Бібліяфільства (ад  — кніга +  — любоў; літаральна «любоў да кнігі») — збіранне і вывучэнне рэдкіх і каштоўных выданняў. Спрыяе стварэнню кнігазбору, зберажэнню рэдкіх выданняў, адметных якасцю друку, ілюстрацыямі, пераплётамі, аўтографамі іх уладальнікаў і інш..

Гісторыя

У свеце Збіранне твораў пісьменства вядома са старажытных часоў на Усходзе, у Старажытнай Грэцыі і Рыме. У сярэднявеччы ў Заходняй Еўропе існавалі прыватныя зборы рукапісных кніг. Пасля вынаходства кнігадрукавання ў XV стагоддзі ў калекцыях бібліяфілаў галоўнае месца занялі друкаваныя выданні. Найбольшую каштоўнасць маюць зборы старажытных рукапісаў, кнігі XVI—XVII стагоддзяў, першыя выданні класікаў літаратуры, творы, забароненыя цэнзурай, а таксама калекцыі, прысвечаныя асобным галінам ведаў.

У Расіі бібліяфільства ўзнікла ў XVI стагоддзі. Вядомыя кнігазборы Сімяона Полацкага, Я. Бруса, А. І. Мусіна-Пушкіна, Дз. П. Бутурліна, М. П. Румянцава, М. П. Ліхачова і іншых. Выдаваліся спецыяльныя часопісы «Антиквар» (1902—1903) і «Русский библиофил» (1911—1916). Дзейнічалі «Рускае бібліялагічнае таварыства» (1899—1916), «Рускае таварыства сяброў кнігі» (1920—1929, Масква), «Таварыства бібліяфілаў» (1923—1931, Ленінград). У 1974 годзе было створана Усесаюзнае добраахвотнае таварыства аматараў кнігі. З 1992 года дзейнічае Міжнароднае таварыства кнігалюбаў.

На Беларусі На Беларусі бібліяфільства вядома з XVI стагоддзя. Значныя прыватныя кнігазборы былі ў Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Сапегаў у Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне, Храптовічаў у Шчорсах, Паскевічаў у Гомелі, Масальскіх у Белічанах, Оштарпаў у Дукоры, Юндзілаў у Івацэвічах, Тызенгаўзаў у Паставах. Каштоўныя кнігазборы мелі браты В. і К. Каліноўскія, А. К. Ельскі, Б. І. Эпімах-Шыпіла. У дзяржаўныя кнігасховішчы Беларусі паступілі прыватныя кнігазборы вучоных Я. Ф. Карскага, М. А. Янчука, П. Н. Беркава, А. Я. Багдановіча.

У 1926—1929 гадах дзейнічала Беларускае таварыства бібліяфілаў. У 1974 годзе было створана Добраахвотнае таварыства аматараў кнігі Беларусі, якое з 1991 года носіць назву Беларускае таварыства «Кніга». Таварыства выдае альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Кнігазнаўства Катэгорыя:Хобі Катэгорыя:Калекцыяніраванне