Ехіэль бен Саламон Гейльпрын (каля 1660 — каля 1746) — мінскі рабін, кабаліст і летапісец.

Біяграфія Быў нашчадкам Саламона Лурыі, і яго радавод выводзіўся ад эльзаскага талмудыста ХІ ст. Рашы. Быў рабінам у Глуску да 1711 года, калі яго паклікалі ў рабінат Мінска, дзе таксама ўзначальваў ешыбот да сваёй смерці. Гейльпрын быў адным з самых выбітных талмудыстаў свайго часу. Ён быў праціўнікам казуістыкі і таму здолеў сабраць вакол сябе вялікую колькасць ліберальна настроеных вучняў. Доўгі час яму давялося весці цяжкую барацьбу з Ар’е Лейбам бен Ашэрам, які, заснаваў новы ешыбот у Мінску. Ар’е Лейб нападаў на метад выкладання Гейльпрына, і антаганізм паміж імі распаўсюдзіўся на іх вучняў. Гейльпрын урэшце здолеў дабіцца выгнання бен Ашэра з Мінску.

Гейльпрын прысвяціў частку свайго часу вывучэнню Кабалы, па якой ён напісаў працу.

Седэр ха-Дорот (Seder HaDorot) Гейльпрын асабліва вядомы дзякуючы свайму твору «Seder Hadoroth». Гэты твор складаецца з трох незалежных тамоў або частак:

Першая з іх, пад назвай «Seder Yemoth Olam», — гэта гісторыя ад стварэння свету да яго ўласнага часу. Аўтар заўсёды імкнецца даць, з дапамогай вылічэнняў, даты біблейскіх персанажаў. Апошняя падзея, якую ён зафіксаваў, адбылася ў 1697 годзе. Другая частка, «Seder Tannaim Veamoraim», змяшчае спісы танаімаў і амораімаў (мудрацоў часоў Мішны і Талмуда) у алфавітным парадку з указаннем дат іх жыцця. Трэцяя частка — гэта своеасаблівы каталог, які змяшчае спачатку імёны ўсіх аўтараў, затым імёны іх твораў, размешчаныя ў алфавітным парадку. У прадмове ён адзначае шматлікія перавагі ведання храналагічнага парадку талмудыстаў, што ў некаторых выпадках абсалютна неабходна.

Пасля ўсёй працы ідуць нататкі па Талмудзе, таксама размешчаныя ў алфавітным парадку. Упершыню быў апублікаваны ўнукам Гейльпрына, Іудай Лёбам Гейльпрынам, у Карлсруэ ў 1769 годзе. Аднак у гэта выданне закралася шмат памылак, новае, перагледжанае выданне было зроблена ў Варшаве ў 1882 годзе, якое стала асновай для далейшых публікацый.

З шматлікіх іншых прац адзінай апублікаванай з’яўляецца «Erke HaKinnuyim» — слоўнік сінонімаў і амонімаў, якія сустракаюцца ў Бібліі, Талмудзе і іншых працах, галоўным чынам кабалістычных (Дзіхернфурт, 1806).

Сцвярджаў, што Арыстоцель вучыўся з кніг Саламона, калі Аляксандр Македонскі заваяваў Іерусалім. Таксама сцвярджаў, што Арыстоцель прыняў іўдаізм у сталым узросце і адмовіўся ад сваёй «Метафізікі».

Памяць Захаваўся ў памяці наступных пакаленняў як "Седэр а-дарот", па назве сваёй галоўнай працы. Быў пахаваны на яўрэйскіх могілках у Мінску, дзе над яго магілай быў узведзены склеп. У мясцовай яўрэйскай супольнасці пашырана легенда, што ў 1930-я гады, калі яўрэйскія могілкі былі знішчаны дзеля будаўніцтва стадыёна "Дынама", тры рабочых пацярпелі пры спробе разбурыць склеп славутага рабіна.

Крыніцы

Катэгорыя:Гісторыкі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Рабіны Беларусі Катэгорыя:Рабіны Катэгорыя:Ешыботы Беларусі Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі