По́льскія перакла́ды Бі́бліі — сукупнасць перакладаў Святога Пісання на польскую мову, што ўзнікалі, верагодна, з XIII стагоддзя. Гэтыя пераклады паходзілі з розных канфесійных асяродкаў. Першыя пераклады ствараліся перадусім з лацінскай мовы, а пазней звычайна з моў арыгіналу. Як і ў іншых краінах хрысціянскага свету, пераклады Бібліі былі адной з найважнейшых сфер пісьменнасці. Найстарэйшыя належаць да літаратурных помнікаў польскай мовы.
Найстарэйшы аб’ёмны біблейскі кодэкс эпохі рукапіснай традыцыі — гэта Біблія каралевы Соф’і, завершаная ў 1453—1455 гадах. Першы польскі Новы Запавет у перакладзе Станіслава Муржыноўскага быў надрукаваны ў 1553 годзе, а першы поўны пераклад усяго Святога Пісання — Біблія Леапаліты — у 1561 годзе.
У цяперашні час афіцыйным і найбольш папулярным перакладам у Польшчы з’яўляецца Біблія тысячагоддзя, падрыхтаваная ў 1965 годзе да тысячагоддзя хрышчэння Польшчы.
Гісторыя
Сярэднявечныя пераклады Польскія пераклады поўнае Бібліі з’явіліся параўнальна позна, і да нашых часоў не дайшоў ніводзін з рукапісаў перакладу Бібліі або Новага Запавету. Аднак засталіся сляды існавання польскіх перакладаў, датаваных ужо XIII стагоддзем — сярод іх між іншага пераказ пра «Псалтыр» 1280 года, перакладзены для каралевы Кінгі, які, аднак, не захаваўся.
Тэкст гэтага Псалтыра цягам двух з паловай стагоддзяў згадваўся ў асабістых спісах, пастаянна прыстасоўваўся да практычнага ўжытку і выпраўляўся. Найстарэйшы пераклад, што захаваўся — «Псалтыр каралевы Ядвігі» (каля 1395—1405) — лічыцца спісам (копіяй) «Псалтыра Святой Кінгі». Рукапіс таксама называюць «Фларыянскім псалтыром» паводле месца свайго стварэння — манастыр Святога Фларыяна каля Лінца.
Вядома яшчэ некалькі спісаў «Псалтыра Святой Кінгі»: «Пулаўскі псалтыр» другой паловы XV стагоддзя і «Кракаўскі псалтыр» 1470 года, які таксама называюць «Псалтыром Ветара», бо ён быў двойчы перавыдадзеная ў Кракаве Геранімам Ветарам у 1532 і 1535 гадах. Фрагменты перакладзеных на польскую мову або парафразаваных псалмоў таксама знойдзеныя ў «Карце Свідзінскага», «Малітвах Вацлава» ці «Вігіліях за памерлых людзей».
Захаваліся шмат фрагментаў, якія дазваляюць меркаваць, што прынамсі Евангеллі мусілі быць перакладзеныя на польскую мову ўжо ў XV стагоддзі, што адкрыў прафесар Аляксандр Брукнер. Гэты тэзіс таксама пацвярджаюць гэтак званы «Евангеліяр» са збораў Бібліятэкі ардынацыі Замойскіх у Варшаве, «Евангеліяр Яна Сандэцкага», надрукаваны праўдападобна ў 1526—1527 гадах, «Пшэмыскія разважанні» XV—XVI стагоддзяў, рукапіс якіх амаль цалкам змяшчае Евангелле паводле Мацвея, злучанае з іншымі Евангеллямі. Пра існаванне сярэдневяковага перакладу Новага Запавету ўскосна сведчыць таксама выдадзены ў 1556 і 1558 гадах у кракаўскай афіцыне Шафенберга гэтак званы «Новы Запавет Шафенберга», у тэксце якога бачныя ўплывы сярэдневяковага ананімнага перакладчыка. Польскі мовазнаўца Ян Янаў вылучыў тэзу пра існаванне прынамсі двух сярэдневяковых перакладаў Евангелля. Аднак ніводзін з перакладаў не дайшоў да цяперашняга часу, і захаваліся толькі ўрывак Евангелля паводле Лукі (1,45—51) і фрагмент Евангелля паводле Мацвея (раздзел 25), датаваныя прыкладна 1450 годам.
Гісторык Станіслаў Сарніцкі (1532—1595) паведамляў, што ў Польшчы даўней Біблія мелася толькі ў трох месцах: у караля, у архібіскупа і ў доме Астрарогаў. Адзіны вядомы рукапіс, верагодна цэлай Бібліі, датаваны II паловай XV стагоддзя, носіць назву «Біблія каралевы Соф'і» або «Шарошпатацкая Біблія». Вядомыя таксама некалькі іншых фрагментаў польскіх перакладаў, да якіх залічаныя фрагмент Кнігі Роду, Кнігі Зыход і Святарскай кнігі, а таксама гэтак званая «Евангельская гармонія».
Поўныя пераклады Першыя поўныя пераклады Бібліі на польскую мову з’явіліся ў часы Рэфармацыі. Гэта былі непасрэдныя пераклады з арыгінальных моў: іўрыту, арамейскай і грэчаскай. Імі сталі кальвінская «Брэсцкая Біблія» (таксама вядомая як Радзівілаўская) 1563 года (першы пераклад поўнай Бібліі з арыгінальных моў), арыянская «Нясвіжская Біблія» 1570—1572 і лютэранска-кальвінская «Гданьская Біблія» (1632). Першы поўны пераклад у каталіцкай традыцыі (з лацінскага перакладу XV стагоддзя) завецца «Бібліяй Леапаліты» ці Шафенбергаўскай (1561).
Да нядаўняга часу шматвекавой папулярнасцю карысталіся каталіцкая «Біблія ксяндза Вуйка» (Новы Запавет — 1593, Псалмы — 1596, цалкам выдадзеная ў 1599) і пратэстанцкая «Гданьская Біблія».
На пераломе XIX—XX стагоддзяў з’явіўся новы пераклад Торы і большасці кніг Старога Запавету, перакладзены з арыгінальных моў Ісаакам Цылкавым. Да Цылкава ў 1891 годзе ў Вене быў выдадзены пераклад іўдзейскай Бібліі «Свяшчэннае Пісанне ўсяго Старога Запавету яўрэйскае і польскае».
Сучасныя пераклады Каталіцкія пераклады, выкананыя з арыгінальных моў, з’явіліся толькі ў другой палове XX стагоддзя. Першым з іх была «Біблія тысячагоддзя», якая перакладалася пад кіраўніцтвам бенедыкцінцаў з Тынца. Першае выданне гэтага перакладу з’явілася ў 1965 годзе.
У 1975 з’явіўся новы пераклад Бібліі, выдадзены Брытанскім і замежным Біблейскім таварыствам. Гэты пераклад вядомы як «Варшаўская Біблія», цяпер гэта найпапулярнейшая Біблія ў евангельскіх і евангелісцкіх колах.
Таксама ў 1975 з’явілася поўнае выданне Пазнаньскай Бібліі.
У перакладзе Бібліі спрабавалі свае сілы некаторыя літаратары, сярод якіх Артур Сандаўэр (пераклаў Кнігу Роду), Чэслаў Мілаш (Псалмы, Песня песняў, Кніга Ёва) і Раман Брандштэтэр (Кніга Ёва, Псалмы).
Вядзецца праца над першым на польскай мове экуменічным перакладам Свяшчэннага Пісання: Экуменічнай Бібліяй. У працы бяруць удзел дваццаць перакладчыкаў з сямі цэркваў, а кансультуюць агулам адзінаццаць цэркваў. Пакуль выдадзены Новы Запавет і Псалтыр.
У 2006 годзе скончаны першы паваенны іўдзейскі пераклад Торы, здзейснены рабінам доктарам Сахам Пецарыцам.
У 2008 годзе выйшаў падрыхтаваны Таварыствам Святога Паўла пераклад, вядомы як Біблія паўлітаў.
Існуюць адаптацыі Новага Запавету на рэгіянальныя гаворкі або пэўныя жаргоны мовы: Сілезская Біблія Падгальскі Новы Запавет хіп-хоп версія Евангелля Святога Яна
Рада польскай мовы падвяргае адаптацыі гэтых тыпаў рэзкай крытыцы. Падкрэсліваецца, што ў дадзеных выпадках тэрмін «пераклад» не адпавядае тэрміналогіі, прынятай у Каталіцкай царкве, якая паводле рашэння Другога Ватыканскага сабора называе такімі толькі пераклады з арыгінальных моў.
Гл. таксама Пераклады Бібліі
Крыніцы
Спасылкі
Польскія пераклады Бібліі // Свет Бібліі Анталогія польскіх перакладаў Бібліі па Другой сусветнай вайне Біблейскае таварыства ў Польшчы Онлайн-версіі розных перакладаў Бібліі