Цэнтр украінскай культуры «Січ» — грамадскае аб’яднанне ўкраінскай дыяспары ў Беларусі, якая дзейнічала ў Мінску з 1995 па 2023 год. Офіс арганізацыі размяшчаўся па вуліцы Народнай, 43.
Гісторыя Аб’яднанне было зарэгістравана 26 снежня 1995 года. Дзейнасць арганізацыі брала пачатак з мэтай садзейнічання захаванню і развіццю ўкраінскай культуры, самаідэнтыфікацыі ўкраінскага этнасу ў Беларусі, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай памяці.
У ліпені 2023 года Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ініцыявала ліквідацыю арганізацыі. 25 ліпеня 2023 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Наталля Фясенка) разгледзеў пазоў і прыняў рашэнне аб ліквідацыі цэнтра.
Ліквідацыя адбылася ў рамках маштабнага пагрому грамадскіх арганізацый, які разгарнуўся ў Беларусі пасля палітычнага крызісу, выкліканага фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Улады разглядалі арганізацыі нацыянальных меншасцей (у тым ліку польскія, літоўскія і ўкраінскія) як інструмент «мяккай сілы» суседніх краін і патэнцыйную пагрозу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Дзейнасць Цэнтр займаўся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў і стварэннем умоў для нацыянальна-культурнага развіцця ўкраінцаў Беларусі. У прыватнасці, у 1999 і 2002 гадах арганізацыя правяла V і VI Рэспубліканскія фестывалі мастацтваў украінцаў Беларусі. Пры цэнтры дзейнічаў хор украінскай песні «Крыніца». Да 2002 года існаваў дзіцячы танцавальны ансамбль, а да 2001 года функцыянавалі школа выхаднога дня і «Клуб сяброў Украіны».
У 2022 годзе цэнтр праводзіў мерапрыемствы памяці класікаў украінскай літаратуры Тараса Шаўчэнкі і Лесі Украінкі, ушанаванне памяці ахвяр Галадамору 1930-х гадоў, а таксама святкаванне Дня незалежнасці Украіны.
Кіраўніцтва Нязменным старшынёй аб’яднання была Валянціна Пятроўна Логвін. У 2025 годзе яна была рэпрэсавана і асуджана па шэрагу крымінальных артыкулаў.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Арганізацыі Мінска Катэгорыя:Арганізацыі ўкраінцаў Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1995 годзе Катэгорыя:1995 год у Мінску Катэгорыя:Арганізацыі, закрытыя ў 2023 годзе