Gazeta Narodowa Wileńska (Газэта Народова Віленьска, літаральна — «Віленская нацыянальная газета») — польскамоўнае перыядычнае выданне, якое выходзіла ў Вільні падчас Паўстання 1794 года. Было афіцыйным органам Найвышэйшай Літоўскай Рады — рэвалюцыйнага ўрада Вялікага Княства Літоўскага.
«Gazeta Narodowa Wileńska» змяшчала распараджэнні паўстанцкіх уладаў, адозвы, паведамленні пра ход паўстання, матэрыялы пра палітычныя падзеі ў ВКЛ і за яго межамі.
Гісторыя Першы нумар выйшаў 4 мая 1794 года пад падзагалоўкам: «Z rozkazu Najwyższej Rady» («З загаду Найвышэйшай Рады») — да 5-га нумара ўключна. З 6-га да 12-га нумара (11 чэрвеня) падзагаловак змяніўся на «Z rozkazu Rady Narodu Litewskiego» («З загаду Рады Народу Літоўскага»). З другога нумара з’явіўся дэвіз «Virtus non territa monstris» («Мужнасць не баіцца пачвараў»).
Газета выходзіла два разы на тыдзень — у нядзелю і сераду, у фармаце folio, з наборам у дзве калонкі. Кожны нумар меў 6 аркушаў (з магчымымі дадаткамі). Выдавалася да 6 жніўня 1794 года, усяго было надрукавана 28 нумароў.
Рэдактарам выдання быў ксёндз Піліп Нерыуш Галянскі — прафесар Галоўнай школы ВКЛ, пры ўдзеле прафесара Міхала Францішка Карповіча. Друкавалася ў базыльянскай друкарні.
З 1 ліпеня 1794 года была ўведзена платная падпіска на квартал. Дакладныя звесткі пра наклад і ахоп выдання невядомыя.
Крыніцы
Спасылкі
Лічбавае выданне ўсіх 28 нумароў у Jagiellonian Digital Library
Катэгорыя:Газеты Вільні на польскай мове Катэгорыя:Газеты Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Паўстанне 1794 года Катэгорыя:1794 год у Вільні