Васіль Дмытрыюк, укр. Василь Дмитріюк (1 студзеня 1890, Кастамалоты, Бельскі павет — 11 лістапада 1973, Бафала) — лекар з Брэста, палітык, пасол польскага Сейма (1922—1927) ад Палескага ваяводства, актывіст украінскага руху.

Біяграфія Нарадзіўся ў надбужанскім сяле Кастамолоты пад Брэстам у сялянскай сям’і. Скончыў Холмскую духоўную семінарыю і медыцынскі факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. У час вучобы быў сябрам украінскіх арганізацый, украінскага хору. Доктар медыцынскіх навук.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, быў лекарам 4-й дывізіі расійскай арміі на Паўднёва-Заходнім фронце. У 1917—1918 гадах лекар Гайдамацкага каша Слабадской Украіны. З 1918 года працаваў упаўнаважаным Міністэрства Здароўя УНР у Холмскім губернскім старастве з цэнтрам у Брэсце.

З 1919 года працаваў у некалькіх бальніцах Брэста, у прыватнасці ў сучаснай бальніцы № 1 на Граеўцы (у 1918 годзе — Украінская бальніца), у Яўрэйскай бальніцы.

На парламенцкіх выбарах 1922 года абраны дэпутатам у польскі Сейм ад украінскіх партый Палескага ваяводства (разам з Сяргеем Хруцкім). Іх намаганнямі 23 сакавіка 1923 года польскія ўлады далі дазвол на дзейнасць арганізацыі «Просвіта на Палессі», у статуце якой гаварылася, што яе мэта — культурна-асветніцкая праца сярод мясцовага насельніцтва і азнаямленне яго з украінскай мовай і літаратурай.

Дмытрыюк стаў першым кіраўніком «Просвіты на Палессі» (кіраўнікі змяняліся кожныя паўгода, Дмытрыюк быў на гэтай пасадзе таксама ў 1926, 1929, 1930).

Арганізатар і старшыня Сялянскага з’езда ў Брэсце 24 верасня 1922 года.

Як пасол Сейма ў 1922—1924 гадах склікаў вечы (сустрэчы з выбаршчыкамі) у Жабінцы, на Кобрыншчыне — у вёсках Барысаўка, Макраны, у Дамачаве, Тэўлях, Стрыгаве, Гарадцы.

Сябра Камісіі па пытаннях грамадскага дабрабыту і сувязі, праз якую атрымаў ад Сойма 30 тысяч злотых на дапамогу інтэрнаваным украінскім вайскоўцам УНР. Сакратар Камісіі па ахове здароўя ў Сейме.

Заснаваў у Брэсце Прыватную ўкраінскую школу імя Алексы Старажэнкі.

Быў сярод тых, хто 22 чэрвеня 1927 года звярнуўся ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы з просьбай зарэгістраваць філіял украінскага таварыства «Рідна школа» ў Брэсце. У снежні 1928 года быў намеснікам старшыні Брэсцкага аддзела гэтага таварыства.

Вёў прыватную практыку, працаваў у «Касе хворых».

У 1933 годзе пераехаў у Тэрэспаль і працаваў там доктарам.

Жыў у Брэсце ва ўласным доме па адрасе Касцюшкі, 3 (цяпер — вуліца Гогаля, 19).

Арыштаваны польскімі ўладамі 3 верасня 1939 года, утрымліваўся ў лагеры ў Дзівіне.

У час нацысцкай акупацыі вёў прыватную практыку ў Тэрэспалі. Узначаліў мясцовую філію Украінскага камітэта дапамогі.

Сярод іншых украінскіх актывістаў рэгіёна быў арыштаваны гестапа ў 1943 годзе і зняволены ў брэсцкай турме. Выжыў, перабраўся ў Варшаву, адкуль быў вывезены ў канцлагер Маўтгаўзен. Пасля вайны разам з жонкай эміграваў у ЗША, дзе цяпер жывуць яго нашчадкі. Дзеяч украінскага руху ў замежжы. Быў арганізатарам Украінскай Нацыянальнай Рады, збіраў сродкі на яе ўтрыманне. Член Медыцынскага таварыства, БУДУ — Брацтва Украінскай Дзяржаўнасці.

У 1950—1967 гадах працаваў у бальніцах ЗША.

Памёр у Бафала (штат Нью-Ёрк).

Аўтар успамінаў «Дарогамі вайны і міру».

Сям’я Жонка — Аляксандра Дмытрыюк (у дзявоцтве Крыніцкая), дачка праваслаўнага святара Ігнація Крыніцкага. У шлюбе з 1920 года.

Актывістка «Просвіты», арганізатарка кааператыўнага руху, заснавальніца брэсцкага аддзела Саюза ўкраінак, праваслаўная актывістка, выступала за ўкраінскую мову ў набажэнствах. Яе браты Васіль Крыніцкі (1889-?) і Уладзімір Крыніцкі (1883—1954) былі вядомымі брэсцкімі адвакатамі.

Брат — Карпо Дмытрыюк (1885—1921), украінскі грамадскі дзеяч Холмшчыны, педагог. Памёр і пахаваны ў Брэсце.

Дзядзька — архіепіскап Рускай праваслаўнай царквы Флавіян.

Памяць У 2019 годзе Украінскі навукова-педагагічны саюз «Берагіня» заснаваў Берасцейскую літаратурную прэмію імя Васіля Дмытрыюка, якая ўручаецца за найлепшы літаратурны твор на ўкраінскай мове на брэсцкую тэматыку.

Зноскі

Катэгорыя:Дэпутаты Сейма Польскай Рэспублікі (1918—1939) 1 склікання Катэгорыя:Постаці Брэста Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі