ. З лістапада 1992 па красавік 1995 года — генеральны дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, які быў створаны ў выніку аб’яднання былога ЦПА ЦК КПБ і ЦДГА БССР.

Пазней працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам і вучоным сакратаром Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ).

У 1999 годзе абраны старшынём праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства архівістаў». З 1990 года з’яўляўся членам Камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Навуковая дзейнасць Даследаваў праблемы археаграфіі, гісторыі і арганізацыі архіўнай справы, нацыянальнай палітыкі, гісторыі Беларусі Вялікай Айчыннай вайны. Асноўная ўвага ў ваеннай тэматыцы аддадзена Мінскаму антыфашысцкаму падполлю. Як член спецыяльнай камісіі ЦК КПБ прымаў удзел у рэабілітацыі сакратара Мінскага падпольнага гаркама КП(б)Б Івана Кавалёва.

З’яўляўся навуковым рэдактарам і аўтарам прадмовы да кнігі М. В. Доўнар-Запольскага «Гісторыя Беларусі» (1994, 2003). Член рэдакцыйнай калегіі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» па горадзе Слуцку і Слуцкім раёне (2000), суаўтар кніг «Памяць» Чачэрскага (2001) і Зэльвенскага (2004) раёнаў.

Аўтар шэрагу артыкулаў у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (пра Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі, фракцыі КПБ, Мінскае падполле і інш.). Сумесна з В. Дз. Селяменевым падрыхтаваў серыі дакументальных публікацый па гісторыі газет «Звязда» і «Чырвоная змена». Кіраўнік аўтарскага калектыву серыі публікацый «Чтобы знали и помнили» ў газеце «Вечерний Минск» (2002—2003).

Бібліяграфія За дружбу народаў. Дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі па ажыццяўленню ленінскай нацыянальнай палітыкі у 1921—1925 гг. — Мн., 1972. Мінскае антыфашысцкае падполле / [аўтары: Я. І. Бараноўскі і інш.]. — Мінск: Беларусь, 1995. — 254 с. Памятные места Великой Октябрьской социалистической революции в Белоруссии. — Мн., 1976 (2-е выд. 1978). Белорусская ССР — одна из учредительниц Союза ССР. — Мн., 1978. Осуществление принципов интернационализма в условиях развитого социализма. Из опыта деятельности Компартии Белоруссии. — Мн., 1979 (кіраўнік аўтарскага калектыву). Знаки отличия твоего, комсомол. — М., 1985 (сумесна з А. М. Міхальчанкам). Документы Национального архива Республики Беларусь о подпольной борьбе в годы Великой Отечественной войны как исторический источник. // Гістарычныя крыніцы: праблемы класіфікацыі, вывучэння і выкладання. — Мн., 1998.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 3 верасня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1938 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Бабруйску Катэгорыя:Архівісты Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі