Брэсцкая ўкраінская бальніца, укр. Українська лічниця — галоўная лячэбная ўстанова Брэста ў 1918—1919 гадах.

Была адкрытая ў Брэсце ў 1918 годзе пасля ўваходжання Берасцейшчыны ў склад УНР. Месцілася спачатку на вул. Касцюшкі (цяпер вуліца Гогаля), са жніўня 1918 года перанесеная на Граеўскую Слабодку ў памяшканне былога чыгуначнага лазарэта (цяпер будынак бальніцы №1 на вуліцы Кіжаватава, 76).

Ва ўкраінскай лякарні працавалі дактары розных нацыянальнасцей: яўрэі, палякі, украінцы. Галоўны ўрач — хірург Капысцянскі, намеснік – гінеколаг П. Кароль, лекары Ганкевіч, Лучко, Урбан, Бекарэвіч. Лекарам для даручэнняў працаваў берасцейскі ўкраінец Васіль Дмытрыюк, будучы дэпутат польскага Сейма. З успамінаў Дмітрыюка вядома, што дактараў з Брэста адпраўлялі ў Кіеў па лекі, перавязачны матэрыял і бялізну (часта беспаспяхова).

Бальніца запоўнілася хворымі з вяртаннем бежанцаў Першай сусветнай вайны. У лютым 1919 года, з далучэннем Брэста да Польшчы, украінскую лякарню перайменавалі ў эпідэмічны шпіталь польскага войска ў Брэсце-Літоўскім, узначаліў яго паляк, доктар Т. Такаржэўскі. Лекарам-украінцам прапанавалі заставацца і змагацца з эпідэміяй сыпнога тыфу. Доктар Дмытрыюк успамінаў: «Наведваючы хворых, якіх у горадзе і вёсках было шмат, заразіўся і я сам. У вельмі цяжкім стане мяне сам доктар Такаржэўскі адвёз у шпіталь. Я страціў прытомнасць і ў такім стане быў каля трох тыдняў. Дзіўныя сны-відзяжы я бачыў. Здавалася мне, што я – галоўны загадчык гаспадарчай часткай польскага войска і ў мяне прапала 2000 ботаў. Мне пагражае суд і кара. Я бягу ва ўкраінскую армію. Уцёкі вельмі лёгкія: адчыніў дзверы ў суседні пакой і я ўжо сярод украінцаў. Галоўны атаман Сымон Пятлюра супакоіў мяне і распарадзіўся адправіць для папраўкі здароўя ў Адэсу на ліманы… Мала хто з персаналу спадзяваўся, што я выжыву. У шпіталі праляжаў я больш за тры месяцы. З ўдзячнасцю павінен адзначыць, што найбольшую апёку дала мне старэйшая сястра-полька, пані Залеска: кожны дзень прыходзіла да мяне і прыносіла з кухні нешта піць і есці і падтрымлівала мяне на духу.Калі я яшчэ быў вельмі слабы і з’явіўся ў горадзе, то тыя, хто ведаў мяне перад хваробай, беглі ад мяне як ад нейкага прывіду, таму што разышлася пагалоска, што мяне ўжо няма ў жывых».

Крыніцы

Катэгорыя:Бальніцы Брэста Катэгорыя:1918 год у Брэсце Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі