«Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» () — манаграфія польскага гісторыка Дароты Міхалюк, упершыню выдадзеная на польскай мове ў 2010 годзе. У 2015 годзе выйшаў беларускі пераклад. Лічыцца грунтоўнай, энцыклапедычнай працай па гісторыі БНР.

Апісанне У манаграфіі даследуюцца ўмовы, у якіх нарадзілася і развівалася ідэя беларускай дзяржаўнасці: ад канцэпцыі палітычнай аўтаноміі да абвяшчэння незалежнай дзяржавы 25 сакавіка 1918 года Трэцяй Устаўной граматай. Аўтарка аналізуе дзейнасць урадаў БНР, іх спробы атрымаць міжнароднае прызнанне, а таксама дасягненні і няўдачы ў знешняй палітыцы. Шмат увагі надаецца аналізу міжнацыянальных адносін і палітычнага светапогляду жыхароў Беларусі.

Храналагічна праца завершана лютым 1920 года — момантам падзення ўрада Антона Луцкевіча. На думку аўтаркі, гэта азнаменавала развал беларускага незалежніцкага лагера і страту ўрадам БНР здольнасці дзейнічаць.

Крыніцы Праца грунтуецца на шырокай архіўнай базе. Аўтарка выкарыстала матэрыялы з Архіва новых актаў у Варшаве, Цэнтральнага вайсковага архіва, Архіва канцылярыі прэзідэнта ў Празе, Дзяржаўнага архіва ў Любліне, Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва ў Вільні, Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, расійскіх і ўкраінскіх архіваў. Таксама выкарыстоўваліся дакументальныя публікацыі, успаміны, прэса таго перыяду і больш за 200 навуковых распрацовак.

Тэматыка і асноўныя пытанні Манаграфія з’яўляецца па сутнасці дысертацыяй на атрыманне навуковай прафесарскай ступені, таму вызначаецца метадалагічнай дакладнасцю.

Найбольш наватарскай часткай працы лічыцца разгляд канцэпцый межаў БНР. Даследчыца звяртае ўвагу на непадрыхтаванасць беларускай дэлегацыі (у складзе А. Цвікевіча, С. Рак-Міхайлоўскага і інш.) да перамоў з прадстаўнікамі УНР наконт межаў. Беларускі бок не меў папярэдне распрацаванай агульнай пазіцыі і абапіраўся пераважна на этнічную карту Я. Карскага (1903), у той час як украінскі бок меў падтрымку навуковага асяроддзя Кіеўскага ўніверсітэта. Перамовы былі спынены толькі дзякуючы ўмяшанню прафесара М. Доўнара-Запольскага.

Раздзел «Урад Антона Луцкевіча на міжнароднай арэне» падрабязна аналізуе фармаванне беларускай дыпламатыі. Сярод поспехаў адзначаюцца прыхільнасць прэзідэнта Чэхаславакіі Т. Масарыка, згода Германіі на выдачу пашпартоў БНР і прызнанне ўрада БНР дэ-факта з боку Фінляндыі ў снежні 1919 года. Адначасова паказваюцца і няўдачы: Францыя лічыла Беларусь часткай Расіі, узнікалі непаразуменні з Літвой, а дыпламатычны візіт А. Луцкевіча да І. Падарэўскага ў Варшаву скончыўся фактычным зрывам сустрэчы з-за правакацыі польскага боку.

Таксама ў кнізе разглядаюцца праблемы фармавання войска БНР, бежанства падчас Першай сусветнай вайны і паланізацыі на Гарадзеншчыне і Віленшчыне пасля адыходу нямецкіх войск.

Гісторыя выдання Кніга з’яўляецца перакладам з польскай мовы манаграфіі Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U źródeł białoruskiej państwowości, якая выйшла ў 2010 годзе ў навуковым выдавецтве Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні.

Беларускае выданне выйшла ў 2015 годзе ў смаленскім выдавецтве «Інбелкульт». Навуковым рэдактарам выступіў Станіслаў Рудовіч, пераклад зрабіў Алесь Пілецкі. Паводле слоў аўтаркі, дзякуючы заўвагам навуковага рэдактара, беларускамоўная версія ў некаторых месцах была ўдакладнена і нязначна адрозніваецца ад польскага арыгінала.

Ацэнкі Рэцэнзент Анастасія Ільіна ў часопісе «Беларускі гістарычны агляд» ахарактарызавала кнігу як «энцыклапедычную працу па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі», якая запаўняе значны прабел у беларускай гістарыяграфіі. Адзначаецца, што ў сучаснай Беларусі гэтая тэма застаецца ў пэўнай ступені забароненай, таму выхад такога грунтоўнага даследавання, нават за мяжой, з’яўляецца важнай падзеяй.

Цэнзура У канцы снежня 2025 года па Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ўнесла кнігу «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» ў спіс забароненых да распаўсюду друкаваных выданняў. Рашэнне было патлумачана тым, што выданне «здольныае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны".

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Кнігі 2010 года Катэгорыя:Кнігі 2015 года Катэгорыя:Кнігі па гісторыі Беларусі Катэгорыя:Беларуская Народная Рэспубліка Катэгорыя:Манаграфіі Катэгорыя:Кнігі, выдадзеныя выдавецтвамі Польшчы Катэгорыя:Кнігі, выдадзеныя выдавецтвамі Расіі